Беларускія пісьменнікі пабывалі на Уздзеншчыне — радзіме Кандрата Крапівы, Якуба Наркевіча-Ёдкі і іншых сваіх калег

Наталіліся сілай

Саюз пісьменнікаў Беларусі, у прыватнасці Мінскае гарадское аддзяленне і яго спецыяліст Іна Фралова, зачасцілі ў літаратурныя вандроўкі. На ўласных аўтамабілях выбіраюцца сучасныя майстры пяра, каб на людзей паглядзець і сябе паказаць. Пункт прызначэння — малая радзіма класікаў. Аб’ездзілі куток Еўдакіі Лось — Лепельшчыну, упадабаную Максімам Танкам Мядзельшчыну, на Лагойшчыне ўспомнілі Ядвігіна Ш. і пабывалі на яго сядзібе. Апошняе падарожжа — на Уздзеншчыну, дзе нарадзіліся Кандрат Крапіва і доктар, прафесар, біёлаг Якуб Наркевіч-Ёдка. Як узнікла задума вандраваць па славутых мясцінах?


– Ідэю пераняла ад былой супрацоўніцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзіі Шагойка, якая цяпер на заслужаным адпачынку, але заўсёды ладзіла падобныя экскурсіі, — дзеліцца Іна Фралова. — І кожная такая пуцявіна застаецца надоўга ў памяці. Пераканана, што абсалютна кожнаму літаратару, пачынаючаму ці сталаму, карысна з’ездзіць і прасякнуцца атмасферай легендарных мясцін. Першая наша вандроўка — на Лепельшчыну. Паслухала неяк выступленне паэткі Ніны Галіноўскай пра Еўдакію Лось і вырашыла, што яе малая радзіма і стане пачатковым пунктам нашага прызначэння. Па дарозе збіраюцца аднадумцы, сярод іх не толькі пісьменнікі, але і краязнаўцы, бібліятэкары, настаўнікі — словам, творчая інтэлігенцыя. Так, на Лепельшчыне гісторык Аляксандр Плавінскі расказаў пра адну з тутэйшых партызанскіх аперацый. Бард Аляксандр Вашчанка выконваў песні пад гітару… У кожнага ўдзельніка ўласная місія, і кожны выступае перад мясцовымі гледачамі.

Па дарогах Танка выбраліся на Мядзельшчыну, там музей класіка, ягоныя могілкі. На шляху акурат урочышча ў Маладзечне, дзе адбылася адна з рашучых і пераможных бітваў у вайне з Напалеонам. У падарожжы па літаратурнай Лагойшчыне ўдалося сумясціць гістарычны ракурс з сучаснасцю. Дэлегацыя завітала да айчыннага мастака і пісьменніка Сяргея Давідовіча, які паказаў майстэрню, камень, на якім ладзіць творы, радзінную хату і выставачны комплекс у Лагойску, дзе з пашанай да земляка арганізатары экспануюць яго карціны. На Лагойшчыне і бацькоўская сядзіба Ядвігіна Ш.

Дырэктар Уздзенскага раённага гісторыкакраязнаўчага музея Тамара ЛУХВЕРЧЫК

— Наталіліся энергіяй і сілай дуба-волата, апетага ў апавяданні «Дуб-дзядуля» Антонам Лявіцкім (сапраўднае прозвішча Ядвігіна Ш.). Шкада, што гэтае дрэва сапсавана. Па словах тутэйшых, ва ўсім вінаваты мясцовыя пастухі. Прапалілі сярэдзіну камля, якая таўшчынёй у 10 абхопкаў, хаваюцца там ад дажджу. Пахадзілі па ліпавай алеі і каля крыніцы пісьменніка, убачылі Лысую гару, якую калісьці маляваў Язэп Драздовіч, — прыгадвае Іна Фралова.

А літаральна на днях адбылася вандроўка па запрашэнні Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея і яго кіраўніка Тамары Лухверчык. Далучыліся мясцовая бібліятэка і літаратурная студыя «Паднёманец», карацей — прынялі пісьменнікаў ганарова. Так і мае быць, бо што ні мястэчка на Уздзеншчыне — калыска вядомага чалавека. Толькі з вёскі Нізок — Кандрат Крапіва, Лідзія Арабей, Паўлюк Трус. Нездарма краязнаўца Пятро Ліпай называе Уздзеншчыну беларускім Парнасам. Тут багаты музей, заснаваны 40 гадоў таму, экспазіцыі прысвечаны не толькі землякам і важным гістарычным падзеям, але і прыродзе, мясцоваму нацыянальнаму адзенню, сялянскаму інтэр’еру сівых стагоддзяў.

— У сваёй вандроўцы асабліва спяшаліся на сядзібу Наркевіча-Ёдкі — асобы, якая нас уразіла настолькі, што, вяртаючыся назад, з цэлую гадзіну маўчалі, кожны быў у задуменні. Якуб Наркевіч-Ёдка — біёлаг, фізік, прафесар, прабацька нашага мабільніка, сваімі адкрыццямі апярэдзіў час. Ягоная разбураная сядзіба зараз актыўна аднаўляецца па ранейшых эскізах. Ужо гатова брама, такая, як і ў яго бытнасць. Высаджана ліпавая алея, — расказваюць удзельнікі дэлегацыі.

Якуб Наркевіч-Ёдка меўся стаць вялікім музыкам, ездзіў у гэтай якасці ў турнэ па Еўропе, тым не менш адным з першых даказаў, што можна перадаваць хвалі без правадоў. Ён плённа займаўся навукай, у тым ліку быў біёлагам і эксперыментаваў у падвышэнні росту раслін магічнымі хвалямі. Тутэйшыя асцерагаліся земляка, бо думалі, што ён знаецца з Перуном: як з дапамогай магічных хваль вырасціць расліны? Між тым перасцярогі былі марнымі, выключна ўсе адкрыцці грунтаваліся толькі на навуцы.

Дэлегацыя ў падарожжы.

— Да таго ж Наркевіч-Ёдка праслыў доктарам. На сваім прынёманскім сонечным беразе ва ўласна пабудаванай аранжарэі лячыў хворых на сухоты. На такі занятак вучонага падштурхнула немач і смерць маладой сястры. Ратаваў ад сухотаў таксама кумысам, які збіраў ад узрошчаных на сваім падворку кабыліц. Вялікі гаспадар гарэў сэрцам да людзей, чым бы ні займаўся — усё рабіў на выдатна! — уражана Іна Фралова.

З Уздзеншчыны яшчэ адзін вялікі сын Айчыны — Кандрат Крапіва. «Ні дня без радка» — такі абраў сабе дэвіз. Быў занадта працаздольным, меў выключную памяць — такую, што нават слоўнікі рэдагаваў па памяці і ніколі не заводзіў тэлефонных даведнікаў, усе нумары трымаў у галаве. Ягоныя пякучыя байкі ці п’еса «Хто смяецца апошнім» — тыя самыя разынкі і перліны нашай нацыі. «Хто парасё ўкраў, у таго і ў вушах пішчыць», «Другі баран — ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Каб сонца засланіць — вушэй асліных мала», «Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах». Які афарызм ні вазьмі — акурат пра нашых бчб-двурушнікаў, якія, падобна Гарлахвацкаму, многа хочуць, ды нічога не могуць.

basikirskaya@sb.by

Фота Іны ФРАЛОВАЙ і Таццяны БІЗЮК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter