Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Удзячная вучаніца Ніна Пээрна выдала ў Эстоніі кнігу вершаў “Жизненные перекрестки”, на вокладцы якой пазначана суаўтаркай і яе любімая настаўніца з Мінска Святлана Янушкевіч

Настаўніца як родная матуля

Як чужыя людзі становяцца роднымі? Мяне заўсёды радуюць прыклады такой прыязнасці, роднасці духоўнай. У свеце, завірусаваным злосцю, нянавісцю, пячорным “бабствам”-пляткарствам ды цынічным “мужланствам”, непаразуменнямі нават паміж людзьмі крэўнымі, гэта — як прарыў у новую рэальнасць. І надзея, што Любоў калі-небудзь і там пераможа, дзе пакуль правяць баль (шабаш?...) зусім іншыя багі...

Святлана Янушкевіч са сваімі былымі вучаніцамі ў дзень нараджэння. 22.12.2017 г.

Вечарам перад Калядамі, калі мінскія вуліцы прасвятляліся доўгачаканым снегам, жылі чаканнем нараджэння Хрыста-Любові, яны з’явіліся ў рэдакцыі: беларуска з Эстоніі Ніна Пээрна з сяброўкаю Гюльнарой Вальс. “Гюльнара — таксама настаўніца з Эстоніі, — казала Ніна. — Хоць і не беларуска па крыві, але ў курсе нашых беларускіх спраў. Можаце гаварыць па-беларуску: яна розныя мовы ведае, і нашу разумее”. Так і было! І толькі калі размова перацякала ў “тонкія матэрыі”, з адметнай лексікай, пераходзіў я на рускую. Парадаваўся за Ніну, да якой прыцягваюцца добрыя людзі розных нацыянальнасцяў. Зрэшты, ці ж мова, ці ж этнаскладнік галоўнае, калі ёсць паміж людзьмі душэўны кантакт? Адпачывалі яны разам у санаторыі пад Мінскам ды спецыяльна прыехалі — з падарункамі. Сярод іх і дзве кнігі. Пра адну — “Стихи Пимена Панченко в красках” — пісала нядаўна спадарыня Ніна ў тэксце “Сяброўская шапка эстонцаў” (ГР, 17.01.2018). Артыкул, нагадаю, пра тое, як летась у Эстоніі адзначалі 100-я ўгодкі народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, які нарадзіўся 23 жніўня 2017-га ў адным з рабочых баракаў горада Рэвеля (цяпер Талін).

А пра кнігу вершаў “Жизненные перекрестки”, падораную мне супляменніцай, варта расказаць напярэдадні традыцыйнага Дня сустрэчы выпускнікаў. Свята гэтае, як вядома, заўсёды мае прысмак радасці ды лёгкай тугі па мінулым. А праходзіць штогод у першую суботу лютага (у студэнтаў якраз вакацыі), сёлета прыпадае на 3 чысло. “Вельмі рада, што ўдалося мне выдаць нашу агульную са Святланай Аляксееўнай кнігу вершаў, — казала Ніна Пээрна. — Гэта вельмі дарагі для мяне чалавек, мы з ёй — як мама і дачка. Ёсць яшчэ ў яе блізкія вучаніцы, дык мы яе ўсе мамачкай завём. А калі мая родная мама памерла, то сустракаемся часта, разоў па шэсць на год. Як толькі я ў Мінску, то й Святлану Аляксееўну праведваю”. Госця, паколькі часу асабліва не было, расказала мне трохі пра галоўныя раздзелы кнігі, потым даслала “дапаможныя матэрыялы” — з імі пад рукою пішу нататкі.

У невялічкай прадмове Ніна Пээрна разважае, што ў жыццёвай дарозе з намі заўсёды ёсць нехта побач: родныя, сябры, знаёмыя... Часам блізкія мы з імі, а бывае, што разыходзімся — каб ніколі не сустрэцца. На яе думку, найважныя на жыццёвым шляху — скрыжаванні: “Перад імі варта спыніцца, задумацца: куды далей? Куды павядзе дарога, што мяне там чакае, каго я там сустрэну?” Эх, калі б жа мы такія мудрыя былі... Не заўсёды, на жаль, спыніцца-падумаць атрымліваецца.

Далей Ніна піша: “Як перасякліся жыццёвыя шляхі аўтараў зборніка, так і вершы пераклікаюцца паміж сабою. Першае ж нашае скрыжаванне, што паспрыяла й стварэнню зборніка, — гэта пачатак вучобы ў Мінскім педвучылішчы ў 1Б групе, дзе нас прыняла пад крыльца наша “мама”: Янушкевіч Святлана Аляксееўна. Больш блізкага чалавека для нас, 14-гадовых дзяўчатак, у той час не было: мы ж усе прыехалі вучыцца, пакінуўшы родныя дамы”. Калі ж праляцелі чатыры гады вучобы, то й далей у кожнай з вучаніц былі свае дарогі, скрыжаванні. “Аднак дарозе да сваёй роднай настаўніцы мы не даём зарасці травой, з горыччу і радасцямі спяшаемся да яе. Бо яе жыццё — гэта мы, яе вучаніцы”.

І Ніна Пээрна пайшла па слядах любімай настаўніцы: стала выдатным педагогам. А зборнік вершаў, агульны для іх, высвечвае дарогу з жыццёвымі скрыжаваннямі настаўніцы і вучаніцы. У кнізе ёсць вершы пра родную зямлю і вечную любоў, горыч адзіноты, пра вернае сяброўства, прыгажосць жыцця і непрадказальнасць лёсу. І пра вечную красу прыроды ў любую пару года. “Няхай кожны з вас у нашых вершах знойдзе нешта для сябе і пра сябе. З любоўю, Ніна Пээрна”, — такімі словамі завяршаецца цёплы, шчыры зварот да чытача.

Варта дадаць, што Ніна Пээрна (у дзявоцтве Сухарук) нарадзілася на Гомельшчыне, у Жлобіне, цяпер вядомым у свеце як горад металургаў. Закончыўшы 8 класаў у 7-й жлобінскай школе, паступіла ў Мінскае педвучылішча. Закончыла яго з адзнакай, а потым — і Мінскі педінстытут (1986). У час вучобы выйшла замуж, пераехала ў Эстонію. Працавала ў Калгаскай сярэдняй (1986-93) школе выкладчыцай рускай мовы як замежнай. Закончыла Талінскі педінстытут, у 1993-м перайшла ў Табасалускую гімназію. Сёлета, дарэчы, будзе 25-гадовы юбілей, а ўвогуле настаўніцкі стаж у яе 32 гады. Ніна Пээрна цяпер вядомая ў Беларусі як актыўная дзяячка беларускай дыяспары ў Эстоніі, мае званне метадыста рускай мовы, а ў 2010-м была ўшанавана ганаровым званнем Настаўнік года.

А хто тыя іншыя блізкія вучаніцы, якія таксама называюць Святлану Аляксееўну Янушкевіч мамачкай? На здымку з сустрэчы з настаўнiцай у яе Дзень нараджэння (22.12.2017), дасланым Нінай Пээрна, ёсць тыя жанчыны, каму прысвечаны вершы настаўнiцы — і яны ўсе атрымалі ў падарунак унікальную кніжку вершаў. Злева з краю — Людміла Тарусава (у дзявоцтве Кавалёнак): цяпер яна кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У акадэміі ж Людміла Георгіеўна і першы прарэктар. “Аўтар больш чым 70 навуковых і навукова-метадычных прац, апублікаваных у айчынных і замежных выданнях,” — чытаем на сайце акадэміі. Таксама важны штрых на карысць таго, якія таленавітыя вучаніцы ў Святланы Аляксееўны.

Другая на здымку — Алена Сугака (у дзявоцтве Ціхан): загадвае рэдакцыяй часопіса “Пачатковая школа”. Раней працавала ў адным з дзіцячых садоў-ясляў Мінска, рэдактарам аддзела часопіса “Пралеска”. Дарэчы, у 2013-м часопіс “Пачатковая школа” быў адзначаны ў Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ “Залатая Літара” — як лепшае спецыялізаванае галіновае выданне. Гэта ж і яе, Алены Генрыхаўны, заслуга, і таксама вытанчанае ўпрыгажэнне “паслужнога спісу” педагога Святланы Янушкевіч. З пісем Ніны Пээрна мы ведаем, што яе настаўніца — таленавітая галінка моцнага шляхецкага роду, а ў пару, калі Ніна з сяброўкамі былі навучэнкамі педвучылішча (1976-79), Святлана Аляксееўна была там кіраўніком групы і выкладала псіхалогію. Далей на здымку — Ірына Уладзіміраўна Аляксандранка (дзявочае прозвішча ў яе Абляк): пасля педвучылішча і юрыдычную адукацыю атрымала, працуе ў сферы бізнесу. А пра Ніну Пээрну мы ўжо раней крыху расказалі.

Спадзяюся, гэтыя людзі, як і сама кніга вершаў “Жизненные перекрестки”, стануць прыкладам для іншых: як ісці па жыцці, як жыць, каб сустракаліся нам на жыццёвых дарогах прыгожыя, таленавітыя, а галоўнае — родныя па духу людзі.

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter