Настроімся на хвалю сярэднявечча?

Старажытны Мсціслаў зноў збірае сяброў на рыцарскі фэст

Запрашае «Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2013»

Старажытны і сучасны Мсціслаў зноў збірае сяброў. Вы яшчэ не ў іх ліку, але шчыра цікавіцеся даўніной і археалогіяй, любіце конныя турніры і нацыянальны фальклор? Тады збірайцеся ў дарогу!

У прыгожым і ўтульным гарадку на маляўнічых берагах ракi Віхры 27-га і 28 ліпеня вы абавязкова знойдзеце аднадумцаў. Менавіта ў гэтыя дні беларускі Суздаль (так паважліва называюць Мсціслаў шматлікія даследчыкі айчыннай гісторыі) прымае VI Фестываль сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2013».

У яго праграме — выступленні рыцарскіх клубаў і клубаў гістарычнай рэканструкцыі, турніры лучнікаў, паядынкі на коп’ях, батлеечныя прадстаўленні, спектаклі вандроўнага тэатра «Гістрыён», майстар-класы па танцах сярэднявечча, цікавыя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і гасціннасць вясковых падвор’яў.

Аматараў падарожжаў у часе чакаюць захапляльныя экскурсіі па склепах і вежах Кармеліцкака касцёла, знаёмства з помнікамі даўніны на тэрыторыі калегіума Іезуіцкага манастыра.

Які ж рыцарскі фэст без штурму замка? На гэты раз гледачы ўбачаць тры штурмы: штурм моста, штурм палісаду і, уласна, штурм імправізаванага замка. На дапамогу храбрым ваярам прыйдуць коннікі клуба «Залатая шпора». Яны ж прадэманструюць конныя ігрышчы, уменне бездакорна і спрытна валодаць клінком і кап’ём...

Як паведамілі ў Мсціслаўскім райвыканкаме, шматлікія відовішчныя падзеі будуць адбывацца на працягу двух дзён на розных пляцоўках у розных частках горада. Асобная праграма распрацавана спецыяльна для дзяцей: вясёлыя гульні, конкурсы, канцэрты, катанне на поні і прагляд прыгодніцкіх фільмаў у відэасалоне.

У шэрагу прыемных новаўвядзенняў сёлетняга фэсту — міжнародны чэмпіянат па ўсходніх адзінаборствах. У ліку традыцыйных мерапрыемстваў — навукова-практычная канферэнцыя. А пачнецца прыгожае гістарычнае свята ў Мсціславе з малебна ў гонар воінаў-землякоў, якія загінулі за Айчыну на ратным полі.

-----------------------------------

Дарэчы

Для шматлікіх гасцей фестывалю сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2013» добразычлівыя гаспадары клапатліва падрыхтавалі месцы ў гасці-ніцы «Віхра», інтэрнатах па вуліцы Варашылава, 66 і вуліцы Дзяржынскага, 37, а таксама на базе адпачынку «Сямігор’е». Акрамя гэтага, на перыяд свята ў гарадскім парку будзе дзейнічаць пляцоўка для палатачнага гарадка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости