На сцэне Палаца Рэспублікі ў прысутнасці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”

Нацыя моцная сваімі традыцыямі

Іх нямала. Але адна з самых глыбокіх і пранікнёных прымеркавана да дзён Раства Хрыстова
На сцэне Палаца Рэспублікі ў прысутнасці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва і “Беларускі спартыўны Алімп”. Вельмі ўрачысты момант. Ён сімвалізуе шчырую па­дзяку краіны людзям, чыя праца і падзвіжніцкая дзейнасць яе праслаўляюць. Мы ўшаноўваем землякоў, якія дабаўляюць матываў для гонару за нашу Радзіму, робяць нас больш згуртаванымі, а значыць, больш моцнымі. Павіншаваўшы тых, хто сабраўся ў зале, са светлым святам Раства Хрыстова, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што мерапрыемства невыпадкова прымеркавана менавіта да Раства. Прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцяў, маральных і эстэтычных традыцый з’яўляецца адным з галоўных фактараў у развіцці беларускай нацыі, у захаванні яе адзінства. А да чаго можа прывесці пагарджанне імі, паказваюць драматычныя і нават трагічныя падзеі ў нашых суседзяў. На жаль, хваля міжнацыянальных і міжканфесійных канфліктаў, тэрарыстычных пагроз ахапіла сёння ўвесь свет. Прэзідэнт звярнуўся да аўдыторыі, а ў праз яе і да ўсіх нашых грамадзян з такімі словамі:

— У гэтых умовах асаблівую каштоўнасць набываюць адзінства і з’яднанасць народа. Як сказана ў Евангеллі: “Усякае царства, падзеленае само ў сабе, апусцее, і дом, падзелены сам у сабе, падзе”.
Гісторыя вучыць, што толькі мір і згода служаць надзейным падмуркам дабрабыту любой краіны. Беларускі народ заўсёды імкнуўся да стваральнага жыцця, заснаванага на працавітасці, справядлівасці і ўзаемадапамозе. Таму спакон веку пашанай у нас карыстаюцца людзі, якія працуюць у імя падтрымання гэтых асноватворных маральных прынцыпаў.



Прэзідэнт назваў заслугі лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, якія высока цэніць дзяржава і наша грамадства: 

— Мы ўзнагароджваем тых, хто прысвяціў жыццё справам міласэрнасці і дапамогі блізкім...
Адна з галоўных мэт дзяржавы — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на карысць Айчыны. І ў гэты ўрачысты дзень аддавалася даніна павагі людзям, якія дзень пры дні працуюць на дасягненне гэтай мэты...

Бягучы год — гэта год 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка: “У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання памяці аб ёй. Мы аберагаем гістарычную праўду і стараемся атрымліваць з яе бясцэнныя ўрокі. Дзякуючы працы, таленту работнікаў культуры ў мінулым годзе ўведзены ў строй сучасны будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і створана новая экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. 

Прэзідэнт уручыў узнагароду дырэктару мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгору Бысюку.

Наша краіна адкрыта для асваення сусветнага досведу, але, спасцігаючы культуру іншых народаў, важна не растварыцца ў ёй, не страціць сваё аблічча. Узнагарод заслугоўваюць тыя, хто стварае сучасныя творы ў розных жанрах, абапіраючыся на нашу мастацкую спадчыну, светапогляд і традыцыі.

Дзесяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта прысуджаны за яркія работы майстроў мастацтва, аўтарскіх калектываў і арганізацый культуры. Высокай узнагароды ўдастоены спартсмены, якія праславілі краіну на міжнародных арэнах. Мінулы год быў насычаны спартыўнымі падзеямі. Мы прымалі ў сябе чэмпіянат свету па хакеі. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Па заслугах — пашана. Асаблівая падзяка і настаўнікам, якія сёння выхоўваюць будучых чэмпіёнаў. І атлеты, і трэнеры робяць вялікую справу. Прэзідэнт нагадаў, што здароўе нацыі, фізкультура і спорт былі і застаюцца ў сферы асаблівай увагі дзяржавы:

— Мы хочам, каб здаровы лад жыцця, любоў да спорту і актыўнага адпачынку ў людзей розных узростаў таксама сталі добрай традыцыяй. І, вядома, наша краіна павінна прырастаць яркімі трыумфамі прафесійных спартсменаў, якія звязалі сваё жыццё са спортам вышэйшых дасягненняў.
Аляксандр Лукашэнка горача падзякаваў лаўрэатам за прыклад служэння грамадству і шчырай любові да роднай зямлі. Цырымонія пацвердзіла старажытную ісціну: добрыя справы заўсёды ўзнагароджваюцца. Краіна такімі справамі поўніцца. А тыя, хто нясе гэтую місію, заўсёды будуць у заслужанай пашане.

Дакладна

Прэміямі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды — аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля рэлігійнай абшчыны “Прыход храма абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” у Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі пры прыходзе створаны навучальна-вытворчыя майстэрні для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі.

Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце “Вітаўт”. У ліку лаўрэатаў і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад 
у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве.

Лаўрэатам прэміі стаў калектыў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, які дасягнуў значных поспехаў у развіцці здольнасцяў таленавітых і адораных дзяцей і падлеткаў, выхаванні будучых грамадскіх лідараў.

Гэтай узнагароды ўдастоены і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.

Уладзімір Хромаў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter