Настаўнік з Полаччыны

Арцём Баханькоў бараніў Бацькаўшчыну ад ворагаў, родную мову — ад занядбання. Ён абгрунтаваў неабходнасць стварэння ў краіне асобнай мовазнаўчай службы.
Арцём Баханькоў бараніў Бацькаўшчыну ад ворагаў, родную мову — ад занядбання. Ён абгрунтаваў неабходнасць стварэння ў краіне асобнай мовазнаўчай службы.

Пэўна, кожнаму, хто вучыўся ў беларускай школе, знаёмае яго прозвішча. Гэта ён разам з калегамі-мовазнаўцамі стварыў “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” — карысны даведнік для школ, які пабачыў свет у 1966-м і потым не раз перавыдаваўся. Увогуле ж ад пачатку 60-х і да сыходу з жыцця ў 2001-м Арцём Яўхімавіч Баханькоў быў аўтарам, суаўтарам ці рэдактарам многіх слоўнікаў. Галоўнае ж, што ўдалося зрабіць моваведу — унесці важкі ўклад у стварэнне першага завершанага “Тлумачальнага слоўніка ў пяці тамах”. Акадэмічны даведнік, які выдаваўся ў 1977-84 гадах, і цяпер запатрабаваны, служыць каштоўнай крыніцай моўных ведаў. Варта дадаць, што ініцыятарам, ідэолагам слоўніка быў вядомы пісьменнік і лексікограф Мікола Лобан.
А доктарскую дысертацыю ў 1986-м Арцём Баханькоў абараняў, маючы манаграфію “Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс”. Матэрыялы для яе вучоны, педагог збіраў шмат гадоў і прыйшоў да высновы: у краіне трэба мець службу слова, ці, як казаў Мікола Лобан, акадэмічны Інстытут слова. Прычым Арцём Яўхімавіч разгорнута абгрунтаваў такую прапанову. Мяркую, з часам гэтая ідэя будзе ўвасоблена ў жыццё.
Адкуль у вучонага такая прыхільнасць да роднай мовы? Пэўна, у землякоў вялікага Францыска Скарыны ёсць асаблівы настрой душы, “вялікая ласка” да тых мясцін, дзе яны свет пабачылі. А нарадзіўся будучы мовавед 90 гадоў таму, 29 студзеня, у вёсцы Саламір’е Полацкага раёна: яна стаіць на беразе прыгожага возера. Закончыўшы Полацкае педвучылішча перад вайной, Арцём Баханькоў нядоўга папрацаваў настаўнікам і дырэктарам пачатковай школы. Вайну пачаў партызанам у брыгадзе імя Варашылава, а закончыў у 1945-м у Румыніі. Тры раненні, два медалі “За адвагу”, шэраг Падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага — так ён ваяваў. Дарэчы, цяпер на сайце Полацкага райвыканкама Арцём Баханькоў ушанаваны як знакаміты зямляк.
Пасля вайны ён зноў працаваў педагогам, завочна вучыўся ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Ветэрана вайны запрасілі працаваць у акадэмічны Інстытут мовазнаўства — там і шчыраваў амаль 40 гадоў. Абараніў доктарскую, атрымаў прафесарскае званне, а з 1992 года загадваў кафедрай беларускай мовы пры Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук. Цяпер падлічана: каля 130 навуковых артыкулаў і кніг паспеў напісаць руплівец.
Яго памятаюць, у тым ліку і на Полаччыне, якую ён вельмі любіў, чалавекам сціплым і сумленным. І сваю любоў да малой радзімы ён перадаў дзвюм дочкам і сыну. Яны згадваюць, што бацька іх сябраваў з пісьменнікамі Алесем Адамовічам, Іванам Чыгрынавым, працаваў побач з класікамі. А на Полаччыне людзі ішлі да Арцёма Яўхімавіча як да сябра і настаўніка: на шчырую размову, па добрую параду...

Аляксандр Арцёмаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter