Жилье для многодетных, арендные и силовые дома: на чем сконцентрируется строительная отрасль страны

Настрой — пазітыўны

Пытанне будаўніцтва — на пастаянным кантролі Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў: аб’ёмы ўзвядзення жылля неабходна павялічваць. У планах Урада на гэты год — увесці ў эксплуатацыю 4 мільёны квадратных метраў жылля, з якіх амаль чвэрць — з дзяржпадтрымкай. Будаўнічым арганізацыям трэба выканаць вялікі аб’ём работ і па рэалізацыі распараджэння Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва».


На днях Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва агучыла планы і на пяцігодку. Прагноз — станоўчы. Традыцыйныя аб’ёмы значна прырастуць. Задача — забяспечыць грамадзян уласным жыллём, бо чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, яшчэ вялікая. Будаўнікі запэўніваюць — магчымасці для рэалізацыі запланаванага ёсць. І галоўнае — падрыхтаваны ўмовы, каб усё гэта падмацаваць фінансава.

Асаблівая ўвага — жыллю для шматдзетных. Прычым задача стаіць, каб з наступнага года шматдзетная сям’я знаходзілася ў чарзе на жыллё не больш за год. У невялікіх райцэнтрах гэты гадавы тэрмін у асноўным выконваецца. Там шматдзетныя сем’і даволі хутка накіроўваюцца на будаўніцтва жылля. Праблема існуе ў буйных раённых і абласных цэнтрах і Мінску. Разам з тым, тэмпы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі грамадзян павялічаны. Да таго ж, нагадаем, 1 студзеня шматдзетным сем’ям дазволена датэрмінова выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Гэта велізарная дапамога для іх. І, як запэўніваюць спецыялісты, дзярждапамога будзе павялічвацца, заканадаўства ў гэтым плане ўдасканальваецца. Сёння дадаткова разглядаюцца магчымасці падтрымкі шматдзетных сем’яў.

У прыярытэтах і арэнднае жыллё. На гэты год Урадам устаноўлена заданне па ўводу ў эксплуатацыю 135 тысячаў квадратных метраў такіх дамоў, а ў наступным — не менш за чвэрць мільёна. Тым больш што попыт на гэтыя кватэры вялікі. Напрыклад, у Мінску на адну кватэру бывае па 150—200 жадаючых. Таму менавіта гэтаму напрамку будзе надавацца вялікая ўвага.

Як вядома, любое будаўніцтва цесна спалучана з фінансаваннем. Таму будзе надавацца ўвага таму, каб будаўніц­тва арэнднага жылля ажыццяўлялася не толькі за кошт бюджэту, як гэта ў асноўным зараз адбываецца, але і за кошт сродкаў прадпрыемстваў розных форм уласнасці. Заканадаўчая база для гэтага ўжо створана. А каб жадаючых будаваць такое жыллё было больш, прапрацоўваецца пытанне па стварэнні дадатковых ільгот.

Таксама ў краіне плануецца паэтапна павялічваць і колькасць узвядзення электрадамоў. Асаблівая ўвага надаецца ў тым ліку ўзвядзенню жылля, дзе электраэнергія будзе выкарыстоўвацца не толькі для асвяшчэння і прыгатавання ежы, але і для ацяплення і падагрэву вады. Зараз актыўна ідзе адпрацоўка схем падключэння дамоў. Бо для таго каб планаваць будаўніцтва такога жылля, трэба падрыхтаваць неабходную інфраструктуру: пракласці кабелі, пабудаваць трансфарматарныя падстанцыі і іншае. Гэта патрабуе дадатковага планавання і ўкладання пэўных грашовых сродкаў. А што тычыцца планаў па аб’ёмах узвядзення такіх дамоў, то на гэты і наступны год іх колькасць будзе ідэнтычнай арэнднаму жыллю.

Што датычыцца Мінска, то тут аб’ёмы будаўніцтва жылля паступова змяншаюцца. Калі ў 2013—2014 гадах у горадзе штогод узводзілася больш за мільён квадратных метраў, то зараз толькі 600 тысяч. Пры гэтым паступова асвойваюцца гарады-спадарожнікі, у першую чаргу Смалявічы. Там зараз здаецца адзін жылы дом на 192 кватэры, куды накіраваны мінчане, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Да канца года пачнецца будаўніцтва яшчэ 6 дамоў. У стадыі праектавання — дзіцячы садок і школа.

sichevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter