Наташа — прыгажуня наша

Беларускі адвакат дастойна выступіла на «Місіс Еўропа-2013»

Беларускі адвакат вельмі дастойна прадставіла нашу краіну на конкурсе

Мінчанка Наталля Трафімава заняла трэцяе месца на Міжнародным конкурсе прыгажосці «Місіс Еўропа-2013».

Для яе, як і для ўсёй Беларусі, — гэта поспех. Тым больш што асноўная частка ўдзельніц гэтага форуму — мадэлі, а наша Наташа — не толькі прывабная жанчына, але яшчэ і практыкуючы юрыст. Яна займаецца індывідуальнай адвакацкай дзейнасцю па грамадзянскіх і крымінальных справах у сферы эканамічных правапарушэнняў.

Але Трафімава не ўпершыню ўдзельнічае ў падобных конкурсах. За яе плячыма — «Місіс Сусвет-2012», «Лэдзі Бос-2012» і іншыя. У «Місіс Еўропа-2013» вырашыла паўдзельнічаць пасля таго, як у мінулым годзе была адным з арганізатараў папярэдняга конкурсу, які, нагадаем, прайшоў у Беларусі. Падыходзіла яна і пад галоўныя крытэрыі: узрост да 40 гадоў, наяўнасць мужа і дзяцей (яе сыну ўжо 12 гадоў). Яшчэ адзін момант, які прывабіў Наталлю, — гэта не толькі конкурс прыгажосці, але і сацыяльнае мерапрыемства. Спецыяльна да форуму беларуская ўдзельніца падрыхтавала падарункі для дзяцей з прытулкаў.

— Я задаволена вынікам, — гаворыць яна. — Вядома, хацела перамагчы, але ўсе дзяўчаты, якія ўвайшлі ў пяцёрку, вартыя сваіх месцаў, а пераможца — кароны. Напрыклад, за плячыма першай і другой віцэ-місіс — мадэльная кар’ера, перамогі не ў адным міжнародным конкурсе прыгажосці. Так што канкурэнцыя была жорсткай.

Дарэчы, самай прыгожай жанчынай Еўропы стала 28-гадовая жыхарка Растова-на-Доне Марыя Ерашэнка, педагог-псіхолаг па адукацыі. Расіянка мае ўласны дзіцячы тэатр. На сцэну пачала выходзіць у чатыры гады, таму вельмі ўпэўнена адчувала сябе на конкурсе. Другое месца — у прыгажуні з Аўстрыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter