Натхняльны подых вясны

Сакавіцкі творчы каляндар Мінскай вобласці багаты на падзеі

Сакавіцкі творчы каляндар Міншчыны багаты на падзеі

З кожным днём водар вясны ўсё больш адчувальны ў паветры. І яго ўжо не перамагчы. Таму натуральна, што творчыя людзі пачалі адчуваць асаблівы прыліў натхнення, якое не замінула праявіцца ў канкрэтных справах. Літаральна ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны адчувальна ажывілася канцэртнае і фестывальнае жыццё. Напрыклад, у горадзе шахцёраў дзяўчаты рыхтуюцца праявіць сябе ў творчым конкурсе «Вясна ў стылі рэтра». Выхаванцы музычнай школы з Жодзіна зноў парадавалі гараджан цікавым канцэртам «Маладыя таленты». Сапраўдныя авацыі атрымала сямігадовая Аліса Фаміч, якая ў мінулым годзе прыняла ўдзел аж у чатырох конкурсах, а ў адным з іх пад патранатам маэстра Міхаіла Фінберга стала лаўрэатам першай прэміі ў сваёй узроставай групе. Юныя валожынскія майстры адзначыліся на рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прывезлі дадому 12 дыпломаў.

А вось у Мядзельскім раёне пачалі ствараць свой гімн. Да 30 красавіка паэты і кампазітары могуць прадстаўляць у спецыяльную камісію прапановы тэкстаў і музыкі. Важная ўмова — твор павінен адпавядаць статусу раёна як самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якая мае сваю індывідуальнасць і гісторыка-культурную каштоўнасць. Лепшыя ўзоры будуць абраны для стварэння ўрачыстай песні. У Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеі сотняй вытанчаных кветак зіхаціць выстава нацыянальных касцюмаў з Кітая.

Лепшыя таленты збяруць і абласныя творчыя падзеі. IX фестываль дзіцячага тэатральнага мастацтва «Чароўны куфэрак» пакліча ў Любань, адкрыты форум цымбалістаў «Срэбны звон цымбалаў» — у Маладзечна, а XV конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя І. Янкоўскага «Залатая труба» — у Стоўбцы. Выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў пакажуць сваё майстэрства ў час конкурсу імя А. Новікава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter