Нашчадкi Скарыны

З трыумфам  вярнуліся  дзесяць  выдадзеных  у  Беларусі  кніг  з  міжнароднага  конкурсу  ў  Маскве

З трыумфам  вярнуліся  дзесяць  выдадзеных  у  Беларусі  кніг  з  міжнароднага  конкурсу  ў  Маскве 

Дзесяць ганаровых дыпломаў — тры першай, тры другой і чатыры трэцяй ступені, і першае месца па агульнай колькасці адзнак – з такім вынікам вярнуліся беларускія выдаўцы з IV Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД, які прайшоў у Маскве. 

Як расказаў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь   Ігар Лапцёнак, усяго на конкурс паступіла 210 выданняў з дзевяці краін Садружнасці, сярод якіх Азербайджан, Арменія, Казахстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Украіна, Узбекістан. Беларусь прадстаўляла 42 свае кнігі павышанай якасці, больш паловы з іх выпушчаны ў свет дзяржаўнымі выдавецтвамі і прадпрыемствамі. Друкаваная прадукцыя нашай краіны была заяўлена ў дзевяці з дзесяці конкурсных намінацый і ў васьмі атрымала адзнакі. 

Сярод кніг-лаўрэатаў – энцыклапедычны даведнік у двух тамах “Беларускі фальклор” (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі), тры кнігі серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” і зборнік паэзіі “Мама, маці, матуля...” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), энцыклапедыі “Сучасная Беларусь” (выдавецкі дом “Беларуская навука”) і “Britanica” (выдавецтва “Харвест”), альбом “Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь” (РУП “Белпошта”), дзіцячая кніга “Дзікія лебедзі” Г. Х. Андэрсена (выдавецтва Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску”) і іншыя. 

У конкурсе “Мастацтва кнігі” беларускія выданні ўдзельнічаюць ад самага яго пачатку, кожны раз заяўляюць аб сабе як моцныя канкурэнты і дэманструюць неблагія вынікі. Напрыклад, у першым конкурсе атрымалі адразу 14 дыпломаў, а летась прадстаўнікі нашай краіны сталі ўладальнікамі Гран-пры. Трыумфам беларускай кнігі назваў Ігар Лапцёнак і сёлетні вынік, а таксама адзначыў, што нашы паліграфічныя магчымасці дазваляюць трымацца кнігавыданню на высокім еўрапейскім узроўні. 

Выданні-пераможцы конкурсу “Мастацтва кнігі” будуць прадстаўлены падчас Дня беларускага пісьменства і друку, які адбудзецца 2 верасня ў Шклове, затым – на ХХ Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, дзе, дарэчы, пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў. Пасля яны адправяцца на Міжнародны кніжны кірмаш у Франкфурт-на-Майне, адкуль зноў вернуцца на радзіму, а дакладней, у старажытны Полацк, дзе ў музеі кнігавыдавецкай справы захоўваюцца лепшыя друкаваныя ўзоры беларускіх прадаўжальнікаў справы славутага Францыска Скарыны.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter