Наступны прыпынак – «Затерянный рай» для Царыцы- майстрыцы»

Жарты жартамі, а на самай справе паўднёвую старонку пшаніца чамусьці не аблюбавала: не радзіла з году ў год. А вось жытні хлеб рос няблага, таму і празвалі край жытнім, жыткавіцкім.

— Ён быў пэўным гаспадарчым падмуркам да тураўскай спадчыны: тут няблага прыжыліся рамёствы, бортніцтва, рыбалоўства. А грыбнікам і паляўнічым прыйшліся даспадобы тутэйшыя дубравы, — тлумачыць загадчык аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агневіч. — Майстры, народныя умельцы, адораныя самародкі — вось сапраўдны залаты скарб палескай самабытнасці!

Сваімі працамі выхадзец з вёскі Чырвоны Бор Аляксандр Масла вядомы на ўсю рэспубліку, асабліва яе юным жыхарам (між іншым, яго выставы ладзіліся ў Германіі, Францыі, Польшчы, Галандыі). Знакаміты майстар разьбы па дрэве — аўтар арыгінальных альтанак, казачных персанажаў і лясных жыхароў, што пасяліліся ў беларускай рэзідэнцыі Дзеда Мароза і Снягуркі! Прытым майстэрствам авалодаў не па кнігах. Яно передалося па крыві, у спадчыну ад бацькоў. Дарэчы, не меней таленавітых.

— Маці была праслаўленая на ўсю вёску ткачыха, а бацька — ганчаром і бондарам, — раскрывае свой творчы сакрэт народны ўмелец. — Усё ў хаце, уключаючы посуд, ладзіў сваімі рукамі. А я ўважліва сачыў і, нібы губка, “упітваў”.

Зараз Аляксандру Лявонцьевічу дастаткова толькі глянуць на матэрыял, і ён умомант можа ўявіць, што з гэтага атрымаецца. За 35 год разбяр не сапсаваў ніводнай фігуркі!

Дарэчы, і ўласная аграсядзіба “Затерянный рай” заслугоўвае самай высокай адзнакі. Гамераўскія персанажы нібы ажываюць са старонак кніг на лясной паляне, а незвычайная сцежка з дубовых пянькоў вядзе ў таверну, якая знаходзіцца на палубе карабля, прычаліўшага да берага маляўнічага азярца. І ўся гэтая прыгажосць асобага кшталту — ручной жа работы!

У сям’і Ганны Лой, дырэктара раённага цэнтра рамёстваў, цэлая дынастыя ткачых. У свой час бабуля — Палагея Конанаўна — усёй вёсцы Сямурадцы хадзіла навіваць, перабіраць ніткі, запраўляць станкі.

— Прытым майстрыцы ў нашым родзе былі знатнымі пявуннямі! Працавалі заўсёды з песняй, — не без гонару распавядае Ганна Пятроўна. — Бацькава маці таксама ў зазывалах хадзіла: ні адзін абрад ці то вячоркі не абыходзіліся без яе. А якая прыгажуня была. Нездарма празвалі Царыцай. Але ж і ткачыха адметная.

Уменні сапраўднай гаспадыні перадаваліся далей па фамільным ланцужку. А калі дайшла чарга да Ганны, яна не толькі яго падхапіла, нават арганізавала… сямейны ансамбль. Неаднаразова іх музычны калектыў станавіўся пераможцам шматлікіх конкурсаў, а самая малодшая ўдзельніца — унучка Аляксандра — уладальніца прэзідэнцкай прэміі фестывалю “Мой сябар — баян”.

— Але ўзнагароды — не галоўнае. Песня аб’ядноўвае нашыя сэрцы, яшчэ больш родніць іх. Гэта — самы дарагі, а часам і адзіны сведка мінулага, — упэўнена Ганна Лой.

Напэўна, таму інтарэс да рукадзелля і зараз у павазе сярод жыткавічан. Больш таго, мужчыны таксама не супраць запасціся цярпеннем і ўзяцца за іголку з ніткай. Надзея Міхайлаўна Меляшчэня прывабіла да вышыўкі свайго мужа і двух сыноў. А вось Дзмітрый Таненя яшчэ ў школе зацікавіўся “крэсцікам”.

— Неяк раз пазайздросціў дзяўчатам. Мне захацелася даказаць, што не толькі яны — выдатныя вышывальшчыцы. Так і закруцілася: выявы жывёл, прыроды, іконы, партрэты, — успамінае хлопец. — Апошняе — самае складанае. Але гэта таго варта. Мару вышыць партрэт матулі ў маладосці. Вось гэта сапраўдная, неўміручая памяць. І ні адзін фотаздымак не захавае позірк самага роднага чалавека. Ці гэта не цуд?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter