Игуменья Гавриила: добро, которое мы делаем, возвращается стократно

Настаяцельніца гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра матушка Гаўрыіла: «Дабро, якое творым, вяртаецца ў сто разоў»

У наш час мала хто выбірае манаства. А тыя, хто становіцца на гэты шлях, не лічаць сябе асаблівымі. Жыццё іх варта павагі. Кажуць, адзін насельнік манастыра можа вымаліць увесь свой род. Не толькі за сваякоў, але і за ўсю краіну пасылае малітвы да Усявышняга настаяцельніца гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра матушка ГАЎРЫІЛА.


Адзіная дачка ў сям'і Галіны і Мікалая Глухавых нарадзілася ў Саратаве. У трохгадовым узросце Марыя разам з маці пераехалі на радзіму продкаў у Жыровічы. Дзяцінства дзяўчынка правяла побач з жамчужынай праваслаўнай веры — дзеючым манастыром. Пасля сярэдняй школы скончыла з адзнакай Ленінградскае медвучылішча і працавала ў клініцы пры 1-м Ленінградскім медінстытуце імя акадэміка І. П. Паўлава.

Прага служэння Богу прывяла яе ў рыжскі Свята-Сергіеў жаночы манастыр. Потым быў послух у рэзідэнцыі знешнецаркоўных сувязей Маскоўскага патрыярхату і пастрыжэнне ў мантыю з нарачэннем імя ў гонар архангела Гаўрыіла мітрапалітам Філарэтам. Два гады выконвала абавязкі благачыннай і настаяцельніцы іерусалімскага Горняга манастыра. Пасля вяртання ў Маскву аднавіла послух у сакратарыяце мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага Кірыла (сённяшняга Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі).

Трыццаць гадоў таму па блаславенні мітрапаліта Філарэта матушка Гаўрыіла занялася аднаўленнем Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра ў Гродне. У 1995 годзе Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем ІІ узведзена ў сан ігуменні. Яна падрыхтавала і выдала кнігі па гісторыі гродзенскай і жыровіцкай праваслаўных святынь. За духоўную дзейнасць узнагароджана ордэнам і медалём Францыска Скарыны, прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», ордэнамі і медалямі Беларускай, Рускай, Польскай і медалём Латвійскай праваслаўных цэркваў, адзначана ганаровым званнем «Чалавек года».

Старажытны Гродна славіцца гістарычнымі помнікамі архітэктуры. У цэнтральнай яго частцы што ні будынак — каштоўнасць, якая ахоўваецца дзяржавай. Не кожны еўрапейскі горад пахваліцца захаваным комплексам каралеўскага палаца, праваслаўнымі і каталіцкімі храмамі, брукаванымі вуліцамі і плошчамі. З былых вякоў узвышаецца на крутым нёманскім беразе мураваная Каложская царква. Непадалёку зіхацяць пазалотай купалы адноўленага 30 гадоў таму праваслаўнага сабора Раства Багародзіцы, да якога прымыкаюць векавыя муры жаночага манастыра.

З шумнай гарадской вуліцы трапляеш у ахутаны таямнічай цішынёю манастырскі дворык. Пад разгалістымі дрэвамі на пастаменце адліты ў бронзе бюст першага Патрыяршага Экзарха, Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Праз дворык дзверы ў вестыбюль, дзе каля тэлефона послух несла немаладых гадоў манахіня. Пра нашу сустрэчу з гаспадыняй святыні яна была асвядомлена. Па лабірынце калідораў выходзім на верхні дворык, падобны на міфічны эдэмскі сад. З апранутай у строгі строй ігуменняй Гаўрыілай сустрэліся ў светлым пакоі.

— Царыца Нябесная са старажытных часоў абрала гэта ўзвышша на беразе Нёмана для святыні, — пачала размову матушка Гаўрыіла. — У ХІІ стагоддзі тут паўстаў саборны Прачысценскі храм. Ён паклаў аснову жаночаму Багародзічнаму манастыру.

— А ваш шлях да Бога з чаго пачаўся?

— З дзяцінства, якое выпала на самы пік атэізму ў краіне. Слова «царква» вымаўлялася з аглядкай. Мой шлях да веры пралёг праз выпрабаванні і засмучэнні. Маці Галіна Канстанцінаўна прывяла мяне да Бога. У нашым доме было шмат класічнай літаратуры. З малых гадоў прызвычаілася да кніг. Вывучала на памяць паэмы, вершы. Каб развівалася візуальная, слыхавая памяць і выпрацоўвалася правільнае вымаўленне гукаў, рыхтавала ўрокі ўслых. З цікавасцю слухала расповеды маці пра радавод. Захоўваю пашпарт дзядулі Канстанціна. Нарадзіўся ён у 1900 годзе на Гродзеншчыне. Маладым адправіўся працаваць у Паволжа. Там пазнаёміўся з рускай дзяўчынай Зінаідай Захаравай, якая мела купецкія карані. Пажаніліся. Дзевяць дзяцей было ў іх. Самая меншая — мая маці. Пасля заканчэння настаўніцкага інстытута яна выйшла замуж за Мікалая Глухава. Па бацькавай лініі дзядуля спяваў у царкоўным хоры. У 1937 годзе яго арыштавалі. Жонцы паведамілі, што муж вораг народа. Бабуля адна ўзнімала на ногі трох сыноў, якім нічога пра рэпрэсіраванага бацьку не гаварыла. Толькі ў пасляваенныя гады ім стала ўсё вядома. Мой бацька скончыў політэхнічны інстытут. Быў заўзятым бязбожнікам. Працаваў на авіяцыйным заводзе ў горадзе Энгельсе, дзе выраблялі самалёты Су. Маці свае адносіны да праваслаўнай веры не ўтойвала. Вера ў Бога ёй перадалася ад бабулі. З пакалення ў пакаленне ў нашай сям'і быў заступнік — святы Мікалай Цудатворац. Маліліся яму.

— Адчувалі падтрымку святога?

— Па сённяшні дзень ён выручае. Калі жылі ў Саратаве, педагогаў прымушалі весці антырэлігійную прапаганду. Запомніўся ўспамін маці, як зімою яна пакінула мяне з нянькай, а сама цягніком адправілася правесці сустрэчу з сялянамі прыгараднай вёскі Саўкіна. На чыгуначнай станцыі выйшла, і заставалася стэпам прайсці некалькі кіламетраў. Узнялася завіруха. Цемень агарнула ўсё навокал, на вачах намятала сумёты. Немагчыма і кроку ступіць. У маці з сабою былі санкі з літаратурай. Праз завею паказаліся агеньчыкі воўчых вачэй. Замярзаючы, стала прасіць Мікалая Цудатворца дапамагчы выжыць дзеля маленькай дачушкі. І ў той жа момант побач аказаліся запрэжаныя ў сані коні і старэнькі вознік. Трымаў ён шлях у тую ж вёску. Прысела каля яго, ад хвалявання заплюшчыла вочы, а калі адкрыла, убачыла той самы вясковы клуб, дзе яе чакалі людзі. Хацела спытаць у выратавальніка, чым аддзячыць яго, але побач нікога не было. Не прыдала значэння гэтаму, проста шкадавала, што не падзякавала. Правяла сустрэчу, вярнулася дамоў і ўбачыла стары абраз Мікалая Цудатворца. Сэрцам адчула, што гэта ён уратаваў яе.

Гэты выпадак прывёў маці да веры ў Бога. І мяне яна стала выхоўваць у хрысціянскім духу. Неўзабаве пераехалі на радзіму маці ў Жыровічы. Эканом Жыровіцкага манастыра айцец Яўхім дапамог купіць дом побач з дзеючай беларускай святыняй. Маці пакінула настаўніцтва і пазней сваё жыццё прысвяціла служэнню Богу: стала манашкай Георгіяй і была даверанай асобай архімандрыта Ігнація.

— На радзіме продкаў вас чакалі школьныя гады, юнацтва. Кім хацелі стаць?

— У малодшых класах мроіла пра настаўніцтва, а ў старэйшых рыхтавалася да паступлення ў медінстытут, каб стаць хірургам. Вучоба ў школе лёгка давалася. Аднакласнікі станавіліся акцябратамі, потым піянерамі, камсамольцамі, а я насіла праваслаўны крыжык. Завуч Алена Аляксандраўна настойвала, каб зняла яго, але ўпарта не падпарадкоўвалася. У гневе педагог сарвала яго з мяне. Я хуценька перахрысцілася і вымавіла: «Гэты крыж не знімеце».

У выпускным класе мне паставілі ўмову: калі на Вялікдзень пайду ў царкву, атрымаю ў атэстаце нездавальняючую ацэнку па паводзінах. Па ўсіх прадметах была выдатніцай. Выручыў сусед-партызан Мікалай Іосіфавіч: даў свой шынель. Яго жонка Вольга Яўхімаўна дастала з куфра хустку. Пераапранулі мяне, і з кавенькай у руках пакрочыла на ўсяночную. Кульгаючы прайшла пад пільным позіркам настаўнікаў. Чакалі яны Машу Глухаву. Мяне не пазналі. Настаўніцу біялогіі Ядвігу Мікалаеўну, з якой сябравала, штырхнула кавенькай і прашаптала, што гэта я. Настройвалася прайсці і хрэсным ходам вакол храма, але манахіні параілі стрымацца. Засталася на клірасе Успенскага сабора ў чаканні завяршэння цырымоніі. Туды зазірнула класны кіраўнік Тамара Пятроўна. Ад нечаканасці я прыўстала, каб павітацца з ёю «Хрыстос уваскрос!», але ні слова вымавіць не змагла. Ад перапуду прысела з думкай, што папалася. Настаўніца азірнула клірас і нікога не заўважыла.

Раніцай настаўніца мяне першай выклікала да дошкі. Пасля апытання ўсё даведвалася, ці была ноччу ў царкве. Пытаннем адказала: «А вы мяне бачылі?» Атэстат атрымала з выдатнымі адзнакамі і толькі потым прызналася, што была тады ў храме. Настаўніца не магла паверыць. Гасподзь убярог мяне ад пільнага вока класнага кіраўніка.

— А што з мараю стаць хірургам?

— Пяць разоў паступала ў Ленінградскі медінстытут. Першы раз не хапіла паўтара бала. Пайшла працаваць у траўмапункт. На наступны год атрымала высокія ацэнкі, але ў спіс студэнтаў не трапіла. На тытульным лісце дакументаў чырвоным алоўкам занатавана, што не камсамолка. Паступіла ў медвучылішча і скончыла яго з адзнакаю. Як выдатніца падала дакументы зноў у медінстытут. Трэба было толькі адзін экзамен здаць на выдатна. Адказала ўсё па білеце, але экзаменатары паставілі чацвёрку, таму здавала ўсе прадметы. У спісе залічаных сябе не знайшла. Абітурыента, які меў аднолькавыя са мною балы, залічылі. Ад гэтага балюча было. Пайшла працаваць аперацыйнай медсястрою. Сэрца паклікала да служэння Богу. Ведала, што ў Рызе ёсць жаночы манастыр. Адтуль пачалася мая манаская місія. Гасподзь 40 гадоў таму падараваў сустрэчу з уладыкам Філарэтам. Кіраваў ён знешнімі зносінамі Маскоўскага патрыярхату. Дзякуючы яму быў пакладзены пачатак адраджэння манастыра ў Гродне.

— Якім вы першы раз убачылі манастыр?

— У той вясновы дзень, калі з Масквы па рэкамендацыі мітрапаліта Філарэта прыехала ў Гродна, балюча было гля­дзець на шэравата-чорныя пабудовы дзеючага тут музея атэізму. Жахліва выглядаў будынак храма. Наглядчыца музея імкнулася нешта расказваць пра важнасць атэізму, шкоду непісьменных святароў. Затым узгадала, што ходзяць чуткі пра магчымую перадачу будынка музея царкве.

Аглядаючы сцены, мы наблізіліся да алтарнай часткі. Шок ахапіў мяне, калі ўбачыла непрыглядныя здымкі. А тым часам наглядчыца выказала думку, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб музей атэізму захаваўся, і катэгарычна падвяла рысу: царкоўнікам тут не месца. На маю заўвагу, якія адносіны да музея мае гэта блюзнерская экспазіцыя, яна запэўніла: самыя непасрэдныя. З'явілася жаданне хутчэй пайсці адсюль. Аднак звярнулася да наглядчыцы: «Даруйце, але я буду той, якая з Боскай дапамогай, па блаславенні мітрапаліта Філарэта адновіць былое манаскае жыццё… Ад'язджаю, але хутка вярнуся…» Яна збянтэжылася ад гэтых слоў, бо ў пачатку, калі даведалася пра госцю з Масквы, адчула, што з яе дапамогай зможа данесці вярхам пра карысць музея атэізму і пра шкоду царквы. А тут такі паварот.

У Маскве я падзялілася ўражаннямі з мітрапалітам Філарэтам і пачула наступнае: «Слава Табе, Госпадзі, слава Табе! Як усё проста атрымалася. А я ўсё думаў, як жа табе прапанаваць змяніць Маскву на Гродна. Ты сама дапамагла мне…» З блаславення высокіх асоб Маскоўскага патрыярхату быў прапанаваны царкоўны послух у Беларускім Экзархаце. Калі пераехала ў Гродна, уладыка Філарэт параіў сустрэцца з тагачасным дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, старшынёй калгаса «Прагрэс» Аляксандрам Іосіфавічам Дубко. Ён шмат дапамагаў у аднаўленні манастыра і калі ўзначаліў Гродзенскі аблвыканкам, таксама як і былы кіраўнік вобласці Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя. Царыца Нябесная сваім мацярынскім покрывам ахінае святыню. Як кажуць: дабро, якое творым, вяртаецца ў сто разоў. Наведваў манастыр і Прэзідэнт, цікавіўся нашымі справамі. Неаднойчы сустракаліся з ім у сталіцы.

— Ці вядзецца ў манастыры гаспадарчая дзейнасць?

— За вёскай Багушоўкай на трох з паловай гектарах вырошчваем гародніну, садавіну. Збудаваны там домік, парнікі. Ёсць падсобная гаспадарка. Хлеб і сыры набываем у Жыровіцкім манастыры, некаторыя прадукты самі гатуем. У выхадныя і святы кормім чалавек 250. У нашай трапезнай харчуюцца дзеці, моладзь, прыхаджане. У будні звычайна абедаюць 30—40 абяздоленых. Іх жыццём правіць промысел Божы.

— Амаль 40 гадоў вы былі ў сяброўскіх адносінах з мітрапалітам Філарэтам. Што ад яго пачарпнулі?

— Многае ў яго можна было пераняць. Для аднаўлення духоўнага жыцця не толькі ў нашым манастыры, а і ў краіне ён шмат зрабіў. На помніку мітрапаліту Філарэту, што ўпрыгожыў наш дворык, выбіты словы: «За ўсё дзякаваць!» На ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя дзейнасці Раства-Багародзічнага манастыра і адкрыцця помніка Філарэту прыязджала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.

У сваёй місіянерскай дзейнасці ўладыка праяўляў вялікую мудрасць. Яго немагчыма было вывесці з сябе. Нават калі чалавек моцна вінаваты і трэба было даць яму заўвагу ці пакараць, мітрапаліт цярпліва маўчаў, разважаў, у думках маліўся і ўяўляў сітуацыю вінаватага. Толькі потым пытаў у атачэння, як бы ў такім выпадку паступіў Гасподзь: дараваў ці пакараў? Ці даў бы чалавеку магчымасць на выпраўленне? Амаль ніколі не ставіў коску пасля слова «караць».

Уладыка вучыў: нават калі нам цяжка, складана, на нас нагаворваюць — за ўсё трэба дзякаваць Госпада. Не забываць ніколі, нават у самыя цяжкія хвіліны жыцця выказваць Усявышняму падзякі. Ён чакае гэтага. І за ўдзячнасць, асабліва калі чалавек у жалі, скрусе, паклёпе. Уладыка расказваў, што яго хрышчоная маці гаварыла: жыццё чалавека — імгненне і круг. Калі чалавек нараджаецца, ён быццам становіцца ў чаргу на завяршэнне круга. Грахі не ўсім даюць магчымасць вярнуцца пасля зямнога жыцця на нябёсы. Першы грэх — гордасць. Другі — непаслухмянасць. Трэці надта страшны — зайздрасць. Калі чалавек каецца, то разрываецца д'ябальская хартыя. Але гэта не значыць, што папрасіў даравання, атрымаў яго і зноў можаш грашыць.

Важна з першых дзён жыцця крочыць з Богам у сэрцы. Многае залежыць ад таго, якім чынам маці выношвае дзіця: ці наведвае храм, прычашчаецца, чуе прыемныя словы ад родных, слухае класічную музыку, чытае літаратуру, развіваецца. Гэта ўсё ўпітваецца дзіцём у лоне. А калі яна непрыстойна жыве, брыдкасловіць, то ідзе супраць Божай Маці, бэсціць яе. Тым самым адкідвае ад сябе Прачыстую. Вось зараз сутыкнулі славянскія народы. І ў адных на шыі праваслаўны крыжык і ў другіх. Канфлікт перарос у вайну. Сілы зла хочуць знішчыць праваслаўную веру. Яна аб'ядноўвае не толькі народ Расіі, але і прадстаўнікоў усіх славянскіх народаў. Тры дзесяцігоддзі ўсё рускае знішчалася ва Украіне. Памятаю, як у перыяд послуху ў рэзідэнцыі мітрапаліта Кірыла ў Маскве з Заходняй Украіны атрымлівалі звесткі пра збіццё і нават забойствы праваслаўных святароў Маскоўскага патрыярхату. І з кожным годам гэта супрацьстаянне нарастала. І мне паступаюць сігналы аб пагрозах за місіянерства. Калі хтосьці каму пагражае, ці выказвае дрэнныя пажаданні, то сам усё гэта атрымлівае. Бог зняважаным не бывае!

— А як вы ставіцеся да барацьбы з пандэміяй, якая зноў актывізавалася?

— Пандэміі ў сусветнай гісторыі паўтараюцца. Яны як рэпетыцыя д'ябальскіх сіл перад прыходам Анты­хрыста, каб ён кіраваў чалавецтвам. Мы жывём паасобна ў адна-, двухпакаёвых кватэрах, не ходзім у храмы. Пандэмія — праверка нас. Мы абавязаны слухаць парады ўрачоў, і ў той жа час Прэзідэнт правільна сказаў: чым больш людзей у краіне пера­хварэе на каронавірус, тым лягчэй будзе для ўсіх нас. Толькі карысць ад таго, што не пазакрывалі фабрыкі і заводы. Слава Богу, і хлеб высяваем, і ўраджай убіраем. Перажылі ўсё гэта. Ніколі Гасподзь не дае чалавеку выпрабаванні вышэй за яго магчымасці іх перанесці.

— Узаемадзейнічаеце з іншымі канфесіямі?

— У Гродне шмат змешаных сем'яў. Часта заўважаю, як у нашым храме хрысцяцца па-каталіцку. Пераконваць чалавека перайсці з адной веры ў другую не варта. Прыйдзе час, і ён сам зробіць выбар. У нас склаліся спрыяльныя адносіны з каталікамі.

— Іаан Златавуст павучае: імя Царквы — не раздзяленне, а яднанне і згода. Што, на вашу думку, неабходна, каб гэта панавала ў нашым грамадстве?

— На літургіі ёсць такі момант: адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славіць Імя Бога. Гэта значыць, калі будзем у ідэале адзіным жаданнем славіць Усявышняга. Вось зараз расійскія войскі ладзяць свя­шчэнную ваенную аперацыю ва Украіне, і калі ўсе бу­дзем прасіць Усявышняга адзінай малітвай міра, усё хутчэй закончыцца. Яднанне будзе дасягнута тады, калі адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славіць Імя Божае. Маліцца варта з удзячнасцю Богу за ўсё, што маем. Не трэба забываць прасіць у Бога дараванне за грахі свае. Дзекабрыст Рылееў моцна захварэў. Ён быў адзіным дзіцём у бацькоў. Маці перажывала за сына. Убачыла яна сон: сад, з-за дрэў чуецца голас: «Калі ты зараз адпусціш сына, то ён будзе ў гэтым садзе». У жаху не пагадзілася з умовай. І далей убачыла шыбеніцу і падумала: усё, што хочаце, толькі б сын жыў. Яна не пайшла па волі Госпада, і ў выніку Рылееў развітаўся з жыццём на шыбеніцы. Калі ў Бога нешта просім, лепш дадаць: «Да будзе воля Твая».

Ніколі не пашкадавала, што абрала манаскі шлях. Адчуваю сябе на сваім месцы. Усё гэта ў мяне з малаком маці. Мо надта пафасна гучыць, але я чалавек Царквы. Іншага жыцця не ўяўляю.

— Шаноўная матушка Гаўрыіла, дзякуй вам за шчырасць. Здароўя вам і Боскай ласкі!

subbat50@mail.ru

Фота БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter