Нацыянальны брэнд

Імпартазамяшчэнне, альбо сыход ад залежнасці ад замежных вытворцаў, — тэма дагэтуль актуальная на спажывецкім рынку рэспублікі і галоўны са складнікаў нацыянальнай бяспекі ў цэлым.

Шырокае кола пытанняў па імпартазамяшчэнні і вытворчасці адпаведных аналагаў айчыннай прадукцыі замест імпартнай неаднаразова падымалася і аналізавалася на самым высокім узроўні — на ўзроўні кіраўніцтва краіны. Паколькі ў гэтым напрамку дзейнасці патрэбна зразумелая дзяржаўная палітыка і дакладная пазіцыя.   

Практыка росту нацыянальных рынкаў многіх краін паказвае, што на сучасным этапе мэтазгодна і выгадна рэалізоўваць практычныя праекты па імпартазамяшчэнні. У якасці прыкладу для Беларусі можа паслужыць вопыт шэрагу дзяржаў Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, Індыі і Кітая, якія даволі паспяхова распачалі і працягваюць замену на ўласных рынках імпартных прадуктаў харчавання, укараняюць у вытворчасць вялікую лінейку спажывецкіх тавараў, асобных відаў нескладанай тэхналагічнай прадукцыі, а цяпер робяць і значныя поспехі ў ажыццяўленні выпуску высокатэхналагічных тавараў.

Канешне, адразу замясціць імпартныя аналагі не атрымаецца, але Беларусь паступова рухаецца ў дадзеным напрамку і мае пэўныя дасягненні ў шэрагу сектараў эканомікі. Робіць якасны штуршок у выпуску на сусветным узроўні складанай бытавой тэхнікі, асобнай наменклатуры высокатэхналагічнага абсталявання, прадукцыі ваенна-прамысловага комплексу, станка- і машынабудавання і многіх запатрабаваных прамысловасцю і насельніцтвам тавараў.

Сапраўдным нацыянальным брэндам нашай краіны, апорай айчыннай харчовай бяспекі ў справе паставак на ўнутраны рынак з’яўляецца сельская гаспадарка і яе разгалінаваная перапрацоўчая галіна. Зараз беларусы амаль стопрацэнтна ўжываюць свае прадукты харчавання: яйкі, мяса, малако, хлебабулачную прадукцыю і гэтак далей. Шмат якая іх доля накіроўваецца на экспарт, забяспечваючы сталае паступленне ў дзяржаўную казну цвёрдай валюты. Па выніках 2018-га аб’ёмы экспарту сельгаспрадукцыі могуць перавысіць 5 мільярдаў долараў.

Летась на аднаго жыхара рэспублікі было выраблена мяса ў два разы больш, чым у Расіі і Казахстане. Па вытворчасці малака на душу насельніцтва Беларусь пераўзышла Казахстан у 2,5 раза, Арменію, Украіну і Расію — у 3—3,6 раза.

Наша краіна працягвае далейшую дыверсіфікацыю экспарту  сельгаспрадукцыі і харчавання. Напрыклад, сёлета аб’ёмы адпаведных паставак у Кітай павінны скласці 100 мільёнаў долараў. Сума можа ўзрасці дзякуючы 1-й Міжнароднай выставе імпарту, што цяпер працуе ў Шанхаі і ў якой бяруць удзел звыш за 80 айчынных вытворцаў.

Асноўная стаўка робіцца на малако і мяса, але набываюць папулярнасць у Паднябеснай і іншыя віды беларускіх харчовых тавараў. Пра гэта днямі, як паведамляе БЕЛТА, тэлеканалу “Беларусь 1” распавёў пасол Беларусі ў КНР Кірыл Руды. Аднак, як сказаў дыпламат, айчынная прадукцыя з-за розных пасрэднікаў у кітайскіх крамах павышаецца ў кошце ад першапачатковай у 5—8 разоў. Кірыл Руды ўпэўнены: каб атрымаць годны і стабільны даход, беларускім вытворцам неабходна актыўна адкрываць уласную вытворчасць і магазіны непасрэдна ў Кітаі, адаптуючы нашу прадукцыю пад густы кітайскіх спажыўцоў. Да таго ж выхад на кітайскі рынак для Беларусі забяспечаны існуючай цяпер развітай транспартнай інфраструктурай, законамі рацыянальнай лагістыкі: праз беларускую тэрыторыю праходзіць чыгунка, якая вядзе з КНР у Еўрасаюз і наадварот. На гэта, безумоўна, скіраваны і транснацыянальны перспектыўны мегапраект “Адзін пояс і адзін шлях”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter