Натхненне “Лунінскай восені”

Абласны літаратурны фестываль паказвае, што не збяднела Брэстчына на таленты, і адкрывае новыя імёны

Абласны літаратурны фестываль паказвае, што не збяднела Брэстчына на таленты, і адкрывае новыя імёны

Паэты і пісьменнікі — тыя ж аратыя, толькі літаратурнай нівы. Лагічна, што і свае дажынкі ў іх ёсць. І праводзяцца яны, як таго патрабуе традыцыя, восенню. А на Брэстчыне — “Лунінскай восенню”. Так называецца абласны літаратурны фестываль, які штогод праходзіць на базе Лунінскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна. “Лунінская восень”, якая пачыналася з сустрэч мясцовых школьнікаў з беларускімі пісьменнікамі, з часам ператварылася ў сапраўднае свята з паэтычнымі чытаннямі, песнямі, танцамі, якое збірае гасцей не толькі з розных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці, але нават са сталіцы.

Сёлета фестываль адзначаў першы юбілей — пяць год. Па традыцыі гучалі вершы са сцэны, шамацела залацістае лісце пад нагамі ў калідорах, запрашалі пагартаць сябе кнігі на выставах, і ўсё ішлі і ішлі госці... Павіншаваць удзельнікаў юбілейнай “Лунінскай восені” і ўзнагародзіць лепшых мастакоў слова і пачынаючых літаратараў Брэстчыны прыехаў і губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, чалавек неабыякавы да творчасці і беларускага слова. Памятаем, як Канстанцін Андрэевіч прымаў удзел напачатку Года кнігі ў акцыі “Брэст чытае дзецям”. Не ўпусціў магчымасці губернатар і ў час “Лунінскай восені” прадэманстраваць свой талент дэкламатара, працытаваўшы таленавітую паэтэсу з Пінскага раёна Марыю Кобец.

— Пяць гадоў таму мы заклалі яшчэ адну добрую традыцыю на Брэсцкай зямлі — далі пачатак фестывалю “Лунінская восень”. Фестываль паказвае, што не збяднела наша Брэстчына на таленты, што нараджаюцца новыя аўтары, а з імі зборнікі, раманы, — адзначыў Канстанцін Сумар. — Характэрна, што юбілей фестывалю прыпаў на Год кнігі. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да яго, дапамаглі абудзіць цікавасць да кнігі, асабліва сярод маладога пакалення. Узгадаем хаця б акцыю “Брэст чытае дзецям”. Будзем працягваць падобныя акцыі і далей. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы людзі мелі магчымасць і жаданне пастаянна павышаць свой адукацыйны і культурны ўзровень.

Тое, што брэсцкія ўлады клапоцяцца пра духоўнае развіццё свайго рэгіёна і ўсялякімі спосабамі падтрымліваюць творчую інтэлігенцыю, адзначылі і самі літаратары.

— Пісьменнікі Брэстчыны адчуваюць моцную падтрымку мясцовых уладаў, — сказаў старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  Анатоль Крэйдзіч. —  Думаю, нам могуць па-добраму пазайздросціць пісьменнікі з іншых рэгіёнаў. Любая наша ініцыятыва, акцыя ці свята падтрымліваюцца ўладамі з радасцю і ахвотай.

Мясцовыя ўлады дапамагаюць у  падрыхтоўцы кніг да выдання, арганізацыі сустрэч з пісьменнікамі, правядзенні шматлікіх літаратурных конкурсаў. Прыемны падарунак мастакам слова ад мясцовых уладаў — заснаваная Брэсцкім аблвыканкамам шэсць год таму літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка, таленавітага пісьменніка з Брэста, вядомага крытыка і літаратуразнаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа і  проста вельмі чулага настаўніка і добрага сябра, чыё 90-годдзе з дня нараджэння сёлета шырока святкуюць беларускія літаратары.

Шчаслівымі ўладальнікамі прэміі ўжо сталі каля дваццаці пяці паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны. Гэтым разам пашанцавала Марыі Кобец з вёскі Валішча Пінскага раёна і Івану Арабейку з Брэста, якія атрымалі ўзнагароду ў галіне паэзіі, Мікалаю Бусько з Баранавічаў і Анатолю Крэйдзічу з Іванава як лепшым празаікам і Васілю Жушме з Іванава — ён атрымаў прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры за аповесць “Гарэза”. Цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі па традыцыі адбылася падчас фестывалю “Лунінская восень” у Лунінецкім Доме культуры.

— Усім вядома, наколькі прыемна пахне лаўровы ліст. А наколькі прыемны пах лаўровага вянка!  — шчыра парадаваўся перамозе брэсцкі паэт Іван Арабейка. — Добра, што існуе ў нас такая прэмія. Яна стымулюе, уздымае вышэй, прымушае працаваць і ствараць далей.

Ну калі на прэміі і ўзнагароды сталыя пісьменнікі і паэты так рэагуюць, можна ўявіць сабе, наколькі важна падтрымаць і пахваліць таленавітую моладзь. На Брэстчыне, дарэчы, і іх не абыходзяць увагай. Штогод на фестывалі ў Лунінцы падводзяць вынікі конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ сярод дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці. Па традыцыі падчас “Лунінскай восені” маладых літаратурных талентаў Брэстчыны адзначыла і “Народная газета”, уручыўшы лепшым дыпломы і памятныя падарункі. Сёлета імі аказаліся студэнтка філалагічнага факультэта БрДУ імя Пушкіна Вольга Хвораст, вучаніца Завершскай школы Драгічынскага раёна Наталля Супрун і студэнт Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя будаўнікоў Дзмітрый Водчыц. Праўду казаў Канстанцін Сумар — Брэстчына настолькі багатая на таленты, што нават сярод будаўнікоў ёсць паэты!

— Вельмі прыемна, што маю працу — я аналізавала гістарычны раман сучаснага беларускага пісьменніка Алеся Наварыча — ацанілі не толькі члены журы, але і журналісты “Народнай газеты”, — падзялілася ўражаннямі Вольга Хвораст. — Любая перамога, адзнака, няхай яна будзе нязначнай, непрыкметнай, надае моц, сэнс працаваць і рухацца далей. А тут нават не адна, а адразу дзве ўзнагароды. Дзякую!

Каму дастануцца лаўровыя вянкі наступнай  “Лунінскай восені”? Даведаемся ў наступным годзе. А пакуль пішыце і стварайце!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter