Насустрач сонейку

Спрадвеку беларусы спрабавалі справадзіць зіму, калі яшчэ трашчалі маразы. куды ж ёй дзявацца, калі адусюль гоняць? трэба хуценька збірацца ў дарогу...

Масленіца — не што іншае, як вясёлая гульня з сонцам. Нашы продкі спрабавалі “дамовіцца” з прыродай у асобе не зусім ласкавага лютаўскага ці сакавіцкага сонейка — у яго гонар пякліся блінцы, якія і дайшлі да нашых дзён як галоўны атрыбут свята. Лічылася, што з Масленіцы пачынаецца вясна. Але найперш трэба было развітацца з зімою, прагнаць, спаліць яе пудзіла.

Фота аўтара

У некаторых рэгіёнах на Масленіцу першы раз гукалі птушак, якія нясуць на сваіх крылах вясну, і нават выпякалі іх з цеста:

А ў нас сёння Масленіца,

Прыляцела ластавіца,

Села-пала на жэрдачку,

Шчабятала нам вестачку,

Што ў нас сёння Масленіца...

Даруйце, калі чым пакрыўдзіў...

З прыходам хрысціянства шчодрае ласаванне блінцамі з’яўлялася для страўніка селяніна сапраўдным святам. Людзі, як кажуць, ад’ядаліся, шчодра частавалі адно аднаго, не забывалі бедных і тых, у каго запасаў ураджаю да Масленіцы не хапіла. Бо пасля вясёлага і смачнага тыдня прыходзілася на цэлых сорак дзён тужэй зацягваць папружку на жываце. Не забываліся таксама прасіць прабачэння: дзеці — у бацькі, гаспадар — у сваёй сям’і: “Даруйце, калі чым пакрыўдзіў — справай ці языком...”


Раней у кожным рэгіёне бытавалі свае назвы і непаўторныя традыцыі. Там-сям яны захаваліся па сёння і з’яўляюцца сапраўднымі помнікамі нематэрыяльнай культуры беларусаў. Напрыклад, дагэтуль на Убарцкім Палессі свята называюць “Чырачка”, а на Пасожжы — “Луца”. Але найчасцей яно завецца “Гуканне вясны”. Назва паходзіць ад гукальных песень, у якіх кожны радок завяршаецца гучным і працяглым “гу-у-у”:

Жавароначкі, прыляціце, гу-у-у...

Вясну красную прынясіце, гу-у-у...

Каб сонейка засвяціла, гу-у-у...

Каб снег белы растапіла, гу-у-у...

Каб садзікі расквяціла, гу-у-у...

Свішчуць галасістыя гліняныя свісцёлкі, а вясёлы народ ад душы танчыць пад гармонікі і дуду. У гэты дзень, як ні ў які іншы, было заведзена весяліцца і спяваць. Нездарма ў Беларусі на Масленіцу кажуць: спяваць дык спяваць, а як гуляць — дык гуляць!

Галашэнне па зіме

У старажытнасці ў некаторых вёсках Любаншчыны Масленку пачыналі з галашэння па зіме. У вёсцы Закальное і ў наш час працягваецца незвычайная масленічная традыцыя аплаквання і шкадавання матухны-зімы. Тут ёй наладжваюць сапраўдныя памінкі. Закальненцы называюць гэты “жалобны” звычай “трызнай”. Гульня ў “пахаванне”, альбо “паховіны”, пад песні-галашэнні паказвае не што іншае, як паважлівае стаўленне да прыроды, яе сілы ў выглядзе стыхій і з’яў:

А Зімачка, а галубачка!

На каго ж ты нас пакінула,

А хто ж нам хату выхаладзіць,

Хто ж нам шляхі-сцежачкі замяце,

Хто хатачку пад страху снегам засыпле.

А Зімачка, а галубачка!

Чаго ж ты ад нас адышла,

А як жа нашы дзеткі без цябе застануцца,

А ні бабу снежную ім зляпіці,

А ні ў снежкі, гаротнічкам, пагуляці,

А ні на дарожцы ледзяной пакоўзацца...


Галашэнне пачынае старэйшая жанчына вёскі Ганна Пянькоўская. Яна сапраўды знаўца багатай закальнецкай фальклорнай спадчыны, умее пець і прычытаць. І хоць гэта толькі гульня, ігрышча, бывалая плакальшчыца настройвае ўдзельнікаў Масленіцы на “журботны” лад. Да бабы Ганны далучаюцца і маладзейшыя жанчыны. Незвычайная працэсія з галашэннем накіроўваецца за вёску, на чале яе нясуць саламянае пудзіла. З сівых часоў у Закальным і суседніх вёсках вядзецца звычай спальваць на Масленіцу свае грахі, назбіраныя зімой. Таму на пудзіла чапляюць вяровачкі, ніткі, каляровыя стужкі, сухія галінкі, якія сімвалізуюць грахі, сурокі, дрэнныя думкі.

Закальненская Масленка цікавая і тым, што ў гэты дзень паляць лучнік. Многія сёння, напэўна, і не ведаюць такой хатняй прылады. У наш час лучнік можна сустрэць толькі ў музеях альбо на гарышчах старых хат. Няхітрае прыстасаванне, разлічанае для асвятлення памяшканняў у цёмны час, на свяце выкарыстоўваюць для гадання на ўраджай ільну. Лучнік чапляюць на бярозу, у яго дымаход піхаюць салому альбо нецярэблены лён, падпальваюць і назіраюць, як выходзіць дым. Калі ён сцелецца нізка над зямлёю — лён будзе кароткі, калі “кучаравіцца” — лён будзе палеглы, пераплецены, калі дым ідзе ўгору — лён будзе ўдалы, высокі, а год — ураджайны.

А яшчэ ў Масленічны тыдзень у Закальным гаспадыні кідалі кастрыцу на бярозу — хто вышэй кіне, у той лён вырасце доўгі. Потым дзяўчаты выкладвалі вакол бярозы салому, падпальвалі — каб раставала зямля і прыходзіла вясна. Кідалі на бярозу сыр — лячылі дрэва. І кожнае абрадавае дзейства, як правіла, суправаджалася песняй:

Свяці, свяці, сонейка,

Каб нам было цёпленька,

Каб дзень доўгі стаў,

Каб снег растаў,

Каб у нашых у варот

Сонца брала паварот...

На Масленку пякуць бліны з маслам, катаюцца на конях, хлопцы мераюцца сілаю і гуляюць у снежкі. Закальнецкія дзяўчаты гукаюць вясну. На Любаншчыне шмат веснавых песень, якія пачынаюць гучаць менавіта ў Масленку і працягваюцца да самага Юр’я: “Благаславі, Божа, вясну загукаці, а зімачку замыкаці...”, “Вол бушуе — вясну чуе, воран крача — сыра хоча, дзеўка плача — замуж хоча...”

І вось, нарэшце, запальваецца галоўнае вогнішча, языкі полымя паглынаюць пудзіла, усе ўдзельнікі развітваюцца з зімой. Вакол вогнішча ўтвараецца карагод і гучыць песня, якая, па павер’і, набліжае вясну:

Плачэ, плачэ салавейко,

Бура лясы паваляла

І гняздзечка паскідала.

Не плач, не плач, салавейко,

Будуць лясы вышэйшыя,

А гняздзечкі цяпляйшыя...

Іван Лужынскі

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter