Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Юры Скіндэрскі больш за 20 гадоў выкладае фізіку ў Лiепайскай 12-й сярэдняй школе Латвii

Настаўнік родам з Браслава

Ёсць такая тэлеперадача: “Сто пытанняў даросламу”. І якраз у такім фармаце педагогі з вучнямі вырашылi правесці ток-шоу ў Лiепайскай 12-й сярэдняй школе. Прычым адным з галоўных герояў пажадалi бачыць нашага земляка, настаўнiка фiзiкi Юрыя Уладзiмiравiча Скiндэрскага. Чаму яго? Пэўна, таму, што прадстаўнiкоў моцнай палавiны чалавецтва працуе ў школе няшмат. Да таго ж Юры Уладзiмiравiч — самы моцны фiзiк у Лiепаi. Вучнi яго — пастаянныя ўдзельнiкi рэспублiканскiх i мiжнародных алiмпiяд, прывозяць адтуль узнагароды, якiмi ганарыцца наш горад.

Юры Скiндэрскi з настаўнiцай хiмii Алай Юзэфовiч і вучнямі
Фота Палiна Галковiч

Мне ж цiкава было паслухаць земляка i задаць свае пытаннi. Скажам, цi памятае ён беларускую мову? Юры Уладзiмiравiч нават здзівіўся ды адказаў чыста па-беларуску: “А чаму ж не ведаю! Родная мова не забываецца”. Родам ён з Браслава. Закончыў Даўгаўпiлскi педiнстытут, а працавaць паехаў у Лiепаю. “Вельмi хацелася жыць каля мора, — тлумачыць свой выбар. — І жыллё тут абяцалi маладым спецыялiстам даць у хуткiм часе”. Згадвае: прыехаў у горад — і адчуў дыханне мoра. Спытаў у стрэчнага: “А якi трамвай давязе мяне да мора?”. Той усмiхнуўся: “У нас толькi  адзiн трамвай i ходзiць”. Даехаў беларус да вулiцы Грауду, прыйшоў да мора. Вось яно якое: сiняе-сiняе, бяскрайняе, як ён сабе i ўяўляў. Кудысцi з’ехаць нiколi й не жадаў: неяк адразу прыжыўся, прырос да гэтых мясцiн, адчуў сябе сваiм, тутэйшым. З часам тут склалася ў Юрыя свая сям’я, нарадзiлiся два сыны, якiя ўжо выбралi свае дарогі ў жыццi.

Юры Скіндэрскі прадоўжыў дынастыю настаўнiкаў: педагогам была мацi, дырэктарам школы працаваў у Беларусi старэйшы брат. А ці не хацелася й яму пакіраваць? Не, бачыць сябе менавiта настаўнiкам, адмiнiстрацыйныя клопаты — не для яго. Вельмi падабаецца яму фізіка, як і працаваць з дзецьмi, далучаць іх да неверагодна цікавай, вельмі практычнай навукі. Сыны, аднак, у фізіку не пайшлі, а некаторыя вучні — так, звязалi з ёй свае лёсы. І за тое вельмi ўдзячныя настаўнiку. I ўжо таму, лiчыць зямляк, сваю мiсiю ў гэтым жыццi ён выканаў.

Колькi нi сустракаю ў Лiепаi беларусаў — кожны вельмi цёпла згадвае пра Бацькаўшчыну. З радасцю едуць яны на адпачынак у родныя мясцiны, да сваякоў, сяброў i блiзкiх. І Юры Уладзiмiравiч таксама. Для яго калі ёсць Браслаўскiя азёры, казаў, то не трэба ўсякiх там Канараў. Пра iншае месца адпачынку й не марыць. Улетку для яго адзiны маршрут: на Браслаўшчыну. Там набіраецца i сiл, i натхнення, адчувае сябе моцным духам i ўпэўненым у сваiх сiлах. Зрэшты, гэтак жа й павiнна быць у родным краі. Нямала ў Ліепаі настаўнiкаў, што нарадзiлiся ў Беларусi, атрымалi там прафесiю i прыехалi працаваць сюды. Кожным з iх магу ганарыцца: моцныя прафесiяналы, умеюць ладзiць з калегамi, знаходзяць агульную мову з дзецьмi. Вось і сустрэча ў фармаце “Сто пытанняў даросламу” прыадкрыла для мяне цікавага земляка: Юрыя Скiндэрскага. Настаўнiк ад Бога, цудоўны фiзiк, светлы чалавек, беларус па душы і вобразе думак: любіць Бацькаўшчыну, тужыць па ёй, ганарыцца поспехамi. Ды й сам жыве так, што Радзіма, землякі з Браслаўшчыны могуць ім ганарыцца.

Валянцiна Грыбоўская, г. Лiепая

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter