Учительница со Столинщины издала поэтический сборник

Настаўнiк павiнен быць таленавiтым ва ўсiм

АД РЭДАКЦЫI. Прафесiя настаўнiка, асаблiва сельскага, нездарма карыстаецца вялiкай павагай у грамадстве. У глыбiнцы таленавiты чалавек на такой пасадзе з’яўляецца сiмвалам асветы, менавiта ён дапамагае стаць на крыло iншым талентам. Настаўнiца з вёскi Мачуль, што на Столiншчыне, Галiна Сiдараўна Бабарыка пiша вершы з дзяцiнства. Нядаўна ў брэсцкiм выдавецтве «Альтэрнатыва» выйшаў яе чарговы зборнiк «Дарога ў восень». Мы атрымалi водгук на гэтую кнiгу члена Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Вольгi Шпакевiч, якая таксама з’яўляецца настаўнiцай, выкладае ў мiнскай гiмназii № 25. 


Як сцвярджаюць даследчыкi лiтаратуры, адна з прыкмет таленту — шчырае, адкрытае выказванне ў вершах сябе. Гэта якраз бачна ў зборнiку Галiны Бабарыка. Чытаеш i бачыш характар чалавека, яго жыццёвае крэда: «Лёсу прысуд: без выгоды Радзiме заўсёды служыць». Паэтэса, якая ўсё сваё жыццё прысвяцiла навучанню i выхаванню дзяцей, мае права сказаць за ўсiх калег–настаўнiкаў:

Iдзе Настаўнiк на Работу,

Нясе святло... Не можа не нясцi.

Менавiта так: з вялiкай лiтары! I гэтая акалiчнасць таксама характарызуе аўтара як чалавека i грамадзянiна. А ў вершы «Маiм дзецям» ёсць такiя радкi: «I не прыпомню таго дня, Каб я ў зла была за служку».

Роздум Галiны Бабарыка пра вечныя каштоўнасцi, пра сэнс i прызначэнне чалавечага жыцця вызначае не толькi паэтычную, але i грамадзянскую пазiцыю:

Нехта iмкнецца да зорак

Сiлай, уладай, грашыма,

Шчасце будуе на моры

Слёз, што пралiта другiмi.

Пойдзе на подласць, на здраду,

Зманiць — не моргне вачыма,

Сябар, пакiнуты ззаду...

Бацька i мацi... Радзiма...

Шырока прадстаўлена ў зборнiку духоўная тэма. Чытаючы гэтыя вершы заўважаеш, што паэтэса ўяўляе Бога не дзесьцi ў нябёсах, а мае ў сваёй душы i адчувае ў душах iншых людзей. Бог — адзiны, хто можа дапамагчы: «Прад Богам часiнаю горкаю малюся матулiнай моваю». У гэтым жа вершы «Матулiна мова» асацыяцыяй з распнутым Сынам Божым выступае мова (не выпадкова Хрыстос мае яшчэ адно iмя: Слова):

Яно ж на вякi разапнутае

Цудоўнае, роднае слова.

Не бачым, як мова пакутуе,

I носiм чужыя абновы.

Як i кожную сям’ю ў Беларусi, родных Галiны Бабарыка не абышла Вялiкая Айчынная вайна, пакiнуўшы свой чорны след. Вось якi лёс напаткаў прабабку паэтэсы:

Нiколi прабабка мая

З чужыны вярнуцца не зможа:

Чужая трымае зямля,

Чужое нязручнае ложа.

Сама аўтар адносiць сябе да дзяцей вайны, да дзяцей Перамогi: «Мы ўсе — той Перамогi дзецi: Каб не яна, то хто б з нас жыў?» Ушаноўваючы подзвiг герояў вайны («i вы напiсалi фашызму Сваё беларускае «Не!»), паэтэса, мацi дае наказ свайму сыну:

Служы, мой сын, як бацька, дзед,

Як прадзеды твае служылi,

Што ў сорак пятым весь Сусвет

Ад чорнай хмары засланiлi..

Сын, дзецi... Свае i чужыя — гэта сiмвал будучынi. Зыходзячы з рэалiй дня сённяшняга, якi ў паэзii Галiны Бабарыка напоўнены працай, прыемнымi клопатамi, радасцю, можна меркаваць, што i будучыня будзе добрай.

Вольга ШПАКЕВIЧ (БIРУК),
настаўнiца гiмназii № 25 Мiнска, член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

Советская Белоруссия № 54 (24936). Четверг, 24 марта 2016
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter