Адпрацаваўшы на адным прадпрыемстве 20—30 гадоў, людзі прыкіпаюць да яго душой. І сыходзяць на пенсію, разлічваючы на тое, што калектыўны дагавор іх падтрымае і калегі не забудуць у складанай сітуацыі. Але, на жаль, не заўсёды гэтыя негалосныя правілы дзейнічаюць і выконваюцца без агаворак. Аднак ёсць прыклады, на якія варта было б раўняцца.

Працуе добрасумленна чалавек, скажам, на заводзе, аддае любімай справе свае сілы, веды, вопыт… Але вось час яму ісці на заслужаны адпачынак. І свайго работніка хутка забываюць і кіраўнікі, і прафкам, і сябры. Пагадзіцеся, такая сітуацыя не рэдкасць.
Тут і ўзнікае заканамернае пытанне: а што ж калектыўныя дагаворы? Яны ж могуць дапамагчы ў вырашэнні надзённых пытанняў. Зразумела, калі іх выкарыстаць канкрэтна з улікам найбольш важных праблем ветэранскага жыцця, а не фармальна. Калектыўныя дагаворы павінны актыўна працаваць у інтарэсах пенсіянераў. Паглядзім на вопыт Гомельшчыны.
Уладзімір Чарнаштан, старшыня абласной ветэранскай арганізацыі, удакладняе:
— Сёлета ў нас падпісана 2729 калектыўных дагавароў. Для сваіх былых работнікаў у дагаворах прадугледжаны дадатковыя сацыяльныя льготы і гарантыі. Задача пастаўлена так: ні адзін ветэран не павінен быць забыты. Гутарка ідзе пра розныя бытавыя і іншыя патрэбы старых людзей, якіх ні ў якім разе нельга пакінуць без пастаяннай увагі і клопату. Хачу падкрэсліць важны момант: ветэраны тых прадпрыемстваў, якія цяпер не функцыянуюць, замацоўваюцца за калектывамі дзеючых. Дапамога ім самая розная, зразумела, і матэрыяльная.
Да прыкладу, «Светлагорскхімвалакно». У калдагаворы паміж кіраўніцтвам і прафсаюзнай арганізацыяй ёсць спецыяльны раздзел наконт сацыяльнай дапамогі ветэранам, пенсіянерам, інвалідам і ўдзельнікам вайны. Акрамя традыцыйнай грашовай падтрымкі з нагоды свят, прадугледжана і іншая дапамога. Напрыклад, восенню адзінокім старым і ветэранам, якім патрэбна бульба, прадпрыемства набывае яе за свой кошт і дастаўляе дамоў. Тым ветэранам, якія адпрацавалі на прадпрыемстве да выхаду на пенсію не менш як пяць гадоў, выдаецца пуцёўка ў ведамасны санаторый з аплатай усяго дзесяцi працэнтаў яе кошту. А ўдзельнікі вайны, якія выйшлі на пенсію з прадпрыемства, атрымліваюць такія пуцёўкі бясплатна.
Важкая дапамога і клопат пра сваіх ветэранаў прадугледжаны таксама ў калектыўным дагаворы ААТ «Гомельшкло». Акрамя грашовай падтрымкі, пенсіянерам выдаюцца бясплатныя абанементы ў спартыўна-аздараўленчы комплекс два разы на тыдзень. Старым людзям, якія жывуць у сваіх хатах, бясплатна выдзяляюцца і дастаўляюцца драўняныя адходы як паліва.
Добра клапоцяцца пра ветэранаў у Цэнтральным раёне Гомеля. У калдагаворах прадпрыемстваў, вядома, пазначана традыцыйная грашовая падтрымка. Але ж не толькі. Ёсць і дадатковыя меры адраснай сацыяльнай дапамогі.
Уладзімір Чарнаштан працягвае:
— Вясковыя ветэраны таксама не застаюцца без увагі. У калектыўным дагаворы гаспадаркі «Брылёва» Гомельскага раёна таксама ёсць адпаведны раздзел. Тут, калі пенсіянер апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, яму па льготных цэнах выпісваюць і бясплатна дастаўляюць дамоў гародніну, памагаюць у рамонце жылля. У калдагаворах, акрамя матэрыяльнай, прадугледжаны і іншыя віды дапамогі. На жаль, многія ветэраны па розных прычынах засталіся адзінокімі. Ім вельмі не хапае простых чалавечых сустрэч, шчырай размовы… Таму нашы ветэранскія актывісты стараюцца пераканаць кіраўнікоў і старшынь прафсаюзаў прадпрыемстваў у наступным. У калдагаворах трэба прадугледжваць і такі пункт, як наведванне адзінокіх пенсіянераў, скажам, у бальніцах, дзе яны лечацца, а таксама і дома. Наогул, каб калектыўныя дагаворы яшчэ шырэй ахоплівалі клопатам гэтую катэгорыю людзей, трэба шмат працаваць. Мы так і робім, бо чвэрць насельніцтва вобласці — ветэраны.
Міхаіл ШЫМАНСКІ
Фото gorsovetkerch.ru
Фото gorsovetkerch.ru
У ТЭМУ
Іван Гардзейчык, старшыня Рэспубліканскага савета ветэранскага аб’яднання:
— З улікам вопыту гамяльчан мы рэкамендуем усім мясцовым ветэранскім арганізацыям больш актыўна дамагацца, каб у калдагаворы ўключаліся дадатковыя меры адраснай сацыяльнай падтрымкі пенсіянераў. Неабходна замацоўваць ветэранаў, страціўшых сувязь з калектывамі, дзе яны працавалі раней, за іншымі прадпрыемствамі, маладзёжнымі і грамадскімі арганізацыямі, установамі аховы здароўя. Безумоўна, гэтую важную работу трэба весці сумесна з органамі мясцовай улады, прафсаюзамі.