Особенности белорусского языка

Наша мова - самая-самая

А чаму б нам не пачаць ганарыцца сваёй роднай мовай, якая не саступае іншым па многіх крытэрыях?
Мы с захапленнем расказваем пра егіпецкія піраміды, з апетытам успамінаем смак французскіх круасанаў, маляўніча апісваем краявіды Грэцыі... І калі размова заходзіць пра самыя прыгожыя мовы, то зноў жа кідаем позірк некуды за бугор, называючы італьянскую, іспанскую ці французскую. А чаму б нам не пачаць ганарыцца сваёй роднай мовай, якая не саступае іншым па многіх крытэрыях?

pomnik.png


Адна з самых мілагучных

Паспрабуйце прамовіць некалькі слоў тыпу “пяшчо-о-ота”, “мі-і-іласць”, “натхне-е-енне”, а яшчэ лепш прачытайце верш Рыгора Барадуліна “Матылёк”, і вы ўпэўніцеся ў справядлівасці гэтага сцвярджэння:

Лілею млявы плёс люляе,
З-пад злежаных аблок здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі — матылёк...

Існуе і навуковае тлумачэнне беларускамоўнай мілагучнасці. Яна абумоўлена ў першую чаргу мяккасцю, якая перадаецца ад суседніх гукаў, вялікай колькасцю адкрытых складоў, наяўнасцю ў мове адметнага санорнага гука “ў”, а таксама падаўжэннем многіх зычных: адцен-н-не, шматгалос-с-е, завугол-л-ле...

Адна з самых багатых

Калі ў літаратурнай беларускай мове налічваецца дзесьці 250—500 тысяч слоў, што таксама досыць унушальна, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. Што цікава, часам адрозніваюцца гаворкі не толькі суседніх вёсак, але і двух канцоў адной вёскі. Напрыклад, у пачатку вёскі могуць казаць “шапа”, “пляшка”, “лаўка”, “калодзезь”, а праз некалькі хат — “шафа”, “бутэлька”, “крама”, “студня”.

Адна з самых меладычных

Гэта можна прасачыць па колькасці песень у беларускай мове. Кажуць, ёй няма роўных у свеце ні па разнастайнасці мелодый, ні па іх самабытнасці. Да прыкладу, зборнік песень, запісаных у вёсцы Феліксава Лідскага раёна “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі... czyli Сo spiewano w Feliksowie” стаў сапраўднай з’явай у еўрапейскім мастацтве. Нашы народныя песні так уразілі музычных італьянцаў, што яны нават “перахрысцілі” іх у “Песні Атлантыды”.


mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter