Площадки для новых станций, монтаж траволаторов на «Вокзальной» - что сейчас происходит в минской подземке

Наступны прыпынак — «кавальская слабада»

За першыя тры дні праходкі пасля рамонту механізаваны комплекс «Алеся» ўжо зманціраваў 17 кольцаў. Гэта прыкладна 24 метры тунэля паміж станцыямі «Вакзальная» і «Кавальская Слабада». Наперадзе яшчэ больш за кіламетр шляху, які трэба адолець у складаных гідрагеалагічных умовах: у зоне праходкі шмат валуноў. Гэта істотна ўскладняе працу. Карэспандэнт «Р» спусцілася ў катлаван будучай станцыі «Вакзальная» і даведалася, як рамонт «Алесі» адаб’ецца на тэмпах будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна.

У суткі на ТПМК «Алеся» спецыялісты тунэльнага атрада здольныя манціраваць 9—10 кольцаў.

На станцыі «Вакзальная» работа кіпіць. Унізе ў тунэлі працуе тунэлепраходчы механізаваны комплекс «Алеся». Пасля рамонту ён ужо прашоў 24 метры ў бок будучай станцыі «Кавальская Слабада». Верагоднай прычынай спынення спецыялісты лічаць складаныя гідрагеалагічныя ўмовы.

Галоўны інжынер УП «Мiнскметрабуд» Аркадзь Аруцюнян:

— У зоне праходкі тунэля знаходзяцца вялікія адклады валунна-галечных грунтоў. Лабараторныя выпрабаванні паказалі, што прыкладна 50 працэнтаў агульнай масы складаюць жвір, друз і валуны. Гэта негатыўна ўплывае на стан рэжучай прылады і скарачае хуткасць праходкі. У суткі на ТПМК «Алеся» спецыялісты тунэльнага атрада здольныя манціраваць 9—10 кольцаў. Гэта тэх-нічная магчымасць комплексу. Каб нагнаць адставанне з-за прыпынку, плануем паскорыць тэмпы інжынерных і іншых работ.


Сярэдняя хуткасць праходкі — каля 200—250 метраў у месяц. Аркадзь Аруцюнян расказаў, што на трасе будзе яшчэ некалькі вымушаных прыпынкаў. Яны спатрэбяцца для агляду і пры неабходнасці замены рэжучага інструмента комплексу.

Два паралельныя тунэлі паміж станцыямі «Вакзальная» і «Юбілейная» — па 1600 метраў кожны — пройдзены. Зараз тунэлепраходчы комплекс будуе першы з двух тунэляў ад станцыі «Вакзальная» ў бок станцыі «Кавальская Слабада». Яго даўжыня — 1200 метраў. 200 з іх ужо пройдзены.

Аператар сочыць за маніторамі, на якіх адлюстроўваюцца ўсе неабходныя параметры.

Спускаюся ў тунэль на глыбіні 11 метраў, дзе працуе «Алеся». Абслугоўвае праходчы комплекс змена з 15 чалавек. За пультам кіравання — аператар Арцём Шчэрбань. Ён сочыць за маніторамі, на якіх адлюстроўваюцца ўсе неабходныя параметры, у прыватнасці ціскі грунтоў і вады. Накіроўваць «Алесю» па правільным курсе пад зямлёй яму дапамагае спецыяльная робатызаваная сістэма навігацыі. На самой «Алесі» і ў тунэлі ўстаноўлены камеры відэаназірання. Карцінка транслiруецца на адзін з манітораў, дазваляючы аператару аддалена кантраляваць працэс.

У тунэлі даволі шумна. Чуваць, як круціцца ротар шчыта, руйнуючы грунт. Мяркуючы па непрыемным рыпучым гуку, на шляху сапраўды шмат камянёў. Гэткія складаныя геалагічныя ўмовы пераважаюць аж да станцыі «Кавальская Слабада».

Будаўніча-мантажныя работы на станцыі «Вакзальная» выкананы прыкладна на 70 працэнтаў. Тут поўным ходам ідзе аддзелка. Пераходныя тунэлі, якія злучаць яе з ужо існуючай станцыяй «Плошча Леніна», гатовыя. Метрабудаўнікі пачалі мантаж травалатараў і эскалатараў. Над самой станцыяй падрадныя будаўнічыя арганізацыі будуюць шматузроўневы паркінг.



Аддзелачныя работы вядуцца і на станцыі «Кавальская Слабада». Яна гатова на 95 працэнтаў. Тут ужо пачалі мантаж ферм пад асвятленне і інфармацыйныя шчыты. Устаноўку ахоўнай агароджы па краі платформы, якая выключыць магчымасць падзення пасажыраў на рэйкі, пачнуць, калі будзе закуплена абсталяванне.

Тым часам інтэнсіўныя работы па ўзвядзенні маналітных канструкцый ідуць на станцыях «Клары Цэткін» і «Юбілейная». Апошняя, дарэчы, стане самай глыбокай у мінскім метро — 28 метраў.

Аркадзь Аруцюнян:

— На станцыі «Юбілейная» ўпершыню ўжываем новы тып гідраізаляцыі. Яна выключыць верагоднасць траплення туды грунтавых вод.



Пракладку тунэляў трэцяй лініі, акрамя ТПМК «Алеся», ажыццяўляюць яшчэ два немеханізаваныя тунэлепраходчыя шчыты ЩН-1С. Яны завяршаюць праходку пад вуліцай Аэрадромнай у бок аднайменнай станцыі. У бліжэйшыя два тыдні адзін з перагонных тунэляў працягласцю каля 400 метраў бу-дзе гатовы. У студзені 2019 года скончыцца праходка паралельнага тунэля. Затым немеханізаваныя тунэлепраходчыя шчыты плануецца выкарыстоўваць пры пракладцы іншых тунэляў у раёне вуліцы Кіжаватава.

Паралельна ідзе праца па падрыхтоўцы тэрыторыі для будаўніцтва другога ўчастка трэцяй лініі. Гэта яшчэ тры станцыі — «Аэра-дромная», «Лошыцкая» і «Каржанеўскага». Тут вядзецца пера-кладка інжынерных сетак і абсталявання аб’ездаў для гарадскога транспарту, каб будаўнікі метро маглі прыступіць да падрыхтоўкi катлаванаў для станцый. Згодна з планам агульная працягласць трэцяй лініі метро перавысіць 17 кіламетраў. Гэта 14 станцый. Яны злучаць паўднёвыя і паўночныя жылыя раёны Мінска з цэнтрам.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter