«Беларусь 2» запрашае распачаць сезон лецішчаў разам з «Тэлебарометрам», а Першы канал Беларускага радыё прапануе паслухаць пераможцаў конкурсу «Маладыя таленты Беларусі»

Наша ўраджайнае лета

Беларусы, якія маюць уласныя лецішчы, паступова пачынаюць новы сезон. А значыць, праект «Тэлебарометр», які выходзіць на тэлеканале «Беларусь 2», працягне знаёміць гледачоў з лайфхакамі, цікавымі гасцямі і, вядома, актуальнымі метэапрагнозамі. Першы канал Беларускага радыё, у сваю чаргу, прапануе ўсім аматарам музыкі паслухаць пераможцаў конкурсу «Маладыя таленты Беларусі». На гэтым тыдні яго арганізатары падвялі вынікі юбілейнага дзясятага сезона праекта. 

Лецішчы клічуць 

Надвор’е ў доме, на лецішчы і ў жыцці людзей ужо даўно стала лейтматывам кожнага выпуску «Тэлебарометра». Натхняльная атмасфера Цэнтральнага батанічнага саду ў Мінску, жартуе вядучы праекта Дзмітрый Карась, бадай, самае лепшае месца для гутарак пра надвор’е. Кожную нядзелю ля самага сапраўднага пушкінскага дуба вядучы сустракае гасцей, для якіх кліматычныя змены і праблемы навакольнага асяроддзя — тэма заўсёды актуальная. 

Некалькі гадоў таму вядучы «Тэлебарометра» Дзмітрый КАРАСЬ і сам набыў лецішча недалёка ад Гервят. 

Напярэдадні лета героямі праграмы стануць уладальнікі лецішчаў і садоўнікі-аматары, гатовыя падзяліцца ўласным вопытам з гледачамі. Вучоныя, географы, настаўнікі і псіхолагі — для людзей самых розных прафесій лецішча даўно стала сапраўдным «месцам сілы». Ужо ў бліжэйшых выпусках яны раскажуць пра такія «міфалагічныя» гатункі вінаграду, як «Юпітэр» і «Афрадзіта», пакажуць, з якога боку ўчастка лепш за ўсё прыжываюцца грэцкі арэх, цюльпан ды персікавае дрэва і як уласнаручна збудаваць арыгінальную альпійскую горку.

Не абыдуць бокам госці «Тэлебарометра» і пытанні мікраклімату, бо нават найбліжэйшы вадаём можа адбіцца на ўраджайнасці любімых сотак, звяртае ўвагу вядучы праекта Дзмітрый Карась:

— Нядаўна адзін з нашых гасцей, былы даследчык гідрасферы, пазнаёміў гледачоў з гісторыяй будаўніцтва Вілейскага вадасхо­вішча, у якім пры першым запаў­ненні можна было злавіць да 40 шчупакоў за адну рыбалку — толькі ўявіце сабе! Таксама ён расказаў пра стварэнне Камсамольскага возера ў Мінску. Цікава, што на яго з’яўленне ў нашай сталіцы паўплывала якраз надвор’е, а менавіта — шматлікія паводкі. Нават і па гэты дзень Камсамольскае возера прадухіляе разлівы Свіслачы.

Дарэчы, аўтары «Тэлебарометра» заўсёды падтрымліваюць зваротную сувязь з гледачамі ў сацыяльных сетках. Кожны, хто жадае абмеркаваць з Дзмітрыем Карасём надзённыя пытанні, можа запісаць відэазварот або пахваліцца ўласнымі дасягненнямі, паказаць лайфхакі па высадцы і пікіроўцы расады. Але ж самае цікавае, што маладыя людзі таксама не застаюцца ў баку ад праблем навакольнага свету і анамалій надвор’я. У праекце ўдзельнічаюць школьнікі і студэнты з усёй Беларусі, якія ўжо ў бліжэйшых выпусках раскажуць пра псіхасаматыку і астраномію. 

Галасы краіны 

На гэтым тыдні Першы нацыянальны канал Беларускага радыё апублікаваў вынікі X Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» і назваў імены прызёраў юбілейнага праекта. У гэтым сезоне імі сталі 144 фіналісты.

Нагадаем, два туры творчага спаборніцтва прайшлі ў красавіку ў дыстанцыйным фармаце. І толькі ў апошнім трэцім туры арганізатары і члены журы пачулі жывое выкананне ўдзельнікаў конкурсу ў студыі Дома радыё. У калектыўных харавых, аркестравых і ансамблевых намінацыях фінальны тур прайшоў анлайн. Кіраўнік праекта Таццяна Якушава юбілейным сезонам праекта засталася задаволена:

— Ён стаў самым маштабным за ўсю сваю гісторыю, бо было пададзена 632 заяўкі ад дзяцей з розных куткоў краіны. І зараз, калі галасы ўсіх членаў журы падлічаны, рашэннем экспертнай калегіі Гран-пры конкурсу прысуджана пяці ўдзельнікам праекта ў розных намінацыях: Валерыі Шманай з Жодзіна, Вікторыі Янушкевіч з Ракава, гомельскаму народнаму хору «Радзейка», народнаму ансамблю цымбалістаў «Лілея» з Брэста і народнаму духавому аркестру УА «МГМК ім. Агінскага» з Маладзечна.

Лаўрэатамі I, II і III ступеняў вызначаны 76 салістаў і калектываў, а спецыяльных дыпломаў праекта ўдастоены 63 удзельнікі. Поўны спіс імёнаў пераможцаў конкурсу можна знайсці на афіцыйным сайце Першага нацыянальнага radio1.by і ў тэлеграм-канале «Радио_1». Цырымонія ўзнагароджання і ўшанавання ўладальнікаў Гран-пры, лаўрэатаў і дыпламантаў радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» адбылася ўчора ў Вялікай студыі Дома радыё. 

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter