Трэнд на здаровы лад жыцця набірае абароты

Націснем на кнопку актывацыі

Фізкультурай і спортам рэгулярна займаюцца 22,5 працэнтаў жыхароў краіны, а гэта больш за 2 мільёны чалавек. Мы ўсё больш імкнёмся да актыўнага ладу жыцця, і для гэтага ёсць усе ўмовы: у краіне налічваецца больш за 23 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў, іх наведвальнасць з кожным годам расце. Трэнд на здаровы лад жыцця набірае абароты. Мы пацікавіліся ў нашых чытачоў, як менавіта яны трымаюць сябе ў форме.

Анастасія ВАЛАДЗЬКО, спецыяліст у будаўнічай сферы:

— Спортам займаюся нерэгулярна, але пры першай жа магчымасці. Хаджу на аэробіку, потым у саўну і басейн. Добра, зараз гэта не каштуе шалёных грошай: спартзалы завабліваюць выгаднымі прапановамі, робяць скідкі і даюць бонусы. Займаюся для здароўя і фігуры, а яшчэ памяць трэнірую. Дзесьці прачытала: фізкультура дапамагае жанчынам запамінаць новую інфармацыю. Навукоўцы правялі эксперымент: добраахвотніцы запаміналі імёны мужчын — адна група пасля гэтага ішла займацца аэробікай, іншая адпачывала. Даследаванне паказала: актыўныя жанчыны нашмат лепш запомнілі інфармацыю.

Мікалай ФЯЦІСАЎ, IT-спецыяліст:

— З дзяцінства прафесійна займаўся баскетболам. Потым нешта запусціў, патаўсцеў, і тады зноў узяўся за справу. Праўда, зараз трэніруюся не ў камандзе, а толькі для сябе. Косткі размяць, мяч паганяць. Для мяне гэта лепшы сродак ад стрэсу: загрузіў цела, выключыў галаву… Так і адпачываю. Дарэчы, спорт карысны і для барацьбы з курэннем. Не толькі з псіхалагічнага, але і з фізіялагічнага боку. Даследаванні навукоўцаў паказалі, што фізічныя практыкаванні аднаўляюць актыўнасць пэўных рэцэптараў і дапамагаюць перажыць «сіндром адмены», які з’яўляецца ў былых курцоў.

Кацярына САЎЧАНКА, PR-менеджар:

— Урачы рэкамендуюць займацца фізкультурай, каб так змагацца са старэннем сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вядомы факт: рэгулярныя заняткі спортам памяншаюць рызыку заўчаснай смерці. У актыўных людзей спажыванне кіслароду падчас фізкультуры вырастае на 18 працэнтаў, а гнуткасць сардэчнай мышцы павышаецца на 25. Пры сядзячым ладзе жыцця сардэчная мышца дубянее, што негатыўна адбіваецца на кровазабеспячэнні ў арганізме. Асабіста я вельмі люблю трэніроўкі — часта наведваю трэнажорную залу. Калі часу на перамяшчэнні па горадзе няма, застаюся займацца дома: па роліках з Ютуба.

Раман АСІНСКІ, эканаміст:

— Спорт, як вядома, не толькі дапамагае пазбавіцца ад лішняга тлушчу і цэлюліту, але яшчэ ратуе ад хандры. Любая фізічная актыўнасць павялічвае выпрацоўку эндарфінаў, і настрой павышаецца. Як кажуць псіхіятры, рэгулярныя прабежкі і зарадка часта больш эфектыўныя, чым антыдэпрэсанты ў таблетках. Лічыцца, што аматары спорту на 25 працэнтаў радзей пакутуюць ад апатыі і прыніжанай самаацэнкі, чым пасіўныя людзі. Я, напрыклад, шмат часу праводжу за пісьмовым сталом. Але па выхадных, а часам і ў буднія дні па вечарах іду гуляць у футбол. Гэта сапраўдны кайф: цела працуе, а галава потым свежая. Лепшы адпачынак.

Марыя МАКСІМАВА, перакладчык:

— Я не фанат трэнажоркі і спартзалы. Затое люблю катацца на веласіпедзе: езджу на працу, на сустрэчы з сябрамі — куды заўгодна. Імкнуся пазбягаць паездак на грамадскім транспарце, таму часта хаджу пешшу.  Я ўжо заўважыла: падчас прагулкі ў мяне заўсёды прыток ідэй. Нават павольны шпацыр вакол офіса мне прыносіць велізарнае задавальненне і карысць. Дарэчы, неяк натрапіла на вынікі даследавання са Стэнфардскага ўніверсітэта: там з дапамогай розных эксперыментаў выявілі, што хадзьба можа павысіць творчы патэнцыял да 60 працэнтаў. Актыўныя людзі штодзень натхняюцца, знаходзяць новыя шляхі вырашэння праблем. Так што хопіць сядзець на месцы!

Юлія IОСIФАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter