Благодаря президентскому указу относительно учета и сокращения пустующих и ветхих домов в сельской местности многое уже сделано на Вилейщине

Нашчадкі абжываюць дзядзінцы

– Толькі летась, — расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, — знесены 70 трухлявых дамоў, 13 участкаў у выніку ўведзены ў севазварот. Столькі ж дамоў аналагічнага стану засталося ў спісах, складзеных раённай камісіяй. Акрамя таго, маецца 326 неаформленых нашчадкамі домаўладанняў. Выяўленым патэнцыяльным спадчыннікам сельвыканкамы накіравалі адпаведныя прадпісанні. Некаторыя сітуацыі патрабуюць судовага рашэння.

У раёне існуюць прыклады эфектыўнай працы мясцовых улад у гэтым напрамку. У кожным сельсавеце маюцца вёскі з катэгорыі малых, якія на працягу апошніх год памянялі аблічча. У Даўгінаўскім, напрыклад, — Жары, у Нарачанскім — Маргі, у Людвіноўскім — Кастыкі.

Аграсядзіба ў Кастыках.

Я адправілася ў адну з іх. Гэта вёска ўтульна размясцілася на далоні прырэчнага лугу. Усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад галоўнай вуліцы Вілія, прыхаваная зараснікамі чаромхі і вольхі, лашчыць хвалямі чарот. Мелкаводдзе тут такое, што жыхары Кастык пераходзяць рэчку ўброд. І там, на супрацьлеглым беразе, у залежнасці ад сезона, напаўняюць кошыкі малінай, брусніцамі альбо журавінамі. 

Месцазнаходжанне Кастык паў­плы­вала на адраджэнне вёскі. 

У нас такая не адна, — расказвае старшыня Людвіноўскага сельвыканкама Наталля Шавялёва, — развіваюцца Кумельшчына, Касцяневічы, Клесіна. Я ўжо не бяру пад увагу аграгарадок Людвінова.

У гэтым годзе праведзены тры аўкцыёны, на якіх прададзены чатыры зямельныя ўчасткі на суму 18952,58 рубля. Адзін з іх у Кастыках, вёсцы, якая цікавая для навасёлаў не толькі ландшафтам, але і сваёй багатай гісторыяй. Першая пісьмовая ўзгадка аб паселішчы сустракаецца ў крыніцах 1613 года. У сярэдзіне ХVIII стагоддзя тут з’явілася драўляная царква, пабудаваная ўласнікам тутэйшага маёнтка Міхалам Адамам Слізнем. Храм Сарака Пакутнікаў Севасційскіх захаваўся да нашых дзен і з’яўляецца, безумоўна, візітнай карткай гэтага краю. Царква нядаўна перажыла рэстаўрацыю. Фінансавалі работы зямляк прэзідэнт таварыства “Юкола-нафта” Валерый Шумскі і заснавальнік і кіраўнік піваварнай кампаніі “Білер” Віталій Бабровіч.

— Наколькі я ведаю, Віталій Аляксандравіч, вы не ўраджэнец тутэйшых мяс­цін. Існуе, напэўна, нейкі матыў для дабрачыннасці?

— Дапамога малой радзіме. Мая на Гомельшчыне. Вілейшчыну таксама лічу сваёй. Некалі, выбіраючы месца для аграсядзібы, трапіў на Вілейшчыну. І, паверце, захварэў гэтымі мясцінамі. Аграсядзібу пабудаваў насупраць царквы. Ад храма вее такой даўніной… Вакол заімшэлыя помнікі над пахаваннямі былых яго служыцеляў. Есць такі выраз — поступ часу. Дык вось тут яго па-асабліваму адчуваеш. Склалася асаблівая гармонія ў адносінах з жыхарамі Кастык, мясцовымі і прыезджымі, адміністрацыяй сельвыканкама.

Адзіная ў краіне царква, асвечаная ў памяць Сарака Пакутнікаў Севасційскіх, нядаўна рэстаўравана.

Сёння, сапраўды, у іншай сацыяльнай плоскасці вырашаецца лёс малых вёсак. Такіх, напрыклад, як Кастыкі. Тут 52 карэнныя жыхары. Гэта тыя, што зарэгістраваны. Пастаянна пражываючых напалавіну меней. Кантынгент папаўняюць дачнікі альбо нашчадкі былых гаспадароў сядзіб. Прыхарошваюцца фасады закінутых будынкаў і прылягаючая да іх тэрыторыя. Акрамя агародаў з духмяным кропам, цяпліц, запоўненых крутабокімі таматамі, з’яўляюцца малыя архітэктурныя формы, элементы садова-паркавага дызайну.

Генадзь і Лідзія Малышавы першымі набылі ў Кастыках пакінутую нашчадкамі сядзібу. Ён, падпалкоўнік унутраных войск, збіраўся на заслужаны адпачынак. Ад некага дачуўся пра гэты цудоўны куточак Вілейшчыны. Набываючы дом, дамовіўся з кіраўніцтвам мясцовага саўгаса, што будзе па меры сіл і магчымасцяў удзельнічаць у жыцці сельгаспрадпрыемства. Напачатку ўзялі з жонкай на догляд сорак пяць гектараў кармавых буракоў. Палолі, прарэджвалі пасевы, убіралі ўраджай. Дакладна захоўвалі дамоўленасць. Ну і саўгас не заставаўся ўбаку ад праблем новаспечаных вяскоўцаў. За Малышавымі пацягнуліся ў веску тыя, каго не абмінула сваёй увагай дасціпная цыганская пошта. Часткова жадаючыя набывалі новую ўласнасць на месцах так званых кінутых сядзіб.

Старшыня сельвыканкама нагадвае, якую сапраўды пошукавую работу, іншай яе не назавеш, давялося разгарнуць мясцовай уладзе па ўстанаўленню нашчадкаў. Жадаючым захаваць спадчыну выдаецца адпаведны дакумент з патрабаваннем прывесці ў варты стан бацькоўскі дом. Калі яно не выканана, сядзіба належыць зносу. І такім чынам вызваляецца ўчастак для аўкцыёну. Уладанне выходзіць на новы віток свайго быцця. Мясцовая ўлада між тым ажыццяўляе належны кантроль за санітарным станам зноў створаных сядзіб і тых, што працягваюць эксплуатавацца нашчадкамі. Каля трыццаці прадпісанняў аб безгаспадарчым утрыманні бацькоўскай спадчыны атрымалі яны на працягу года. Часам не спяшаюцца патэнцыяльныя нашчадкі афармляць на яе свае правы. Кастыкі такія меры практычна не закранулі.

Новы Указ Прэзідэнта № 357 “Аб пустуючых і трухлявых дамах” развяжа рукі мясцовым уладам у рабоце з так званымі нашчадкамі, лічыць Наталля Шавялёва, стане добрым стымулам для ліквідацыі пакінутых сядзіб. Яны псуюць вясковы ландшафт і часам перашкаджаюць нармальнаму севазвароту.

Пустуючыя сядзібы, згодна новаму заканадаўчаму акту, будуць выяўляцца на працягу паўгода (добра, што абумоўлены тэрміны). І калі ўладальнік не пацвярджае сваімі дзеяннямі жаданне прывесці сядзібу ў парадак, яна пойдзе з малатка альбо пад бульдозер на працягу года. Дагэтуль працэдура магла быць расцягнута на дзесяцігоддзі.

Таццяна СВЯТОХА марыць, каб на вёсцы засталіся жыць яе дзеці.

Яшчэ адна катэгорыя грамадзян, якія актыўна развіваюць вёску, — нашчадкі і дачнікі. Таццяна і Іван Святохі праводзяць лета ў сядзібе Уладзіміра Ігнацьевіча, дзядулі Таццяны. Восем год таму ў хату трапіла маланка. Ушчэнт згарэлі дах, веранда. Давялося ўсё адбудоўваць нанава. І бацька Таццяны, Аляксандр, і яго брат Генадзь заняліся аднаўленнем роднай сядзібы. Дабудавалі другі паверх, памянялі дзверы, вокны. Сёння з ганку расчыненай веранды за неспадзяванымі гасцямі цікуюць дапытлівыя вочкі праўнучкі Уладзіміра Святохі. Мяркуючы па маштабу ажыццёўленых тут перамен, нашчадкі трывала замацаваліся на дзядзінцы. Хата Святохаў абкладзена брусам, на вокнах шклопакеты. Арачны пераход аддзяляе веранду ад жылых пакояў. 

Яны так і існуюць побач: сядзібы, пазначаныя абрысамі мінуўшчыны, і дыхтоўныя, адноўленыя згодна імправізацый новых уладальнікаў, ужо стылізаваныя пад даўніну.

Марыя КУЗАЎКІНА – спецыяльна для «СГ»

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter