Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прадстаўнікі беларускай суполкі з Тальяці правялі 6 мая святочную імпрэзу, прысвечаную Дню Перамогі

Нашчадкі Перамогі

Кіраўніца беларускай суполкі з Тальяці Людміла Дзёміна расказвала пад час святочных мерапрыемстваў у горадзе над Волгай і пра свайго дзеда Івана Салановіча, які не вярнуўся з вайны

Радасць і боль — нібы два палюсы ў нашым зямным існаванні. Прычым якраз на стыку гэтых нябачных, але магутных тонкаэнергетычных плыняў мы ў поўнай меры адчуваем сапраўдны пульс Жыцця. Ягоную велізарную каштоўнасць — і хуткаплыннасць. Нібы кветкі майскіх яблынь яно: падзьмуў вецер — і няма… І таму якраз у радасны Дзень Перамогі мы найбольш востра, да болю ў душы адчуваем вялікую ўдзячнасць тым, хто набліжаў Перамогу, здабываў для нас вось гэтую мірную раніцу ў квецені майскіх садоў, пад цёплым сонцам, высокім блакітным небам Вечнасці.

За гуртом “Купалінка” на святочным канцэрце ў Тальяці — стылізаваная карта Беларусі

Зусім мала застаецца сярод нас ветэранаў той кровапралітнай, шматахвярнай вайны. Але ж мы ўсе — дзеці, унукі, праўнукі тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце. А значыць, нясем у сабе іх гены, і Вялікая Перамога — частка нашага менталітэту, светаўспрымання. Пра тое гаварылі прадстаўнікі Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” гарадской акругі Тальяці, праводзячы 6 мая ў мясцовай бібліятэцы №2 “Истоки” святочную імпрэзу, прысвечаную Дню Перамогі. “На сустрэчу да нас прыйшлі ветэраны вайны, працаўнікі тылу, пенсіянеры, — напісала ў рэдакцыю старшыня праўлення суполкі Людміла Дзёміна. — Мы ведаем, якія важныя для іх такія сустрэчы — і заўсёды імкнемся сказаць гэтым паважаным людзям словы ўдзячнасці, сагрэць іх сваім душэўным цяплом, добрымі песнямі. Мне падаецца, так і ўмацоўваецца повязь пакаленняў, перадаецца ў будучыню эстафета подзвігу, эстафета Перамогі”.

На майскай сустрэчы Людміла Іванаўна падзялілася ўспамінамі з ваеннай гісторыі свайго роду. Распавяла пра тое, што чула ад сваёй бабулі Каці, якая перажыла страшны час у акупаванай нацыстамі Беларусі. А так сталася, што яе муж, Салановіч Іван Андрэевіч, быў прызваны ў рады Чырвонай арміі на другі дзень вайны. І да яе сканчэння, а таксама й пасля вайны бабуля з двума дочкамі ўсё чакала яго ў Бабруйску дадому. Атрымала пахаронку, якая, тым не менш, пакідала надзею: “Ваш муж, Салановіч І. А., прапаў без вестак”. Аднак Іван Андрэевіч так і застаўся на той вайне — назаўсёды.

З ранейшай перапіскі з Людмілай Іванаўнай я ведаю: апошнія сціслыя весткі пра яе дзеда цяпер ёсць і ў інтэрнэце, на вядомым сайце obd-memorial.ru/html/ Дарэчы, ім могуць скарыстацца ўсе, хто мае “свой рахунак” да мінулай вайны. Такім чынам, у Цэнтральным архіве Міністэрства абароны (ЦАМО) Расіі значыцца, што радавы Салановіч Іван Андрэевіч, 1910 года нараджэння, прызваны 23.06.1941 г. Бабруйскім райваенкаматам, прапаў без вестак ужо ў чэрвені 41-га. Гэта звесткі паводле “данясення пасляваеннага перыяду”: ад 5.09.1946 года. Можна пабачыць там і сам алічбаваны дакумент, з якога вынікае, што жонка салдата “Барсукова Е. Г.” жыла ў той час у Бабруйску ў завулку Шмідта, 53-а, што нават перапіску з прызваным на вайну мужам ёй устанавіць не ўдалося. Усё здарылася так хутка. Яна ж да апошніх сваіх дзён чакала мужа з вайны, нават бегала з дочкамі сустракаць цягнікі з фронту.  

Партызанская сувязная з Бабруйска Кацярына Барсукова з дачкой Лідай і ўнучкай Людмілай (цяпер Дзёмінай)

Дзве дачкі на руках, вайна, ніякіх вестак ад мужа… Тым не менш Кацярына Рыгораўна, бабуля Людмілы Дзёмінай, як магла дапамагала партызанам. “Аднойчы, мне расказвалі старэйшыя, калі яна пайшла ў лес, у яе хату ўварваліся паліцаі, выпіхнулі на вуліцу маю будучую маму Ліду — ёй было 8 гадоў — і яе 4-гадовую сястру Раісу, — расказвала на сустрэчы з ветэранамі Людміла Іванаўна. — Абедзвюх дзяўчынак паставілі да сцяны барака і доўга трымалі пад прыцэлам аўтамата. І тое, на шчасце, убачыў іншы паліцай, Мікалай, які служыў у немцаў па даручэнні кіраўніка партызанскага атрада. Дзякуючы яму перапалоханых дзяцей адпусцілі. Шмат было яшчэ ўспамінаў у нашай сям’і пра тыя страшныя гады акупацыі”.

Дзед яе, удакладняе Людміла Дзёміна, быў родам з вёскі Любонічы: 28 км ад Бабруйска. Бабуля ж, у якой пад час вайны згарэлі ўсе дакументы, нарадзілася ў горадзе Бурыні Сумской вобласці Украіны ў 1909-м. Вось так і яднаюцца, як бачым, у сілу жыццёвых абставінаў лёсы ўкраінцаў, беларусаў, рускіх. Дарэчы, сын Людмілы Іванаўны Сяргей Шылкін, таксама актывіст суполкі “Нёман”, нарадзіўся ў Бабруйску, а потым сям’я перахала ў Тальяці. Сяргей у 1994-м паступіў у Вышэйшае ваеннае каманднае будаўнічае вучылішча ў Тальяці — хацеў стаць афіцэрам. Аднак, так сталася, пасля 3 курса перавёўся ў Політэхнічны інстытут, які, удакладняе маці, закончыў з Ганаровай граматай. Добра ведаюць гісторыю сваёй сям’і, пра свае беларускія родавыя карані таксама ўнукі Людмілы Дзёмінай Віталь ды Маша.

Загадчыца бібліятэкі “Истоки” Вольга Горшанева расказала на сустрэчы: яе сын служыць у войску і 9 Мая прыме ўдзел у Парадзе Памяці ў Самары. Затым выступаў народны ансамбль беларускай песні “Купалiнка” — з новым рэпертуарам. “Госці падпявалі разам з артыстамі песні ваенных гадоў, — піша ў рэдакцыю Людміла Дзёміна. — Пісьменнік Леанід Берагаў падарыў нам свае кнігі. Шмат гадоў прайшло з часу вайны, але мы хочам, каб нашы дзеці ды ўнукі памяталі, якой вялікай цаной далася Перамога. Каб зберагалі мір на зямлі, каб цанілі тое, што заваявана вялікай працай, подзвігамі, самаахвярнасцю мільёнаў савецкіх людзей”.

Яшчэ адна частка святочнага праекта беларускай суполкі ў Тальяці — выступленне артыстаў “Купалінкі” 9 мая ў Парку Перамогі, потым крыху пазней — ля Палаца спорту “Волгарь”. З апошняга допісу Людмілы Дзёмінай у рэдакцыю вынікае: святочныя мерапрыемствы ў Дзень Перамогі ў Тальяці прайшлі пад назвай “Пераможны, яркі май”. І беларуская суполка ў іх удзельнічала: “На цэнтральнай сцэне ў Парку Перамогі прайшлі канцэрты нацыянальных творчых калектываў. Наша “Купалiнка” спявала 40 мінут. Гледачы нас вельмі цёпла прымалі. Потым ля Палаца спорту “Волгарь” была вячэрняя праграма, у якой паўдзельнічалі лепшыя калектывы горада — мы сярод іх. На здымках бачна: нават беларускія сюжэты былі на вялікім экране, калі мы выступалі. “Купалiнка” выходзіла на сцэну ў двух блоках, спявалі “Да цябе, Беларусь!” і “Вечер на рейде” (дзяўчаты ў спецыяльна пашытых белых сукенках глядзеліся шыкоўна!). У фінале праграмы разам з усімі спявалі “День Победы”, затым быў святочны салют”.

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter