Лауреат специальной премии Президента деятелям культуры и искусства Василий Козачок ответил на вопросы «СГ»

«Наша спадчына вартая вывучэння»

Сёння мы пачынаем новы творчы праект Уладзіміра Субата: аўтарскі цыкл публікацый пра выбітных асоб Беларусі, якія праявілі сябе ў розных сферах вытворчай, грамадскай і культурнай дзейнасці. 

Асноўная мэта новага цыкла — праз людскія лёсы, найбольш значныя і цікавыя жыццёвыя моманты, успаміны пра мінулае поўніць эксклюзіўнымі фактамі гістарычную мазаіку Беларусі ў Год гістарычнай памяці.

Ідэя цыкла — садзейнічаць фарміраванню аб'ектыўнага стаўлення грамадства да найбольш значных гістарычных падзей нашай краіны, захавання і ўмацавання адзінства яе жыхароў. 

А пачынаем новы цыкл інтэрв'ю з лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта — загадчыкам філіяла № 15 Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная дзяржаўнай установы культуры «Столінская раённая клубная сістэма» Васілём КАЗАЧКОМ, які адзначаны за значны асабісты ўклад у захаванне традыцый ганчарнага рамяства.
Для загадчыка філіяла № 15 Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная дзяржаўнай установы культуры «Столінская раённая клубная сістэма» Васіля КАЗАЧКА 2022-і, аб’яўлены Прэзідэнтам Годам гістарычнай памяці, пачаўся з прыемнай падзеі. За значны асабісты ўклад у захаванне традыцый ганчарнага рамяства Васіль Андрэевіч уганараваны званнем лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Культура і гісторыя ў жыцці заўсёды ідуць побач, адна адну дапаўняючы. Вясковы інтэлігент за дзесяцігоддзі педагагічнай і культурнай дзейнасці ў палескай глыбінцы ўнёс адметны ўклад у скарбонку патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах розных часоў нашага гістарычнага развіцця, у захаванне багатай спадчыны і шанаванне народных традыцый.


— Васіль Андрэевіч, як з'явілася ідэя стварэння ў Гарадной Цэнтра ганчарства?

— Да яе крочылі паступова. Педагагічны калектыў нашай сярэдняй школы ўзначаліў прыезджы Георгій Захарэвіч. Настаўніцай працавала яго жонка Лілія Уладзіміраўна. Іх здзівілі зімовыя караваны павозак, гружаныя гліняным посудам. Новы дырэктар школы зацікавіўся ганчарным промыслам і пасябраваў з вопытным ганчаром Іванам Лічэўскім. Педагог днямі назіраў, як спрытна ходзяць рукі майстра на ганчарным крузе. Умомант камяк гліны пераўтвараўся ў цудоўны гаршчок ці місачку. Не вытрымаў Георгій Паўлавіч і заказаў у ганчара 15 розных па памерах вырабаў. Высушылі іх і аздобілі каляровымі гербамі і сцягамі былых саюзных рэспублік. Атрымаўся эксклюзіўны набор глінянага посуду. Дырэктар школы прывёз яго на раённую настаўніцкую канферэнцыю, чым надта здзівіў калег.

З пачатку навучальнага года ў школе стаў дзейнічаць ганчарны гурток. На пінскім прамысловым прадпрыемстве вырабілі спецыяльны станок з электрычным прывадам. Ганчар Іван Лічэўскі абучаў вучняў працаваць на ім. Пад маім кіраўніцтвам быў створаны гурток па вырабе гліняных свістулек. Майстэрства працаваць за ганчарным кругам я пераймаў у вопытнага Мікалая Басаўца, які ў 2004 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Юных ганчароў у сваім доме вучыў Мікалай Мірановіч. Яны і падалі ідэю аб стварэнні майстэрні. Ініцыятыву падтрымалі ў сельвыканкаме, а потым і ў Столінскім райвыканкаме і Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Значныя сродкі патрачаны на ўладкаванне музейнай экспазіцыі на другім паверсе Гараднянскага сельскага дома культуры. Узначаліла цэнтр педагог Алімпіяда Леанавец. Шмат старання яна прыклала для адшукання ў мясцовых гаспадароў унікальных гліняных вырабаў мінулых часоў. Сабрана багата экспанатаў. Перанеслі бібліятэку на першы паверх і на вызваленых плошчах пашырылі экспазіцыю ганчарных вырабаў розных гадоў і аўтараў. Алімпіяда Дзмітрыеўна часта выязджала на імпрэзы, фестывалі, кірмашы, дзе ладзіла выставы. Шэсць гадоў таму эстафету кіравання Цэнтрам ганчарства яна перадала мне.

— Ганчарства дало вам добры повад дадаткова вывучаць гісторыю роднай палескай зямлі?

— Сярод букета юнацкіх захапленняў было і ганчарства. Назіраў, як суседзі-ганчары працавалі з глінай. Самастойна навучыўся вырабляць свістулькі. Неаднойчы ўдзельнічаў у творчых конкурсах. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родныя мясціны. Завочна скончыў філфак Брэсцкага педінстытута імя Пушкіна і выкладаў у Гараднянскай сярэдняй школе родную мову і літаратуру, а таксама па сумяшчальніцтве — сусветную мастацкую культуру. Расказваў вучням і пра багатую гісторыю нашых мясцін.

Маладое пакаленне павінна ведаць, якой цаною продкамі здабываліся мірнае жыццё і свабода. Амаль сто жыхароў нашай вёскі не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральная плошча Гарадной названа ў гонар мужнага партызана Аляксандра Клімчука, які загінуў пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У школьным гістарычным музеі спецыяльны стэнд прысвечаны землякам-франтавікам і народным мсціўцам. Не згасае дзейнасць па захаванні гістарычнай памяці і фарміраванні ў моладзі грамадскага светапогляду. Спадзяюся, ёсць у гэтай важнай дзяржаўнай справе і мой сціплы ўнёсак.

У школе дзейнічаў гурток ганчароў. Алімпіяда Леанавец прапанавала стварыць групу жадаючых займацца вырабам свістулек. Ляпілі іх з дзецьмі, распісвалі фарбамі. Шмат дапамагалі ў авалодванні майстэрствам вопытныя ганчары Мікалай Басавец, Арсен Шэлест, Рыгор Кавалька, мой сусед Мікалай Мірановіч. Але час няўмольны. Самаму малодшаму майстру Рыгору Кавальку ўжо 80 гадоў. Астатнія адышлі ў нябыт.

Пры Цэнтры ганчарства дзейнічаюць два дзіцячыя гурткі. Сярод актыўных наведвальнікаў — адзінаццацікласнікі Алеся Барнацкая, Сяргей Вячорка, Дзяніс Кісель, сямікласнік Мікалай Шэлест. Цудоўна засвоіў выраб гліняных сувеніраў Міхаіл Барнацкі. Юнак удзельнічае ў розных прафесійных выставах. Другі год ён вучыцца ў Пінскім дзярж­агракаледжы. З задавальненнем займаюцца ў гуртку Юля Чарапко, Марыя Ільчэўская, сёстры Ганна і Настасся Мядзелка.


— Ёсць чаму павучыцца юным ганчарам і ў вопытных майстроў у час міжнародных пленэраў. Колькі такіх форумаў адбылося?

— Шэсць разоў збіраліся ў нас прафесіяналы з бліжняга і дальняга замежжа. Звычайна ладзім пленэры ў сярэдзіне лета. Прыязджаюць беларускія ганчары, а таксама майстры з Расіі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Польшчы, Даніі, Швецыі. Наша вёска ў эпоху Сярэднявечча мела статус горада. Захавалася традыцыйная для такіх паселішчаў рынкавая плошча. Яна пераўтвараецца ў галоўную пляцоўку. Вяскоўцы і госці маюць магчымасць назіраць за работай майстроў. Людзей збіраецца шмат. Кульмінацыя пленэру — кірмаш «Гараднянская мамзэлька», які ладзіцца ў нядзелю. Жадаючыя могуць набыць створаныя ў іх прысутнасці сувеніры. Па ўсталяванай традыцыі творцы перадаюць вырабы для экспазіцыі ў наш музей. Акрамя захаплення ганчарствам, у вольны час пішу вершы. Сваю першую кнігу назваў «Прызнанне». Напрыканцы мінулага года пашчасціла стаць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ганчарам прысвечаны мой верш:

Было і хай будзе так навек:
Зямля і Бог, як твор з тварцом, — адзіны.
Бо створаны быў першы чалавек з зямлі
І са звычайнай шэрай гліны.
У Бога атрымаўшы шчодры дар,
Ад раніцы да ночы несупынна,
Як Бог той, завіхаецца ганчар.
Ён творыць цуды са звычайнай гліны.
Ля горна ён шчыруе да знямогі,
І праўду кажуць: што ні гавары,
Абпальваюць гаршкі зусім не богі,
Гартуюць у агні іх ганчары.

— Як сусветная пандэмія паўплывала на правядзенне пленэраў?

— З-за яе два гады адкладваецца чарговы форум. Спадзяюся, што сёлета ўдасца правесці яго. Праграму звычайна напаўняем рознымі сустрэчамі, экскурсіямі па гістарычных і прыродных мясцінах. Арганізуем паездкі ў Брэсцкую крэпасць-герой, Белавежскую пушчу, рэспубліканскі заказнік «Сярэдняя Прыпяць», у музей этнаграфіі і фальклору, што ў столінскай вёсцы Цераблічы. Частуем гасцей звычайнымі палескімі стравамі: грыбным супам, прасяной кашай, прыгатаванымі ў гліняных гаршках у печы.

— Хто фінансуе такія маштабныя праекты?

— Парытэтна выдзяляюцца сродкі з абласнога і раённага бюджэтаў на сувеніры і падарункі для гасцей, пражыванне і харчаванне. За падтрымку нашых ініцыятыў хочацца падзякаваць старшыні Столінскага райвыканкама, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рыгору Пратасавіцкаму, кіраўніку Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысе Быцко і ўсім актывістам.

— Цікава пачуць ад вас, Васіль Андрэевіч, вялікага аматара і знаўцы, якімі бачацца перспектывы дзейнасці ганчарнага цэнтра?

— Абавязкова трэба і надалей выхоўваць у моладзі павагу да спадчыны. Гэта сімвалічна ў Год гістарычнай памяці. Важна ведаць свае карані, захоўваць ўсё, што дасталася ад продкаў. Імкнёмся прызвычайваць школьнікаў да ганчарства, якое дало вядомасць Гарадной. Ганаруся, што ў нашай вёсцы захаваўся драўляны праваслаўны Свята-Троіцкі храм XVIII стагоддзя. У пачатку мінулага веку ўзведзена мураваная царква Мікалая Цуда­творцы. Застаўся яе фотаздымак вядомага этнографа Ісаака Сербава. У вайну святыню зруйнавалі. Наш зямляк архітэктар Аляксей Вячорка па фотаздымку распрацаваў праект, і ў 2004 годзе аднавілі храм. Плануем падрыхтаваць да друку матэрыялы з абагульненнем вопыту па захаванні спадчыны, каб іншыя маглі азнаёміцца і пераняць яго.

— Васіль Андрэевіч, дазвольце павіншаваць вас з высокай узнагародай, пажадаць здароўя і далейшага плёну ў творчай дзейнасці.

ДАВЕДКА «СГ»


Здаўна славілася вёска Гарадная адмысловымі ганчарамі. У марозныя дні па зімніку адпраўляліся караваны павозак, гружаныя вырабленым з гліны посудам. Гараднянцы далёка раз'язджаліся са сваім таварам. А калі пасля продажу яго вярталіся дамоў, без адпачынку браліся зноў за ганчарства: даставалі з запаснікаў старанна вымешаную гліну і садзіліся за саматужны станок. На палацях у хатах сушылі вырабы, абпальвалі іх у спецыяльных печах. Некалькі такіх гліняных «домен» і зараз дзейнічае. Нягледзячы на тое што ў магазінах багаты выбар сучаснага посуду, па-ранейшаму карыстаюцца попытам гараднянскія жоўценькія паліваныя гаршкі, глечыкі, макітры, талеркі, вазы, кубкі, дзіцячыя свістулькі. Мясцовыя энтузіясты не далі згаснуць старадаўняму занятку, што дастаўся ад продкаў у спадчыну. Амаль два дзесяцігоддзі таму ў Гарадной пачаў дзейнічаць Цэнтр ганчарства. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter