Апошнія 10 гадоў савецкая настальгія ў беларусаў згасае, а памкненні знаходзіцца ў незалежнай краіне растуць

Настрой у адпаведнасці з часам

Апошнія 10 гадоў савецкая настальгія ў беларусаў згасае, а памкненні знаходзіцца ў незалежнай краіне растуць

Да прыкладу, у 2007 годзе 10 працэнтаў грамадзян Беларусі хацелі б жыць ва ўзноў­леным Савецкім Саюзе, тады як ва ўласнай краіне без аб’яднання з якой-не­будзь іншай дзяржавай — 21 працэнт. А паводле дадзеных апошніх апытанняў, праведзеных Інстытутам сацыялогіі НАН, абсалютная большасць насельніцтва — 74,9 працэнта — лічыць, што з моманту набыцця дзяржаўнай неза­лежнасці наша краіна адбылася як незалежная і самастойная дзяржава. А больш за чвэрць вельмі ганарыцца гэтым.

Прычыну падобным трансфармацыям вельмі проста абазначыў Крысціян Хэрпфер, вядомы сацыёлаг з Абердзінскага ўніверсітэта Шатландыі, які нядаўна наведаў Мінск: “Калі ўспамінаць Беларусь 20 гадоў назад, то тады ўсе гаварылі пра няпэўнасць сваёй будучыні. У 90-х людзі расказвалі: мы не ведаем, што будзе адбывацца і што будзе з маёй сям’ёй. Сярод насельніцтва была вялікая настальгія па Савецкім Саюзе — па яго эканамічнай сістэме, пенсіях, стабільнасці. Цяпер жа, праз 20 гадоў, мы можам гаварыць аб павелічэнні пачуцця стабільнасці, упэўненасці ў сваёй будучыні, будучыні сваёй сям’і і дзяцей, пачуцця бяспекі. І былой настальгіі таму ўсё менш”.

Эканамічны крызіс сур’ёзна адбіўся на самаадчуванні і настроях расіян, канстатавалі сацыёлагі “Лявада-Цэнтра”. Пачытаем. Падумаем. Параўнаем з настроем беларусаў.

Такім чынам, індэкс становішча спраў у Расіі паказвае: расіяне ў 2015 годзе ўсё часцей сталі зведваць зайздрасць, злосць, агрэсію і бязлітаснасць да навакольных людзей, страх, крыўду і адчай.

Яшчэ мацней сталі праяўляцца астэнія, стомленасць, разгубленасць і адзінота, а ўзровень дэпрэсіўных настрояў у краіне за мінулы год дасягнуў максімуму за ўвесь час правядзення сацапытанняў згаданым цэнтрам, піша РБК.

Апошні раз падобны ўзровень дэпрэсіўнасці быў прадэманстраваны рэспандэнтамі “Левады” у 2009 годзе, калі ў краіне адчуваліся наступствы папярэдняга эканамічнага крызісу. Пры гэтым задаволенасць, самасцвярджэнне, надзею, упэўненасць ды іншыя пазітыўныя пачуцці ў год падзення даходаў з-за дэвальвацыі рубля і санкцый зведвала менш за ўсё жыхароў краіны за апошнія 16 гадоў, адзначае агенцтва.

На гэтым фоне ўсё больш расіян сталі настальгіраваць па часах СССР і пранікацца сімпатыяй да савецкай палітычнай сістэмы. Доля такіх рэспандэнтаў “Лявады” прыкметна павялічылася з ліпеня 2015 года па сту­дзень 2016-га. Прыкладна на тым жа ўзроўні падтрымка савецкага дзярж­уладкавання фіксавалася сацыёлагамі ў 2009 годзе. З другой паловы 2015 года падтрымка расіянамі заходняй мадэлі дэмакратыі ды існуючай палітычнай сістэмы ў краіне прыкметна пайшла на спад, адзначаецца ў публікацыі.

За апошнія гады ўсё больш расіян сталі думаць, што яны, іх сем’і прайгралі ад перамен, якія адбываліся ў краіне пасля распаду Савецкага Саюза. Пік паражэнчых настрояў прыпаў на снежань 2014 года — час першай хвалі рэзкага падзення рубля. Гэтак жа негатыўна ў адносінах да пераўтварэнняў пачатку 1990-х расіяне былі настроены ў канцы 1999 года.

Віктар Верамееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter