Нашы людзi ў Гран-Пале

Мастачка Валянціна Шоба і скульптар Сяргей Парцянкоў адзначаны прэміяй Тэйлара
Мастачка Валянціна Шоба і скульптар Сяргей Парцянкоў адзначаны прэміяй Тэйлара. Прэстыжная ўзнагарода прысуджана падчас мастацкай выставы Art en Capital, якая ў гэтыя дні наладжана ў выставачным комплексе Гран-Пале ў Парыжы. Прадстаўнікі нашай краіны ўдастоены такой адзнакі ўпершыню.

Карціны гродзенскага мастака-графіка Валянціны Шобы ведаюць у Італіі і Францыі, Швейцарыі і Партугаліі, Літве, Польшчы і Расіі. Шмат хто называе іх казачнымі — такія яны загадкавыя і такія непадобныя на тое, што бачыш навокал. Але аўтар сцвярджае: гэта — рэальнасць, проста такой яна яе бачыць. Эмоцыі, пачуцці, фантазіі, ідэі, уражанні — усё гэта ў яе работах.

Гамяльчанін Сяргей Парцянкоў — аўтар металічных скульптур. Сапраўдныя шэдэўры ён стварае з дэталяў і механізмаў, якія адслужылі ўжо свой век. Яго матэрыялы — барабан ад пральнай машыны, запчасткі ад гадзіннікаў, дворнікі ад тралейбуса, разабраныя матацыклы і рэшткі іншай старой тэхнікі. З дапамогай дрыля і адвёрткі з такіх прадметаў ён стварае свой «фантастычны свет», населены дзіўнымі стракозамі, багамоламі, жукамі, драконамі, рыбамі.

Гран-Пале — Вялікі палац вытанчаных мастацтваў — быў узведзены ў 1897 годзе для Сусветнай выставы, якая праходзіла ў Парыжы ў 1900-м. Зараз тут штогод арганізуюцца найбуйнейшыя міжнародныя выставачныя праекты.


Выстава Art en Capital праводзіцца на працягу ўжо 60 гадоў. Сёлета яна будзе доўжыцца да 29 лістапада. Удзельнікі — звыш дзвюх тысяч мастакоў і скульптараў з больш чым 40 краін свету. У асобным павільёне ўпершыню прадстаўлены работы 11 нашых сучасных аўтараў. Гэтыя творы ўбачаць больш за 40 тысяч гледачоў, якія штогод наведваюць выставу Art en Capital.

Прэмія Тэйлара ўручаецца ў двух накірунках мастацтва: жывапіс і скульптура. Рашэнне прымае камісія з 12 чалавек, абраных галасаваннем членаў Асацыяцыі імя барона Тэйлара. Гісторыя гэтай супольнасці пачалася яшчэ ў 1844 годзе, асноўныя мэты яе дзейнасці — аказанне падтрымкі мастакам, развіццё і стымуляванне мастацтва ва ўсіх яго праявах.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter