Телеведущая Наталья Бордиловская заболела раком, но верит в свое исцеление

Наталля Бардзілоўская: «Не баюся раку, я на яго злосная»

Наталля БАРДЗІЛОЎСКАЯ на тэлебачанні чвэрць стагоддзя. Яе мілагучны голас і шыкоўная прычоска вабяць гледача, навіны культуры ад яе хочацца слухаць і слухаць. Магчыма, таму прысвячае сябе гэтай сферы, што з маленства палюбіла музыку, скончыла кансерваторыю. Але рэпарцёрства ўзяло верх — асвятляла розныя падзеі, выязджала на палі і фермы. Пачынала на тэлебачанні ў Магілёве, і гэтаму пяцігадоваму перыяду ўдзячна за азы ў прафесіі. Сталічны ўзровень больш адказны. Перабрацца ў Мінск хацела сама, да таго ж яе жаданне супала з кіраўніцкім, і Наталля папоўніла штат агенцтва тэленавін. Інтэрв’ю з выбітнымі асобамі, змястоўныя рэпартажы, цікавыя камандзіроўкі і знаёмствы — усё было ў лёсе гэтай цудоўнай жанчыны. А пра страшны дыягназ — анкалогія — журналістка даведалася пару месяцаў таму. Адразу знікла, але ўсё ж прыйшла да высновы — з любымі цяжкасцямі трэба змагацца. Бо хто, калі не ты?


– ЛЕТА выдалася гарачым на падзеі — 75 год вызвалення Беларусі, II Еўрапейскія гульні, часу на сябе амаль не заставалася. Неяк намацала на целе «каменьчык», занепакоілася. Малады доктар настояла, каб я праверылася ў экспрэс-рэжыме. Двойчы рабіла біяпсію, — Наталля да апошняга верыла, што гісторыя з ракам не пра яе, а «каменьчык» той — дробязь, недарэчнасць.— Ці мала што можа быць? Аднак дактары развеялі апошнія спадзевы: ёсць ракавыя клеткі. Першае адчуванне, што ўсё адбылося не са мной. Па цяперашні час успрымаю тую хвіліну, як жудасны сон.

Рак сваімі клюшнямі глыбей і глыбей угрызаўся у чалавечы арганізм. Аказалася, рэдкі новы агрэсіўны від, хутка дзеліцца, але ў нашай краіне ёсць схемы і добрыя вынікі яго лячэння. Галоўнае — не здавацца.

— Моцна падтрымала родная сястра, яна таксама хварэе на рак чатыры гады. Не далі пасці духам маці, хросная, але галоўны мой стымул — дачушка, якой нядаўна споўнілася 12 гадоў. Гадую адна — гэта не вялікая праблема. Страшна іншае — пакінуць свет, не вырасціўшы яе. А так не баюся сыходу. Наогул, плюс гэтай хваробы ў поўным знікненні непатрэбных жахаў. Раней турбавалася, што пра мяне скажуць іншыя, цяпер ад гэтых думак вольная. Стаіць мяжа, на якой трэба проста жыць. Большую частку часу проводжу ў Бараўлянах у Рэспубліканскім цэнтры анкалогіі. Там парадак, зычлівыя адносіны, мой урач — навукоўца, яму давяраю і дзякую, што гаворыць праўду, не абяцае залішняга.

Цяжкая хвароба — рэч інтымная. Нягледзячы на гэта, Наталля вядзе ў Фэйсбуку ўласны дзённік з хэштэгам рак_враг, дзе расказвае пра свой кожны дзень, самаадчуванне, светаўяўленне, перажыванні, дае парады, тым самым на ўласным прыкладзе дапамагая людзям адольваць немач і праблемы. Чаму не пабаялася вынесці сваю бяду ў публічны асяродак?

— Доўга вырашала, бо разу­мела: калі пайду на гэта — назад дарогі не будзе. Імпануе не замкнёнасць у сваёй бядзе, а адкрытасць. Нас, хворых, нямала, таму важна падтрымаць адзін аднога і іншых, каго можа напаткаць гэты страшны дыягназ. Да таго ж хацела паказаць, што мы нічым не адрозніваемся ад звычайных людзей. У грамадстве часта такая пазіцыя, быццам хворыя — ніжэйшая каста, ад якой трэба адасобіцца. Але ад немачы не застрахуешся, учора была здаровай, сёння… Разам з тым я нічым не змянілася, хіба жыццё больш пакут падкінула, — тлумачыць сваю адкрытасць журналістка.

Верагодна, на публічнае абмеркаванне праблемы паўплывала сама прафесія. Тэлерэпарцёр штодзень прымае на сябе ўвагу тысяч гледачоў, іх перасуды, думкі, уражанні, таму шырокі розгалас не бянтэжыць. Як толькі крышку ўмацуе здароўе, Наталля плануе выйсці ў інстаграм і Ютуб, нават стварыць беларускую суполку з удзельнікамі, якія пакутуюць на рак. Справа ў тым, кажа, што ў інтэрнэце зашмат хлусні, а патрэбны праўда і рэальныя прыклады.

Набыўшы галоснасць у сеціве, Наталля адчула, што народ не страціў, як казаў Барадулін, «святога штосьці»:

— Вельмі шмат лю­дзей у нас добрых, несапсаваных цывілізацыяй. Сама здзівілася: дадаюцца ў сябры і падтрымліваюць незнаёмыя, дзеляцца парадамі. Здавалася б, навошта я ім? Адгукнуліся нават тыя, з кім даўно не мела стасункаў. Заўсёды верыла ў людзей і любіла іх, зараз гэта адчуваю яшчэ мацней. Калі выздараўлю, то ў вялікай ступені дзякуючы ім. Завяршаю другую хіміятэрапію. Настройваюся на далейшыя немалыя выпрабаванні. Лячэнне атручвае арганізм, таму пакутую фізічна. Ад уколаў і кропельніц моцна баляць вены і ўся правая рука, часам нават не магу адказаць на паведамленні. Псіхалагічна няпроста здымаць з сябе пасмы валасоў, бо ўсё жыццё з доўгімі. Але не саромеюся, выпадуць — усё адно зраблю фота. Хачу, каб хворых любілі, бо нам і так горка ў гэтым жыцці. Свой крыж нясу дастойна.

НАТАЛЛЯ Бардзілоўская пераканана: чалавек сам сабе лепшы памочнік. Які б настрой і самаадчуванне ні былі, на ложку падоўгу не залежваецца — падымаецца і ідзе рабіць дабро. Цела — усяго толькі абалонка, а душа і дух развіваюцца праз любоў, клопат і абарону бліжняга.

— Сяброўка, з якой даўно не бачыліся, торцік прывезла. Есці яго буду ці не — няважна, галоўнае, што яна мне падарыла шчасце. Дабро штодзень, каб жыццё было не марным, — гэта і ёсць аснова ўсяго. У астатнім няма ніякага сэнсу. І багатыя, і бедныя, і прыгожыя, і непрыгожыя — усе хварэюць і паміраюць. Што пакінем пасля сябе? Думаю, справа не ў маштабе асобы. Не кожны Пушкін, хто напіша паэму. Важна на сваім асабістым узроўні палепшыць свет, а гэта па сілах кожнаму.

Самая вялікая мара Наталлі — адолець хваробу і прыйсці да ранейшага жыцця. Хоць такім, як было, яно ўжо не будзе ніколі, яно падзялілася «да» страшнага дыягназу і «пасля». Галоўнае — заставацца ў страі. Вярнуўшыся на тэлебачанне, дзе калегі чакаюць і падтрымліваюць, журналістка плануе развіваць духоўныя праграмы, задумала сацыяльныя праекты, прысвечаныя анкалогіі і людзям-барацьбітам.

— Шмат хто вешае нос, але многа і аптымістаў, нягледзячы на ўзрост, дыягназ. Раку нельга паказаць, што ты яго баішся. Я злосная на яго і ведаю формулу ратавання: сучасная медыцына, малітва і ўласныя намаганні. Аб гэтым мы з вамі потым запішам пераможнае інтэрв’ю! — непахісна стаіць на сваім Наталля Бардзілоўская.

КАМПЕТЭНТНА

Сяргей КРАСНЫЙ, доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імені М. М. Аляксандрава:

— Засведчана звыш 200 разнавіднасцей раку, ёсць некалькі прычын, якія тлумачаць рост колькасці пухлін. Па-першае, гэта старэнне насельніцтва, а пажылых часцей за ўсё паражае гэтая немач. Па-другое, змяненне ладу жыцця — шкодныя звычкі, няправільнае харчаванне, маларухомасць. Жанчыны мала і позна нараджаюць, менш кормяць грудзьмі, адпаведна, становіцца больш гармоназалежных пухлін. І яшчэ адна прычына — паляпшэнне дыягностыкі. Раней шмат выпадкаў заставаліся незаўважанымі, зараз сталі выяўляцца на больш ранніх стадыях. У пэўны момант пік скончыцца. Так заве­дзена: пры ўдасканаленні дыягностыкі фіксуецца уздым, а потым, наадварот, зніжэнне. Зараз ад ракавай пухліны вылечваецца больш за 50 працэнтаў людзей, на 1-й і 2-й стадыях і наогул каля 90 працэнтаў. Медыцына робіць упэўненыя крокі наперад, але неспрыяльнымі і найбольш складанымі лічацца пухліны падстраўнікавай залозы, стрававода, лёгкага, печані.

Алена БАСІКІРСКАЯ

basikirskaya@sb.by

Фота з архіва Наталлі БАРДЗІЛОЎСКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter