
У пошуках мiнулага
Цікавіцца мінулым Магілёва айцішнік пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. І нават сабраў неблагую калекцыю з відамі старога горада. А сем гадоў таму вырашыў сістэматызаваць набытае. І зразумеў — кропку ў гэтай справе ставіць рана. Інтарэс да гісторыі роднага горада стаў яшчэ большым, а на аўкцыёнах час ад часу з’яўляліся здымкі, дзе адлюстраваны стары Магілёў. Праігнараваць гэта Алег не змог. Хаця і з набыццём фотахронікі не ўсё аказалася простым:
— Калі пачаў рабіць анлайн-архіў лічбавых копій гістарычных здымкаў, сутыкнуўся з вялікай праблемай. Па-першае, саміх фотакартак — вядомых і даступных — аказалася вельмі мала. Большая частка горада была белай плямай. І не толькі для аматараў, але і для гісторыкаў, якія валодалі ў асноўным тэарэтычнымі звесткамі і апісаннямі, а выяў шматлікіх знакавых для Магілёва мясцін і будынкаў амаль не было. Другая праблема — закрытасць калекцыянераў і архіваў. Нават маючы здымкі, яны не ішлі на кантакт і не хацелі проста так дзяліцца копіямі.

— Там у кадр часткова трапіла званіца Спаскай царквы. Двух’ярусная, яшчэ не перабудаваная. Нават не ўсе даследчыкі да гэтага ведалі, што да васьмідзясятых гадоў дзевятнаццатага стагоддзя яна мела менавіта такі выгляд.
Грошай не шкада
Аб’ектыў зафiксаваў і момант першамайскага мітынгу, які ў 1943-м арганізавалі немцы. Раней пра гэта можна было толькі прачытаць у кнігах, цяпер — убачыць на ўласныя вочы. «Цікавая гісторыя здарылася яшчэ з адным альбомам, які я набыў, — нямецкага ваеннага кухара. Там аказалася некалькі цікавых кадраў Магілёва. Аднак як я быў здзіўлены, калі напрыканцы знайшоў акуратна прыклеены ліст ад магілёўскай дзяўчыны, якая таксама працавала на іх кухні. Калі аўтара альбома перавялі на поўдзень, яна напісала яму на развітанне ліст — на вельмі ламанай нямецкай мове».

Колькі каштуе вяртанне даўніны? Па-рознаму. «Калі канкурэнтаў няма, набыць унікальны здымак можна за 1—2 еўра. Дарэвалюцыйныя здымкі і паштоўкі адпаведна каштуюць, як мінімум, у два-тры разы больш», — у сярэднім, падлічыў калекцыянер, атрымліваецца каля 10 еўра за фота. Грошай, зазначыў, не шкада. Па-першае, звычайна фота набываюцца не адразу, а па некалькі штомесяц. Таму выдаткі не так моцна адбіваюцца на сямейным бюджэце. Хаця, прызнаў, былі выпадкі, калі праз вялікую канкурэнцыю кошт фотакартак перавысіў усе чаканні і межы разумнага. Аднак ці можна параўнаць суадносіны трат і вяртання гісторыі? Алег упэўнены, што не:
— Калі іх не набуду я, яны могуць назаўсёды знікнуць у прыватных калекцыях невядомых людзей. Чарговы рарытэт, які папаўняе архіў, дорыць неверагоднае пачуццё. Трымаючы ў руках гістарычны артэфакт, нібыта дакранаешся да самой гісторыі, адчуваеш сябе часткай бясконцага ланцуга пакаленняў. Гэтыя рэчы — як машына часу. Дапамагаюць перанесціся ў мінулае і паглядзець на свет вачамі тагачасных людзей.

Сёння ў калекцыі Лісоўскага — звыш 600 здымкаў горада часоў Вялікай Айчыннай, каля 30 унікальных фота 1918-га і больш ранніх. Шмат дарэвалюцыйных паштовак. Ёсць і некалькі аркушаў з газет і часопісаў канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя з артыкуламі пра Магілёў. Стварэнне незвычайнага віртуальнага архіва, зазначыў, для яго і хобі, і неверагоднае, захапляльнае падарожжа ў мінулае.
Таямнiчы Магiлёў
За гады пошуку Алег знайшоў шмат аднадумцаў у розных гарадах нашай краіны. Энтузіясты абменьваюцца інфармацыяй, дзеляцца ўражаннямі ад здабыткаў. Родныя інтарэс калекцыянера таксама падтрымліваюць і заўсёды гатовыя прыняць удзел у віртуальнай экскурсіі па невядомым Магілёве. Калекцыянер прызнае, што для яго ў горадзе дзяцінства і юнацтва самымі прыцягальнымі заўсёды былі не шумныя цэнтральныя, а бакавыя вулачкі і завулкі. Там, дзе яшчэ можна адчуць атмасферу старога Магілёва.
— На жаль, — выказаў свой погляд на сучаснасць, — такіх вулачак застаецца ўсё меней. Мадэрнавыя будынкі паступова выцясняюць подых мінулага. Вуліцы, якія можна было б ператварыць у рамантычныя аазісы старога горада, становяцца радавымі, звычайнымі.

Лісоўскі не хавае: ёсць у яго яшчэ адна мара: стварыць 3D-макет былога Магілёва. Па сутнасці, першы крок да гэтага ён ужо зрабіў: узнавіў аб’ёмную праекцыю Ратушы і адной з сінагог. Аднак з другім вырашыў пачакаць: палічыў, што яго работы больш аматарскія, таму будзе больш правільным гэту працу ў перспектыве даверыць прафесіяналам. Пакуль жа сілы сканцэнтруе на перакладах старажытных хронік па Магілёве і Беларусі. Частка яго работ ужо ўвасоблена ў зборніку «Магілёў у нататках і ўспамінах гасцей горада», які ахоплівае 1678—1918 гады. А ў хуткім часе землякі атрымаюць магчымасць разам з аўтарам адправіцца ў фантастычнае падарожжа па «Таямнічым Магілёве». Чытачы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з першымі раздзеламі будучай містычнай аповесці Алега Лісоўскага. Тут ёсць усё: каханне, пагоня, неверагодныя прыгоды герояў. Дзе адбываюцца падзеі? Пытанне, канешне, рытарычнае. Адказ вядомы: загадкавы сюжэт, які заснаваны на сапраўдных гістарычных фактах, мог здарыцца толькі ў адным месцы — старажытным Магілёве.
КАМПЕТЭНТНА

—Работу, якую праводзіць Алег Лісоўскі, можна пазначыць як грамадзянскі подзвіг. Мы супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў. У мінулым годзе ў выставачнай зале нашага музея прайшлі дзве выставы знойдзеных ім фотаздымкаў невядомага да гэтага часу Магілёва. Рэалізуем сумесна і другія праекты, у тым ліку па перакладзе гістарычных дакументаў. У планах на гэты год — правядзенне яшчэ адной фотавыставы. На гэты раз — фотакартак з выявамі Магілёва 1918 года.
svet.markova@gmail.com