З 15 па 29 чэрвеня ў Празе пройдзе выстава “Беларуская графіка. Традыцыі і сучаснасць”

Нашчадкi Скарыны

Выставу арганізуе аб’яднаная рэдакцыя “СБ. Беларусь сегодня” сумесна з пасольствам Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і галерэяй “Артплац”. Пройдзе яна ў галерэі “Клементыум” у комплексе будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, на сцяне якой устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Францыска Скарыны. На выставе будуць прадстаўлены творы вядомых беларускіх мастакоў розных пакаленняў: Валерыя Славука, Уладзіміра Вішнеўскага і Рамана Сустава. Кожны з іх — стваральнік уласнага непаўторнага свету. Пра духоўную сувязь з творчасцю Скарыны і найноўшыя тэндэнцыі ў беларускай графіцы разважае ўдзельнік выставы Раман Сустаў

сустов (Копировать).jpg


- Напэўна, творчасць і традыцыі гравюрнай тэхнікі Францыска Скарыны жывуць у беларускіх графікаў у падсвядомасці, — заўважае Раман Сустаў. — Уся багатая гісторыя беларускай графікі — працяг яго традыцый. У 1970—1980-я гады ў Беларусі былі вельмі магутныя выдавецтвы “Юнацтва”, “Беларусь”, “Мастацкая літаратура” і многія іншыя. У выдавецтве “Юнацтва”, напрыклад, працавалі мой бацька Мікалай Казлоў і маці Наталля Сустава. Я з дзяцінства бачыў увесь працэс падрыхтоўкі мастацкай ілюстрацыі. Выдавецтвы былі сапраўднымі кніжнымі брэндамі. Кнігі выдаваліся з неверагодным мастацкім афармленнем. Мастакі падыходзілі да сваіх задач творча. Не было сённяшняга дыктату рынку, жорсткай прывязкі да таго, каб усё гэта потым куплялася. Таму мастакі працавалі натхнёна, творча, не думаючы пра рынак, грошы. Можна ўспомніць работы Арлена Кашкурэвіча, Георгія Паплаўскага, Віктара Кліменкі, Барыса Заборава, калі ён яшчэ працаваў у Беларусі і аформіў шмат кніг. На гэтай кніжнай глебе і вырасла далейшая кніжная і друкаваная графіка. Або ўспомнім творы Валерыя Пятровіча Славука, які прадставіць свае работы ў Празе. Сёлета яму споўнілася 70 гадоў, гэта адзін з нашых класікаў.
— Раман Мікалаевіч, раскажыце пра канцэпцыю выставы ў Празе.

— У нас была ідэя паказаць нейкі зрэз беларускай графікі. Паказаць, як жыве і развіваецца наша школа графікі. Валерыю Славуку, як я ўжо сказаў, 70 гадоў, другому ўдзельніку Уладзіміру Вішнеўскаму 60, мне 40. Гэта тры розныя пакаленні. На жаль, не атрымалася прыняць удзел у праекце ў ярчэйшага майстра з сусветным імем Юрыя Якавенкі. Яго выстава праходзіць у іншым месцы.

Зараз я сам выкладаю і бачу, што ў нас расце выдатнае маладое пакаленне. І ўсе традыцыі, пошукі жывуць і не згасаюць. Калі ўзяць для параўнання суседнія краіны — Літву, Латвію, — то мы ўбачым, што там быў яскравы ўзлёт друкаванай кніжнай графікі ў 1980-я. Цяпер у іх крызіс з-за прабелу ў дваццаць гадоў. Яны спрабуюць выправіць сітуацыю, купляюць новае абсталяванне, аднак пакуль разрыў пакаленняў не дазваляе ім набраць тыя абароты, што былі ў мінулым. У Польшчы таксама быў падобны перыяд, але цяпер там зусім “вар’яцкая” сучасная графіка, можна сказаць, эксперыментальная.

Калі ўзяць галоўныя сусветныя выставы друкаванай графікі, якія можна параўнаць з Алімпіядай у спорце, мы ўбачым, што там заўсёды ўдзельнічаюць беларускія графікі. На высокім міжнародным узроўні мы вельмі ярка выступаем, часта займаем прызавыя месцы, і гэта не адзінкавыя выпадкі. Усе вылучаюць нашу школу, адрозніваюць нас ад іншых.

— Вы працавалі і над стварэннем экслібрысаў...

— Экслібрысы — асобны кірунак і тэма. У 1990-я, на жаль, адбываліся вялікія перамены ў выдавецтвах, некаторыя проста разваліліся. Узніклі фінансавыя цяжкасці, мастакі пачалі шукаць іншыя шляхі выжывання. На пятым курсе я аформіў шэсць кніг, а ў 1990-я такой магчымасці ўжо не было. Узяўся за экслібрысы, якія сталі своеасаблівым полем выжывання для ўсёй беларускай друкаванай графікі.

ДАВЕДКА “НГ”

Раман Сустаў нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску. З 1989 па 1996 год вучыўся ў каледжы мастацтваў, у 2001-м скончыў Акадэмію мастацтваў, аддзяленне графікі. З 1998 года актыўны ўдзельнік выстаў. З 2004 года член Беларускага саюза мастакоў. Уладальнік вялікай колькасці прызоў і ўзнагарод.
Яго работы ёсць у фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), а таксама ў прыватных калекцыях ЗША, Германіі, Нідэрландаў, Польшчы, Украіны.

У гэтым кірунку ёсць вялікая міжнародная падтрымка, праводзіцца шмат конкурсаў. У Беларусі конкурс, прысвечаны гэтай тэме, праходзіць у Брэсце. За апошнія гады адбыўся сапраўдны ўзлёт у стварэнні кніжнага знака, праходзіць шмат выстаў. Дзякуючы тэхналогіям ён вельмі проста сёння перасылаецца — праз пошту можна адправіць работы для цэлай выставы.

— Якія вашы работы ўбачаць у Празе?

— Для пражскай выставы мы выбіралі работы са спецыфічнага пункту гледжання. Калі Валерый Славук прадстаўляе афорты, гэта значыць “глыбокі” друк, а Уладзімір Вішнеўскі — афорты і эксперыментальныя работы, то ў мяне будзе прадстаўлена такая тэхніка, як літаграфія. Я працую ў розных тэхніках, але ў апошні час непасрэдна з гэтай, таму што яна, на жаль, вымірае.

Літаграфія — адзіная друкаваная тэхніка, якую сам мастак не ў стане выканаць у хатніх умовах. Работы малююцца на камянях, некаторыя камяні важаць па 250—300 кілаграмаў. Іх трэба апрацоўваць і шліфаваць. Да нядаўняга часу ў нас на мастацкім камбінаце існавала друкарская майстэрня Дзмітрыя Васільевіча Малаткова. Дзякуючы яму ўся друкарская тэхніка, увесь гэты пласт культуры выконваўся на вышэйшым узроўні. Але, на жаль, Дзмітрыю Васільевічу ўжо 83 гады і Саюз мастакоў не ў стане падтрымліваць працу ўнікальнай майстэрні на належным узроўні. Чэхія — гэта адзін з ачагоў, дзе да гэтага часу захоўваюць літаграфію. Мне хочацца паказаць там наш узровень.

сустов2 (Копировать).jpg

Праца мастака дазваляе ўвасобіць абстрактныя фантазіі ў канкрэтным творы.


І чым бліжэй дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, тым мацней эмоцыі. Бо наша кафедра графікі мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, напэўна, сёння бліжэй за ўсіх да таго, што калісьці рабіў Францыск Скарына. Мы, па сутнасці, выкладаем тыя ж тэхнікі, якія ён выкарыстаў у кнігадрукаванні. Яны з тых часоў не змяніліся ні на кроплю. Раней мы са студэнтамі нават рабілі копіі графікі Скарыны. Цяпер гэтага няма, але не выключана, што зноў вернем гэтае заданне ў вучэбную праграму.

— Раман Мікалаевіч, дзе вы знаходзіце сюжэты для літаграфій? У сёлетнім сакавіку 12 вашых работ былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі ў праекце Arrival...

— Для праекта Arrival сюжэты я знаходзіў у музыцы і літаратуры, у прыватнасці, у творчасці братоў Стругацкіх. У мяне наогул разнастайная творчасць, і некаторыя кірункі ідуць паралельна.

— Колькі твораў адправілася ў Чэхію?

— Работ мы адабралі шмат, паколькі праект задумваўся вялікі — каля 30. Пытанне ў тым, як мы іх размесцім у прапанаванай прасторы галерэі.

— Беларуская графіка не згубіцца ў спрактыкаванай і прасунутай Празе?

— Чэхі ў плане мастацтва сапраўды дасведчаныя. Але ў іх ёсць вялікая цікавасць да нашай графікі. Нягледзячы на развіццё інтэрнэту, дзе можна паглядзець любую карціну, для іх важныя зносіны з аўтарам, прамая сувязь з мастаком. Наша графіка на самай справе вельмі цікавая з’ява. З аднаго боку, на нас зрабіла ўплыў руская традыцыя, з другога — польская. У рускай графіцы вельмі дзіўны “замес”, усе вобразы канкрэтныя і акадэмічныя. Вельмі моцная старая акадэмічная школа ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Мы ўвесь час падсілкоўваемся адтуль. Палякі ж думаюць абстрактнымі катэгорыямі. У выніку ў нас атрымліваецца нейкі сімбіёз. За гэтым цікава назіраць.

— Вашу творчасць называюць “эклектыкай”.

А які заўтрашні дзень графікі — постэклектыка?

— Мастацтва можна паказаць у выглядзе будынка, у якім ёсць паверхі. На самым версе пентхаус — сучаснае мастацтва, дзе круцяцца неверагодныя грошы. Многія імкнуцца трапіць менавіта туды. Але да гэтага часу развіваецца і класічны жывапіс Італіі, ідзе сваім сучасным кірункам друкаваная графіка ў Польшчы і Японіі. У Польшчы 6 вялікіх мастацкіх акадэмій, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў нашага напрамку. На жаль, такі размах нам нават і не сніўся.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter