
Жыццё рознымі шляхамі прывяло гэтых людзей у французскую сталіцу, розныя лёсы напаткалі іх, але ўсіх аб’ядноўвала жаданне вучыцца, ствараць і радаваць іншых сваім мастацтвам. Нягледзячы на голад, хваробы, матэрыяльныя цяжкасці і творчыя крызісы, яны здолелі стаць у адзін шэраг з карэннымі французамі і ўзбагаціць Парыжскую школу нацыянальнымі адценнямі.
Падрабязна пра беларускіх прадстаўнікоў Парыжскай школы з нядаўняга часу можна даведацца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі nlb.by. Віртуальная выстава носіць назву «Парыжскі «Вулей»: сустветна вядомыя мастакі з Беларусі». Экспазіцыя ўключае галерэю найбольш значных твораў аўтараў, фотаздымкі, літаратуру з фондаў бібліятэкі, а таксама знаёміць з цікавымі фактамі з жыцця мастакоў, успамінамі іх сяброў, меркаваннямі сучаснікаў. Гэта дазваляе зразумець, якімі таленавітымі творцамі і неардынарнымі асобамі яны былі.

Да прыкладу, Восіп Цадкін стаў адным з родапачынальнікаў кубістычнай скульптуры з завостранымі фігурамі, увагнутымі паверхнямі, геаметрызмам форм. Яго творы ўпрыгожылі Парыж, Ратэрдам, Амстэрдам, Іерусалім і іншыя гарады. Пінхус Крэмень праславіўся ў першую чаргу сваімі натурнымі пейзажамі, сярод якіх цэлы шэраг відаў невялікага французскага горада Серэ, дзе мастак жыў з сям’ёй. А Восіп Любіч быў зачараваны загадкавымі акрабатамі, эквілібрыстамі, наезнікамі, танцоркамі, клоўнамі, таму цэнтральнае месца ў яго творчасці занялі тэатральныя і цыркавыя тэмы.
Пакуль з праектам можна пазнаёміцца на беларускай мове, але хутка, удакладняюць аўтары, будзе даступна і рускамоўная версія.
mila@sb.by