В сельской школе Осиповичского района прививают любовь к родному языку и истории

Нашы: мова, патрыятызм, гісторыя

У Асіповіцкім раёне настаўнікі шукаюць новыя формы выхавання любові да Радзімы

Сельская школа — адзін з асяродкаў нашай роднай мовы ў сучасным свеце. Так, па назіраннях настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ліпеньскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Таццяны Арцёмчык, у апошнія гады палова 11-класнікаў звычайна выбірае яе прадмет у якасці выпускнога экзамена і на цэнтралізаванае тэсціраванне. У гэтым годзе новаўвядзенне чакае і 9-класнікаў: упершыню за доўгі час яны будуць здаваць гісторыю Беларусі вусна. Цікаўнасць да сваіх каранёў, да мовы і гісторыі роднага краю ліпеньскія настаўнікі прывіваюць з маленства. У тым ліку і нестандартнымі падыходамі, напрыклад вучаць ствараць модныя буктрэйлеры, а таксама рэжысіруюць гістарычныя рэканструкцыі.


Таццяна Пятроўна прыехала выкладаць дзецям роднае пісьменства амаль 40 гадоў таму, а яе карані — на Палессі. Пры гэтым лёсам было наканавана, што сваё прызванне яна выбрала яшчэ падчас вучобы ў школе. І незвычайнай: Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа ў Ганцавіцкім раёне вядомая тым, што тут выкладаў сам класік беларускай літаратуры. 

У юнацтве я пераймала веды у яго вучняў, слухала іх успаміны, — дзеліцца Таццяна Пятроўна. — У студэнцкія гады рабіла навуковыя працы на аснове унікальных дакументаў, у тым ліку лістоў, якія пісаў Якуб Колас люсінскім школьнікам. У мяне мову выкладала заслужаная настаўніца БССР Людміла Мікалаеўна Бельмач. Менавіта яна падказала мне падаць дакументы ў педагагічны вуз. 

Калі пасля навучання выпускніца сама трапіла па размеркаванні ў сельскую школу, прысвяціла ёй верш. У ім ёсць такія радкі: 

Ды чым адплаціць за веды, што далі, 
За ночы над сшыткамі, што недаспалі?
На змену іду, дабру буду вучыць, 
Мо гэтым змагу я за ўсё адплаціць.

Што выклікае цяжкасць ў сучасных шкаляроў пры вывучэнні роднай мовы, якія заданні падаюцца найбольш складанымі? Па меркаванні настаўніцы, галоўная праблема — па-беларуску мала гавораць у асяроддзі, дзе жывуць дзеці. Але ўсё адно яны здольныя засвойваць сваю мову.

Настаўніца Таццяна Арцёмчык і Яўгенія Падтыкалава.

Часам вітаюцца са мной па-руску, а напрыканцы ўрока чую «да пабачэння», — дзеліцца Таццяна Пятроўна. — Найбольш цяжкія заданні звязаны з дыялектнымі словамі, якія дзеці не разумеюць. Часта просяць патлумачыць. 

У той жа час моладзь не губляе цікаўнасці да мовы. Некаторыя выпускнікі Таццяны Пятроўны поўнасцю перайшлі на яе, калі сталі дарослымі. Праяўляюць любоў да літаратурнага слова і сучасныя вучні. Так, вучаніца 9 класа Таццяна Дрозд не так даўно заняла з вершам прызавое месца на конкурсе «І кружыцца планета Куляшова». 

Яшчэ адна маленькая зорачка Ліпеньскай сярэдняй школы — Яўгенія Падтыкалава. Яна неаднойчы займала прызавыя месцы на раённных алімпіядах па беларускай мове. Не так даўно адзначылася другім вынікам на раённым конкурсе буктрэйлераў, прысвечаным 140-годдзю Якуба Коласа. Цікаўлюся, што гэта за жанр — буктрэйлер? Аказалася, гэта невялікі відэакліп, зняты вучнямі, дзе эмацыянальна прадстаўлены анонс твора. Яўгенія выбрала для сваёй творчай працы верш Якуба Коласа «Гусі». Ведаюць яе таксама як спявачку, 7-классніца ўзяла Гран-пры на конкурсе «Хваля збірае сяброў». Адна з яе любімых песень на беларускай мове — «Куточак Беларусі».

— Любоў да мовы, патрыятызм закладвае і вывучэнне гісторыі, — далучаецца да размовы настаўніца гісторыі Ліпеньскай сярэдняй школы Вольга Падвойская. — Разам з вучнямі мы здымаем відеафільмы-рэканструкцыі ваенных падзей, удасканальваем музей «Баявой і працоўнай славы», былы дом сям'і патрызанкі Рымы Кунько і яе братоў-падпольшчыкаў. Дарэчы, бацька мясцовай гераіні Уладзімір Данілавіч выкладаў беларускую мову і літаратуру, да вайны некаторы час быў дырэктарам Ліпеньскай сярэдняй школы.

Настаўніца Вольга Падвойская і 11-класніца Лізавета Джавакова

Адна з найбольш актыўных памочніц Вольгі Аляксееўны — 11-класніца Лізавета Джавакова. Сельская школьніца была адзінай удзельніцай ад Асіповіцкага раёна беларуска-расійскага праекта «Цягнік памяці», які праходзіў у рамках ІХ Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў мінулым годзе. Ліза неаднойчы перамагала на абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсах і акцыях, у тым ліку рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў у рамках патрыятычнай акцыі «Я гэты край Радзімаю заву». Адну са сваіх навуковых работ 11-класніца прысвяціла агітацыйным плакатам, якія беларускія газеты друкавалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння школы гісторыю Беларусі можна здаваць па жаданні, але Ліза выбрала менавіта гэты прадмет для цэнтралізаванага экзамена. Акрамя таго, яна займаецца ў мастацкай школе, бо ў планах — паступаць у ВНУ гэтага профіля. Дарэчы, у 11 класе Ліпеньскай школы чатыры вучня, і два хлопчыкі выбралі для паступлення ваенныя ВНУ, у прыярытэце — служба у пагранічных вайсках. А Лізавета у вольны час афармляе музей у роднай школе. Разам мы зазірнулі ў яго, каб даведацца пра папярэднікаў сучасных шкаляроў, з якіх яны бяруць прыклад.


Хто самы знакаміты земляк для ліпеньцаў? На першым месцы — Рыма Кунько, яе імя носіць піянерская дружына, ей прысвечана мемарыяльная шыльда ў мясцовай школе, названы вуліцы і ў аграгарадку Ліпень, і ў раённым цэнтры Асіповічы. Гэтая дзяўчына і яе старэйшыя браты Уладзімір і Марк стварылі падпольную групу і наладзілі сувязь з патрызанамі. Першае заданее, якое даручылі 14-гадовай Рыме, — на лодцы пераправіць партызанам знойдзены кулямет. Пасля гібелі старэйшага брата Валодзі аднойчы дзяўчына вырашыла самавольна пайсці на заданне. Яна дачакалася свайго эшалона: на трэцюю ноч удалося падарваць паравоз і чатыры вагоны з нямецкімі салдатамі і афіцэрамі на перагоне паміж Асіповічамі і Татаркай. Праз некаторы час камандзір роты назначыў Рыму Кунько кіраўніком падрыўной групы, у якую ўваходзілі чатыры дзяўчыны. Падчас аднаго з заданняў, прыкрываючы адыход таварышаў, сама партызанка загінула ад варожай кулі. 

— У нашай установе адукацыі дзеці з 5-га класа займаюцца ў аб'яднанні «Музейная справа», знаёмім іх з гісторыяй славутых землякоў і гэтых мясцін, — падагульняе Вольга Падвойская. — У 9-м класе экзамен прымушае падлеткаў больш удумліва вывучаць гісторыю Беларусі. З цікаўнасці да гісторыі, да мовы пачынаецца любоў да малой радзімы і да нашага агульнага дома — Беларусі.




yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter