Супляменнікі з Тальяці прысвяцілі 70-годдзю Перамогі цэлы цыкл сваіх канцэртных мерапрыемстваў

Наступленне на культурным фронце

Цікава назіраць, як “жывая творчасць мас” дадае з кожным годам у палітру святочных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў гонар Дня Перамогі, усё новыя фарбы. Асабліва шмат крэатыву ў год юбілейны. Сустрэчы з ветэранамі, выставы творчых работ дзяцей і моладзі, канцэрты, акцыі ды флэш-мобы, святочныя канцэрты ды вялікія шэсці нашчадкаў ветэранаў. Мы расказвалі раней, напрыклад, пра цікавую патрыятычную акцыю “Бяссмертны полк”, якая набірае сілу і ў Беларусі. У мінулым нумары была згадка пра маладзёжны агітпоезд “Кветкі Вялікай Перамогі”: больш за тыдзень калясіў па розных гарадах-вакзалах краіны. Можна не сумнявацца: святло вялікай Перамогі многія сэрцы азорыць яшчэ высокім жаданнем — ускласці і сваю прыгожую, непаўторную кветку-справу на алтар славы пераможцаў над фашызмам, бесчалавечнасцю, вераломствам.

Беларускі Тальяці – удзельніцы святочных урачыстасцяў у горадзе на Волзе
Беларускі Тальяці – удзельніцы святочных урачыстасцяў у горадзе на Волзе 

Вось і ў Тальяці, у беларускай суполцы “Нёман” да юбілею падышлі творча: яшчэ з 24 красавіка там, у 91-й школе Цэнтральнага раёна горада, пачаўся цэлы цыкл канцэртных мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі. А былі і свежыя данясенні ў рэдакцыю з “канцэртнай перадавой”: “6 мая даем ажно тры канцэрты ў розных раёнах горада, а 9 Мая — яшчэ два, у тым ліку і ў Парку Перамогі”. Вось так, тэлеграфным стылем — бо сядзець за кампом няма ж калі! — дасылаюць нам весткі пра свае справы сябры, што падпісваюцца: “Людміла Дзёміна, Сяргей Шылкін і беларусы Тальяці”. І фотаздымкі сыплюцца ў паштовую скрынку элпошты рэдакцыі. Заўважаем: у ансамблі беларускай песні “Купалiнка” з’явіліся новыя твары! Так, удакладняе кіраўніца беларускай суполкі і гурта Людміла Дзёміна, склад гурта абноўлены пасля 10-гадовага юбілею. Прыходзяць новыя сілы. Ну вядома ж: тры канцэрты ў дзень — не кожны і прафесіянал такі тэмп вытрымае. Можна падзівіцца, як Людміле, якая атрымала званне “Жанчына Аўтаграда-2014”, на ўсё імпэту хапае: “У мяне наступіла другое дыханне: было поўна ідэй, а цяпер новых куча з’явілася. Дай Бог толькі здароўя і часу”. Хораша піша пра новы склад гурта: прыйшла моладзь, дзяўчаткі добрыя, вочы гараць, прыгожыя галасы, сімпатычныя асобы. І яшчэ важна: “У іх ёсць запал, жаданне прыгожа, крэатыўна падаваць нашу беларускую культуру жыхаром Расіі.”

А планаў у нашых супляменнікаў-тальяцінцаў — быццам развіваюць яны ў год юбілею Перамогі наступленне на ўсіх культурных франтах. Мяркуйце самі: сёлета 15 ліпеня абноўлены гурт “Купалінка” і харэаграфічны гурт “Лицей” з тальяцінскага Ліцэя мастацтваў трымаюць курс на Гродзеншчыну, у Ваўкавыск. “Едзем да нашых партнёраў, на святкаванне 1010-годдзя горада, — прыадкрывае планы Людміла. — У нас прыгожая новая тэатралізаваная праграма. Прыязджайце, паглядзіце”. Паглядзім: можа і прыедзем. Магчыма, удасца беларусам Тальяці трапіць і ў склад каманды аўтапрабега, які будзе рухацца — кажуць: на квадрацыклах! — па месцах воінскай славы з Тальяці да Брэста. Пакуль не ўсё вырашана — трымаем кулачкі, каб усё ў сяброў атрымалася. У тым ліку і з удзелам у буйным маскоўскім мерапрыемстве беларускай дыяспары Расіі, якое, нагадаем, запланавана ў 20-х чыслах мая. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter