«Наша бабуля Агапа памятае, якім было Палессе да рэвалюцыі...»

12 УНУКАЎ, 19 праўнукаў i 2 прапраўнукi — вось той залаты скарб, з якiм наблiжаецца да прыгожай сваёй даты жыхарка Мазыршчыны Агафiя Конанаўна МАЛУХА. Ёй хутка — 105!

І яна сёння адчувает сябе шчаслівай: сярод нашчадкаў ёсць медыкі, педагогі, механізатары, артысты...

12 УНУКАЎ, 19 праўнукаў i 2 прапраўнукi — вось той залаты скарб, з якiм наблiжаецца да прыгожай сваёй даты жыхарка Мазыршчыны Агафiя Конанаўна МАЛУХА. Ёй хутка — 105!

Прыемна, што маёй асаблівай знаёміцы — Агафii Конанаўне — пашчасцiла iсцi насустрач 105-й гадавiне жыцця не ў адзiноце, а ў вялiкай дружнай сям’i. Cакрэтаў даўгалецця, па вялiкім рахунку, няма. Дажыць да такога паважанага ўзросту, на маю думку, жанчыне паспрыялi моцная сiла духу, дабрыня, памяркоўны, спакойны характар, а яшчэ — самаадданая праца i песні, якія суправаджалі яе на працягу ўсяго жыцця, суцяшалі ў горы i акрылялі ў радасцi...

Нарадзiлася Агафiя Малуха ў шмат- дзетнай сялянскай сям’i (па лiку — 7-я) у вёсцы Кажушкi Хойнiцкага раёна 24 мая 1908 года. Калi споўнiлася тры гады, спазналася з сiрочаю доляй: мацi, Феадора Лук’янаўна, памерла ад хваробы, пакiнуўшы васьмярых дзяцей на бацьку. Конану Дарафеевiчу Каралю нiчога не заставалася, як хутчэй ажанiцца — дзецям патрэбна была ўвага. Дзякуй Богу, што ў дом прыйшла добрая i чулая жанчына. Праз некаторы час сям’я павялiчылася яшчэ на чатыры душы.

— Я з малалецтва была ў клопатах: мачаха больш па гаспадарцы ўпраўлялася, мне ж даводзілася важдацца з малымi дзецьмi, — дзелiцца сваiмi ўспамiнамi Агафiя Конанаўна. — Лiчы, узнiмала iх. А потым i больш клопатаў зведала. Такiх хапала па жыцці. Не заўважыла, як гады праляцелi. Глядзі, i нявестаю стала. Пра замужжа трэба было думаць. А яно неяк само прыйшло i... чамусьцi не заладзiлася з самага пачатку.

Доўга не раздумваючы, пакiнула няўдалы шлюб у мінулым i накiравалася да старэйшай сястры ў Белабярэжскую Рудню (Нараўлянскi раён). Вось тут неўзабаве сустрэла сваё самае моцнае, на ўсё астатняе жыццё, каханне. Хоць радня будучага мужа была супраць, але ж Агафія Конанаўна з Лявонцiем Сямёнавiчам Малухай усё роўна пачалi сваё гняздзечка вiць. Усё мазалём нажывалi. Неўзабаве — дзiцятка. Хлопчыка Колькам назвалi. Потым і дачушкi, Поля з Лiдай, нарадзiлiся.

— Ох, толькi не думала, не гадала, што шчасцейка раптам адвернецца ад мяне, — працягвае з сумам бабуля. — Вайна… (Бабуля Агапа тут выцiрае няпрошаныя слязiнкi. — Аўт.). Лявонцiй спачатку ў падполлі быў, а потым, калi вораг падступiў блiжэй да Нароўлi, пайшоў у партызанскі атрад. У адным з баёў прапаў без весткі... Ну што ж паробіш — такі лёс. Стала я чыстая ўдавіца. Як вечар, душылася слязьмі. Але на людзей гора не выносіла, у кожнага тады свайго хапала. Усё ў сабе трымала. Работай забывалася… За што я толькi ні бралася, — успамiнае далей бабуля Агапа. — Анiякiх цяжкасцей не баялася...

Не толькi вайна стала для Агафii Конанаўны жорсткiм выпрабаваннем, але i пазней iншыя беды як снег звалiлiся на яе галаву: заўчасна памерлi старэйшыя дзецi — сын Мiкалай i дачка Палiна. Засталася толькi Лiдзiя. Мацi заўсёды здавалася, што жаночы лёс дачкi чымсьцi падобны на яе: рана памёр муж, пакiнуўшы з чатырма дзецьмi... І таму Агапа некалі вырашыла пераехаць, падтрымаць дачку. Прайшло ўжо 40 гадоў, як доўгажыхарка — мазыранка. А яе вёску, як i шмат iншых на Беларусі, сцерла з карты Нараўлянскага раёна нябачнае лiха — Чарнобыль... Ён паразганяў яе землякоў з родных мясцiн i назваў балючым словам — «перасяленцы»...

У бабулi Агапы, яна сама лiчыць, было важкае прызначэнне — дапагчы Лiдзii вырасцiць дзетак. Унукi — Валера, Саша, Наташа i Дзiмка — спакойна засыналi пад яе калыханкі. Нават не злiчыць, колькi песень ведае бабуля Агапа! Пра што яна толькi ні спявала: пра нешчаслiвае замужжа, пра калiну-жанчыну, якая засталася з трыма дзеткамi гора гараваць, пра каханне — адзiнае i вечнае…

Сёння ўнукi маюць свае сем’і, нарадзiлiся ўжо праўнукi, прапраўнукі. Бабуля Агапа адчувае сябе шчаслiвай: бо сярод яе нашчадкаў ёсць i медыкi, i педагогi, i механiзатары, i артысты, i юрысты… Галоўнае — выраслi людзьмi, за якiх нiколі не будзе сорамна. У святочныя днi за вялiкiм сталом збiраецца ўся радзiна — самае пачэснае месца заўсёды адводзiцца ёй, бабулi Агапе.

— Гэта ж трэба! — здзiўляюцца зараз праўнукi-школьнiкi. — Наша бабуля Агапа памятае, якiм было Палессе да рэвалюцыi, Вялiкай Айчыннай вайны...

Адметна: Агафiя Конанаўна да сённяшнiх дзён захавала добрую памяць i цудоўны слых. І толькi ў апошнiя два гады моцна стаў падводзіць зрок. Можна было б неяк «падрамантаваць» яго, аднак жа адносiны да сучаснай медыцыны ў бабулі надта скептычныя. Амаль ніколі не прымае бабуля нiякай дапамогi ад дактароў, бо ўпэўнена: колькi Бог адмераў на гэтым свеце, столькi і пражывеш.

— Як зараз мне жывецца?.. — перапытвае ў мяне на развітанне бабуля. — Ой, так добра, што і паміраць не хочацца. Хачу вось толькі параіць маладым: каб доўга жыць, трэба любiць жыццё, адносіцца з дабром i павагай да людзей, не трымаць зла i не рабiць яго, радавацца ўсяму, што дае Бог...

Наталля КАНОПЛIЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter