У французскіх Канах выстаўляюцца работы беларускіх мастачак.

Нашы лялькі на блакітным беразе

Амаль да канца жніўня ў жыхароў і турыстаў Лазурнага берага будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай і творчасцю нашых таленавітых зямлячак — маладой мастачкі Глорыі Ран і аўтара скульптурнай лялькі, мадэлі і тэлевядучай Ірыны Ханунік-Рамбальскай. Іх вернісаж праходзіць у вядомых ва ўсім свеце Канах пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі і асабіста беларускага пасла і былога міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, які не перастае турбавацца аб культуры нашай краіны нават будучы за мяжой і на новай пасадзе.



Нягледзячы на маладосць, Глорыя Ран паспела ўжо нядрэнна заявіць пра сябе і на радзіме, і за яе межамі. Канешне, справа тут не толькі ў прозвішчы (дзядуля Глорыі Язэп Ран і яго брат Лазар Ран з’яўляюцца членамі саюза мастакоў Беларусі і прызнанымі майстрамі жывапісу і графікі), але і бясспрэчным таленце мастачкі — дзяўчына штогод удзельнічае ў разнастайных міжнародных выставах і праектах. У Канах мастачка прадставіла 20 нацюрмортаў і пейзажаў Беларусі. Дзякуючы працам Ран французы могуць пазнаёміцца з відамі Полацка, Нарачы і іншых знакавых беларускіх мясцін.

Ірына Ханунік-Рамбальская, якая захапілася лялькамі каля трох гадоў таму і паспела за гэты час арганізаваць некалькі персанальных выстаў, у Каны прывезла дзесяць арт-аб’ектаў з жывымі вачамі і шчырымі эмоцыямі. Сем лялек, для вырабу якіх Ірына выкарыстоўвае каштоўныя металы, натуральны мех і скуру, камень, валасы, бісер, стразы і іншыя матэрыялы, сімвалізуюць сем смяротных грахоў. А астатнія тры — культуру Францыі. Спецыяльна для выставы ў Канах аўтар падрыхтавала партрэтныя копіі Прынцэсы Манака Шарлен, актрысы Брыджыт Бардо і дыснэеўскай Спячай Прыгажуні, чым, безумоўна, пацешыла самалюбства французаў.

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter