Наша заўтра куецца сёння

ДЗЯСЯТКІ відаў яго прадукцыі за высокую якасць адзначаны дыпломамі на рэспубліканскіх конкурсах «ГУСТ» і «Лепшыя тавары РБ», а таксама залатымі і сярэбранымі медалямі на прэстыжных міжнародных выставах прадуктаў харчавання «Пецярфуд» (Санкт-Пецярбург) і «Залатая восень» (Масква). Ён — лаўрэат прэміі Урада Рэспублікі Беларусь.

ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат» добра ведаюць па брэнду «Бабуліны далікатэсы» як у нашай краіне, так і за мяжой

ДЗЯСЯТКІ відаў яго прадукцыі за высокую якасць адзначаны дыпломамі на рэспубліканскіх конкурсах «ГУСТ» і «Лепшыя тавары РБ», а таксама залатымі і сярэбранымі медалямі на прэстыжных міжнародных выставах прадуктаў харчавання «Пецярфуд» (Санкт-Пецярбург) і «Залатая восень» (Масква). Ён — лаўрэат прэміі Урада Рэспублікі Беларусь.

За першае паўгоддзе прадпрыемства адправіла на экспарт прадукцыі на 15 мільёнаў 250 тысяч долараў, што складае 109,6 працэнта да такога ж мінулагодняга перыяду.

Сярэднямесячная зарплата ў калектыве дасягнула 555 долараў ЗША.

Да гэтага трэба абавязкова дадаць, што амаль паўтара дзясятка гадоў камбінат узначальвае Анатоль Дук.

Калі паглядзець на гісторыю мясакамбіната апошніх гадоў, то можна заўважыць адметную заканамернасць: адна будоўля змяняла другую. Патлумачыць гэта можна тым, што вытворчая база і абсталяванне настолькі ўстарэлі, што рухацца наперад, а тым больш канкурыраваць на рынку не было ніякай магчымасці. Глыбачане ўзяліся за завяршэнне маштабнай рэканструкцыі камбіната, распачатай яшчэ пры Саюзе і надоўга спыненай пасля яго развалу. Ім у нейкай меры пашчасціла напачатку: выйгралі конкурс, які праводзіў Савет Міністраў па мадэрнізацыі вытворчасці, і атрымалі льготны крэдыт 5,5 мільярда рублёў. Былі зманціраваны і запушчаны сучасныя лініі па вытворчасці сыравяленых і сыравэнджаных каўбас, пельменяў, паўфабрыкатаў, абвалкі мяса. Пашыраны вытворчыя памяшканні экспедыцыі і аддзела сыравіны. Усё гэта дало магчымасць павялічыць выпуск гатовай прадукцыі ажно ў тры разы ў параўнанні з 1990 годам, пры якім быў дасягнуты пік перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі.

На прадпрыемстве дзейнічае шматступеньчатая сістэма кантролю і падтрымкі якасці прадукцыі на ўсіх этапах вытворчасці: ад паступаючай сыравіны да гатовай прадукцыі. Якасць яе гарантуе сістэма менеджменту, якая адпавядае патрабаванням «ІСО 9001-2001».

На камбінаце працуе з’яднаная баяздольная каманда аднадумцаў, прафесіяналаў.

Асноўная стратэгія калектыву — не толькі захаванне прадпрыемствам дасягнутых пазіцый на рынку збыту, але і заваяванне новых. А ва ўмовах, калі пастаянна растуць цэны на сыравіну, матэрыялы, паліўна-энергетычныя рэсурсы, рабіць усё намнога складаней. І як выйсце — далейшая мадэрнізацыя. Яна і разгорнута на прадпрыемстве ў небывалых памерах.

Так, у мінулым годзе рэканструяваны цэх пярвічнай перапрацоўкі сыравіны, дзе была ўстаноўлена новая лінія па забою і апрацоўцы буйной рагатай жывёлы і свіней. У выніку прадукцыйнасць цэха вырасла ў 2—2,5 раза. Павысілася якасць перапрацоўкі сыравіны, што адразу адбілася на экспарце. Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў дазволіла скараціць 10 чалавек. Зменшыліся расходы вады і электраэнергіі. Каштоўна яшчэ тое, што мадэрнізацыя была праведзена без спынення вытворчасці. Не былі страчаны ні кліенты, ні экспарт, ні яго аб’ёмы.

Але гэта быў толькі першы крок у амбіцыёзным праекце апошніх гадоў.

— Справа ў тым, што сітуацыя як на ўнутраным, так і знешнім рынках змянілася, — гаворыць Анатоль Дук. — Раней выгадна было рэалізоўваць мяса на косці, за што мы мелі нядрэнную выручку. Цяпер жа больш рэнтабельна прадаваць гатовую прадукцыю. Асабліва на расійскім рынку, дзе наш тавар добра ведаюць і дзе ён паспяхова канкурыруе. Мы ж маем магчымасць перапрацаваць у каўбасы, паўфабрыкаты толькі 40 працэнтаў сыравіны. Болей не дазваляюць нашы магутнасці.

Вось чаму наступным крокам і стала рэканструкцыя, а па сутнасці, завяршэнне будаўніцтва новага мясаперапрацоўчага корпуса, якое было распачата яшчэ ў мінулым стагоддзі, але потым закансервавана. Пасля завяршэння работ, а кропка павінна быць пастаўлена ў наступным годзе, вытворчыя магутнасці некаторых вырабаў узрастуць у разы: варанавэнджаных каўбас — у два з паловай, вэнджаных — у пяць, паўфабрыкатаў — у чатыры. Глыбіня перапрацоўкі сыравіны павінна дасягнуць 90 працэнтаў. Рэканструкцыя мясаперапрацоўчага цэха дазволіць асвоіць новыя рынкі, у тым ліку азіяцкіх краін, атрымаўшы сертыфікат «Халіль». Рэнтабельнасць рэалізацыі па праекту — 12,8 працэнта. Кошт праекта — 96 мільярдаў рублёў. Тэрмін акупляльнасці — 7 год. На даны момант асвоена 11,4 мільярда рублёў.

Вядзецца мадэрнізацыя ў даволі складаных фінансавых умовах. Акрамя клопатаў на прадпрыемстве, ён мае два сельскія філіялы: «Галубічы» і «Каралі», у якія за 9 год інвеставана 112 мільярдаў рублёў. У філіяле «Галубічы» вернуты да жыцця фактычна разбураны комплекс па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы на 3000 галоў, пабудавана сучасная малочна-таварная ферма на 650 кароў, адрамантаваны ўсе астатнія фермы, а таксама склады, майстэрні, набыта шмат новай энерганасычанай тэхнікі. У «Каралях» рэканструявана малочна-таварная ферма «Шыпы» і цяпер вядуцца работы на ферме «Абруб». Праўда, грошы ўкладзены недарэмна. Філіялы пачынаюць даваць аддачу! Там вырошчваецца буйная рагатая жывёла пароды герэфорд, якая дае элітнае мяса, развіта конегадоўля. Аб гэтым — асобная гаворка.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter