30 января исполняется 100 лет со дня рождения народного писателя Ивана Шамякина

Нашы сэрцы на яго далоні

Сёння 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Івана Шамякіна, сваю першую аповесць «Помста» ён напісаў у пераможаным Берліне

Мне выпала шчасце два дзясяткі гадоў быць побач з Іванам Пятровічам ШАМЯКІНЫМ, чуць яго мудрае слова. Было шэраг сустрэч, некалькі памятных вандровак па Беларусі. З гарачай любоўю сустракалі яго чытачы і ў родным Гомелі, горадзе даваеннага юнацтва, і ў Лепелі, і ў Глыбокім. На літаратурных сустрэчах пісьменнік быў заўсёды ўзрушаным, як пачатковец, бо выносіў на людзі свае ўласныя перажыванні, занепакоенасць, прамаўляючы, як бы раіўся, шукаў маральнага апірышча для апраўдання або асуджэння ўчынкаў сваіх герояў. У Глыбокім, дэманструючы на прэм’ерным паказе фільм «Эпілог», таленавіта створаны незабыўным рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым, яшчэ раз прыгадаў гісторыю напісання аповесцей «Вернісаж» і «Адна на падмостках», якія сталіся сцэнарнай асновай карціны. «Я хачу аднаго, каб наша жыццё не было такім — жорсткім і бесчалавечным…» — сказаў тады пісьменнік са сцэны. Яго турбаваў лёс і творчай інтэлігенцыі Беларусі, хацелася, каб творчыя людзі як мага хутчэй займелі запатрабаванасць на новых падмостках жыцця, каб іх рэальны ўдзел у сучасным жыцці быў значным і чутным.

КОЖНАМУ нашаму суайчынніку імя Івана Шамякіна гаворыць багата. Усе высокія дзяржаўныя і грамадскія пасады, на якіх служыў роднай Беларусі, яскрава засведчаны талентам. Пачынаючы з першых даваенных і ваенных вершаў, з аповесці «Помста», напісанай у пераможаным Берліне сорак пятага на дабротнай нямецкай паперы нейкіх пазбіраных бланкаў, разгортваецца перад намі вялікі літаратурны шлях сапраўднага майстра слова, поўны самых значных творчых дасягненняў. Узяць хаця б толькі раманную частку гэтага шляху — «Глыбокая плынь», «У добры час», «Крыніцы», «Трывожнае шчасце» (пенталогія), «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Петраград — Брэст», «Зеніт», «Злая зорка», «Вялікая княгіня», «Губернатар»… А ў дадатак цэлы шэраг аповесцей, п’ес, апавяданняў, публіцыстычных артыкулаў, з якімі пісьменнік рэгулярна выступаў у перыядычным друку, і, безумоўна, кнігі для дзяцей і дзённікавыя запісы, якія сталіся запаветнай кнігай пісьменніка «Роздум на апошнім перагоне».

Такі ён — вялікі і духоўна трывалы літаратурны мацярык Івана Шамякіна. Яшчэ і цяпер на яго прасторах трапляецца новае, раньш не вядомае. Так, у часопісах «Маладосць» і «Полымя» апублікаваны дзённікавыя старонкі з даваеннага юнацтва і апошніх гадоў жыцця, першыя вершы, апавяданні і «Грузінская аповесць». Уважныя спадчыннікі і сягоння рыхтуюць новае з пісьменніцкага архіва, што неўзабаве патрапіць у нашы літаратурныя выданні. Выйшаў і паўнаважкі Поўны збор твораў пісьменніка, падрыхтаваны акадэмічным Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Сапраўдным гуманізмам, як касцёр цеплынёй, дыхаюць і дыхаюць шамякінскія старонкі, даводзячы нам, беларусам, запаветную, вынашаную пісьменнікам ісціну: жыццё на зямлі пры любых абставінах павінна заставацца па-чалавечы адказным і годным. Сягоння, калі агульнымі фізічнымі і духоўнымі намаганнямі нашага народа пабудавана маладая суверэнная краіна Беларусь у цэнтры Еўропы, сілы шамякінскай духоўнай падтрымкі становяцца асабліва заўважнымі. Чытаючы яго кнігі, мы быццам глядзімся ў люстра самога жыцця, да яснаты бачым клопаты папярэднікаў і сучаснікаў, іх адухоўлены парыў сталяваць такую беларускую будучыню, за якую не сорамна перад усім светам.

Іван Пятровіч Шамякін як знаны дзяржаўны і грамадскі дзеяч адным з першых прывітаў наша маладое беларускае дзяржаўнае будаўніцтва. Ён жадаў, каб маладая Беларусь паўстала на карце свету паўнавартасна духоўна і эканамічна развітай дзяржавай, каб не страціла свайго працалюбства ў пару танных ліберальных спакус, каб годна сталявала сваё чалавечае жыццё, прымнажаючы здабыткі, памятаючы тую рэальную цану крыві і поту, заплачаную за наша зямное існаванне.

Гаворачы з суайчыннікамі мовай сапраўднага мастацтва, Іван Пятровіч непакойліва памятаў, што чалавечае шчасце заўжды трывожнае. Калі яно ёсць, то заўсёды знойдуцца і тыя, хто захоча ім пакарыстацца падманліва шчодра. Асабліва ўстрывожаным быў, калі на зломе эпох учынілі свой «сатанінскі тур» махляры і дзялкі, героі бясчасся. І як радаваўся на апошнім юбілейным вечары, прамаўляючы сваё развітальнае слова з купалаўскай сцэны, што беларускае жыццё рушыла дальш абачлівым і мудрым шляхам, што яно эканамічна дужа ўстае на ногі. Іван Пятровіч Шамякін — з тых, хто ведаў: калі будзе ў нас краіна, то будуць у народа і хлеб, і песня.

Хочацца прыгадаць і той хвалюючы клопат пісьменніка, які сагрэў не адно чалавечае сэрца заступніцкай увагай у трывожныя дні далёкага ўжо 1986 года — года чарнобыльскай катастрофы. Як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Іван Пятровіч адразу ж пасля пачутай весткі пра аварыю рушыў у сваю выбарчую акругу — Рэчыцу, Хойнікі, Брагін, Нароўлю, каб на ўласныя вочы пабачыць усё тое, што адбылося, каб знаходзіцца побач з пацярпелымі людзьмі. Мне выпала быць з ім у адной з такіх паездак, стаць сведкам нераўнадушша да лёсу лю­дзей, калі тагачаснымі партыйнымі ўладамі замоўчваліся маштабы катастрофы. Я памятаю і тую паваротку ў вёску Веляцін за Хойнікамі, дзе ў адзін з першых пасляваенных гадоў малады Іван Шамякін жыў і пісаў свой самы шчасліва спанадзейлівы раман «У добры час». Як тады марылася пісьменніку, што зямное жыццё наша будзе светлым, бязвоблачным. І вось цяпер, глянуўшы ў далёкую памяць, у бок апрамененага Веляціна, ён прызнаўся нам, сваім спадарожнікам, што напіша новы раман пра гэту зямлю, што збірае для яго матэрыял. І гэтым раманам неўзабаве стала «Злая зорка».

Сюжэтнае развіццё твора супадае з самой хронікай падзей. Яго галоўныя героі рэальна пазнавальныя, выхапленыя з самога трывожнага тагачаснага жыцця. Зажурана-прачула гаворыць пісьменнік пра чарнобыльскае Палессе: «Такое і ў кіно не бачылі. Бачылі спаленыя вёскі, пустыя, адкуль людзі адыходзілі ў лясы ці іх выганялі гвалтоўна на смерць, на здзек, на доўгае падарожжа ў Германію. Але на ўсіх тых вёсках ляжаў след вайны, разбурэння. А тут жа ўсё дагледжанае і… усё нікому не патрэбнае. Сушацца на платах гладышкі, на гэтых жа платах і на вяроўках у дварах посцілкі, коўдры, андаракі, спадніцы, бялізна, многа добрага адзення — мылі, сушылі перад святамі. За шыбамі вокнаў гардзіны, квяцістыя фіранкі. У адной хаце акно засталося адчыненым, і вецер калыша фіранкі. «Аганёк» кветкамі-зорачкамі лапушыста лезе з акна, як бы хоча пацалавацца з бэзам. Як ён буйна цвіце, бэз, ледзьве не ў кожным агародчыку!» Гэта ўбачанае той чарнобыльскай вясной, якая апаліла сабой паўсвету, зрабіўшы наш беларускі лёс постчарнобыльскім. На той нялёгкай дарозе я занатаваў у блакнот верш, прысвечаны Івану Пятровічу:

Густа слаўся абсяг палынамі,

Гасла ў полі імгла.

І сляпуча ў блакіце над намі

Злая зорка ўзышла.

Разгаралася сумна і горка

У атруце нябёс

Палыновая, лютая зорка,

Наш прарочачы лёс.

Быў пагляд патаемны і строгі,

Стыглі, мерклі палі.

А па ўзбоччы айчыннай дарогі

Цені продкаў брылі.

Кроў у жылах маіх халадзела,

Гас пад зоркаю свет.

Як балесна Палессе глядзела

Высяленцам услед!

Разрасталася зорка; як рана —

Загаралася ў ёй

Шчэ нязнаная далеч рамана

Самай белай крывёй.

Патаемная сэрца гаворка

Над паперай пакут:

Палыновая, лютая зорка,

Абыдзі родны кут!

Беларусь мужна выстаяла пад навалай Чарнобыля. Годна, не шкадуючы бюджэтных сродкаў змагаецца з рэальнымі і магчымымі наступствамі катастрофы. У гэтую агульна дзяржаўную справу ўнёс сваю немалую лепту і ён, Іван Пятровіч Шамякін. І сваёй творчасцю, і сваімі грамадскімі ўчынкамі. А яшчэ і цеплынёй сэрца, бо колькі падтрымаў людзей непасрэдна, дапамог, суцешыў. І ў сягонняшніх Хойніках, безумоўна, парадаваўся б сапраўднай мужнасці сваіх землякоў, якія годна выстаялі на ўскраі самай жорсткай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя і такім вабным, прыгожым, гістарычна адметным і значным зрабілі свой раённы горад. А яшчэ — азарылі яго светлынёй дзіцячых усмешак.

ПАКРУЧАСТЫМІ дарогамі лёсу Іван Пятровіч Шамякін пранёс па-сапраўднаму лебядзіную вернасць каханай жанчыне — жонцы, незабыўнай Марыі Філатаўне. Пакаленні зачытваліся і зачытваюцца старонкамі юнацкага лёсу, пройдзенага праз выпрабаванні вайны, герояў «Трывожнага шчасця» Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай. Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка. І завяршыўся ён ужо на зломе ХХ стагоддзя прачулай аповесцю-рэквіемам «Слаўся, Марыя!», прысвечанай памяці дарагога чалавека, стаў своеасаблівым гімнам беларускай жанчыне.

Пісьменнік-франтавік Іван Пятровіч Шамякін глядзеў заўсёды бязлітасна мужна ў вочы жыццю. Адным з самых хвалюючых святаў у шамякінскай сям’і быў Дзень Перамогі. Пісьменнік часта сустракаўся з маладымі воінамі — прадаўжальнікамі ратнае справы яго франтавога пакалення. Такія сустрэчы адбываліся і ў Доме афіцэраў, і непасрэдна ў воінскіх часцях, куды ён ахвотна выязджаў па запрашэнні ваенна-шэфскай камісіі Міністэрства абароны. Чуючы памяць сваёй вайны, Шамякін жадаў маладым байцам толькі мірнага неба над галавой. Запісаў у сваім дзённіку пасля адной такой сустрэчы: «На канцэрце плакаў, як бабёр, — так расчулілі дакументальныя кадры вайны, франтавыя песні. Я па прыродзе сентыментальны. Але не да такой ступені: раней ад песень не плакаў. 9-га глядзеў «А зоры тут ціхія» — зноў наплакаўся. Сам сачыняў падобныя сюжэты. Яны, тыя з фільма, мае равесніцы, але мне ўяўляліся ўнучкамі. Божа мой! Які гэта страх — вайна!»

У жалобнай зале Дома афіцэраў 15 кастрычніка 2004 года развіталася Беларусь са сваім любімым пісьменнікам. Каля труны стаялі ссівелыя паплечнікі, маладое пакаленне мінчан рушыла няспынным патокам — несла апошнія жывыя кветкі вялікаму сыну Бацькаўшчыны. Ён адыходзіў і адначасна вяртаўся. Вяртаўся, каб прымножыць духоўную сутнасць нашага жыцця, каб мужна і стойка бараніць вечныя каштоўнасці на новых віражах айчыннай гісторыі.

Мікола МЯТЛІЦКІ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter