Натхненне Яхiмоўшчынай

Знакамiтая   вёска рыхтуецца   годна   i   прыгожа   адзначыць   125-годдзе   Янкi   Купалы

Знакамiтая   вёска рыхтуецца   годна   i   прыгожа   адзначыць   125-годдзе   Янкi   Купалы

Тут шмат што захавалася з таго, што некалi малады Янка бачыў сваiмi вачамi. Найперш бровар цi вiнакурны заводзiк, куды ён iнтэлiгентным юнаком прыйшоў, як потым казаў сам, “шукаць лёгкага хлеба” i працаваў памочнiкам вiнакура. Непадалёку сядзiбны дом апошняга ўладальнiка гэтых зямель i промыслаў пана Сiнтаржэцкага, у якiм зараз месцiцца кантора СВК “Яхiмаўшчызна” (памылкi ў назве няма, бо вёска мае два найменнi: сучаснае — Яхiмоўшчына i больш старадаўняе, гiстарычнае — Яхiмаўшчызна). 

А самая галоўная адметнасць – былая летняя пан-ская кухня, дзе ў адным з пакойчыкаў калiсьцi жыў вiнакур Янка, а з 2001 года дзейнiчае фiлiял Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Я. Купалы. Гэтая будынiна захавана ў тым выглядзе, што мела ў бытнасць паэта, тады як чатыры iншыя фiлiялы купалаўскай спадчыны  знаходзяцца ў пабудовах, узведзеных нанава. I гэтым яна дарагая як яхiмоўшчынцам, так, спадзяюся, i ўсiм беларусам. 

Загадчыца фiлiяла Святлана Цiс вядзе нас па пакоях, паказвае экспазiцыю, рэчы таго часу, сабраныя вяскоўцамi падчас i пасля адкрыцця музея. Адна жанчына перадала ў дар музею самавар, з якога неаднойчы пiў гарбату Янка, калi прыходзiў у госцi да яе бацькоў. 

— У Яхiмоўшчыне Луцэвiч пачынаў як паэт, — нагадвае нам Святлана Цiс. – Тут нараджалася яго першая кнiжка “Жалейка”, для яе напiсана каля палавiны вершаў, у тым лiку вядомы верш-споведзь “А хто там iдзе?”, пераведзены пасля на многiя мовы свету. Ён ад-крыў iншым народам душу i памкненнi беларусаў. 

Да 125-гадовага юбiлею паэта рыхтуецца i фiлiял, i ўся вёска. Увогуле, тутэйшым жыхарам, можна сказаць усяму наваколлю, пашанцавала двойчы. Па-першае, той акалiчнасцю, што тут пакiнуў шчыры след духоўнасцi зямляк-пясняр, а яшчэ таму, што гэту духоўную спадчыну працягвае цяперашнi кiраўнiк гаспадаркi Генадзь Бажко. Звыш 20 гадоў узначальвае ён хлебаробскi калектыў. I сам з тутэйшых, з вёскi, якая цяпер носiць паэтычную назву Зоранька, выдатна валодае беларускай мовай, таксама добра ведае творчасць Янкi Купалы. 

Генадзь Iванавiч загарэўся iдэяй комплексна добраўпарадкаваць цэнтр вёскi, аб’екты, звязаныя з бiяграфiчным следам Купалы, а таксама сажалку з востравам, вакол якiх звычайна ладзяцца ўсе святы. Памкненнi ўхвалены Маладзечанскiм райвыканкомам, фiнансавую падтрымку абяцаў мiнiстр аховы прыроды i прыродных рэсурсаў Лявонцiй Харужык. Праўда, гэты праект не сёлетняга года — зойме пэўны час. Але вяскоўцы вераць у ажыццяўленне планаў i дзякуюць усiм, хто гатовы далучыцца да гэтай высакароднай справы. 

У блiжэйшыя ж месяцы, што застаюцца да знамянальнай даты, мяркуецца больш рыхтавацца да яе сiламi грамадскасцi, жыхароў вёскi, найперш навесцi прыстойны парадак i чысцiню, бо вялiкiх фi-нансаў не мае нi СВК, нi мясцовая ўлада. Плануецца касметычны рамонт будынка канторы, з гонты, як i было калiсьцi, будзе насланы новы дах на фiлiяле музея. З’явяцца кветнiкi, дарожкi, агароджы... 

Па традыцыi у дзень нараджэння Янкi Купалы ў вёсцы буде ладзiцца вялiкi фэст з вогнiшчам на сажалцы ў купальскую ноч, з песнямi, танцамi. Да гэтых мерапрыемстваў далучыцца са сваiмi прапановамi i аддзел культуры райвыканкома. 

— З праграмай святкаванняў, якiя  разгортваюцца з нагоды   юбi-лею на радзiме Купалы, у вёсцы Вязынка, мы спаборнiчаць не зможам, туды з’едзецца люд з усёй Беларусi, але i ў нас звычайна ўсё праходзiць цiкава i змястоўна, — запэўнiвае Генадзь Бажко. – Прыязджайце, пераканаецеся...  

I сапраўды, кожная купалаўская мясцiна на беларускай зямлi адметная сваiм хараством, сваёй непаўторнасцю. А ўсiх iх аб’ядноўвае наша прыхiльнасць да роднага слова, да творчасцi, таленту народнага паэта, да яго самабытнасцi, адданасцi свайму народу, мацi-Радзiме. 

На здымках:  самавар, з якога любiў пiць гарбату паэт, дэманструе загадчыца фiлiяла Святлана Цiс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter