Помолиться перед иконой Матери Божьей Будславской ежегодно приходят тысячи паломников

Наша апякунка

Добра памятаю ліпень мінулага года. На дварэ ліло нібы з вядра, прычым не першы дзень. У такое надвор’е звычайна сядзяць дома, не паказваючы носа на вуліцу. Вось толькі ў Будслаў усё прыбывалі і прыбывалі людзі. Ішлі пешшу, дабіраліся на веласіпедах, ехалі на машынах і аўтобусах. Тых, хто хоча памаліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай, не палохаюць ні спёка, ні дождж, ні град… Сёлета ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай пройдзе 5—6 ліпеня. І ўсе ведаюць — свята адбудзецца пры любым надвор’і.

catholic.by

На месцы, куды сёння прыходзяць тысячы паломнікаў, у пачатку XVI стагоддзя рос густы лес. Сюды з Вільні ў 1504 го­дзе былі адпраўлены манахі-бернардзінцы, каб сплаўляць лес для рамонту віленскага кляштара Святога Казіміра. Браты пабудавалі для сябе часовыя шалашы — буды (адсюль і назва мястэчка), а таксама невялічкае памяшканне для правядзення святой імшы і набажэнстваў. І па большасці вялі пустэльніцкае жыццё, пакуль... аблюбаванае імі месца на рацэ Сэрвеч не стала папулярным і сярод іншых людзей. У многім дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню ў 1588 годзе Маці Божай. Спачатку для пілігрымаў пабудавалі драўляную капліцу, а ў 1643 годзе і мураваны касцёл. Ён, дарэчы, захаваўся і да сённяшняга часу — як частка новага храма, узведзенага ў Будславе ў 1783 го­дзе. Шмат перажыў касцёл за сваю доўгую гісторыю. І што важна, застаўся некранутым і ў перыяд ваеннага ліхалецця, і ў часы сталінскага атэізму. Усе вераць — гэта Маці Божая Будслаўская захавала яго ад знішчэння.

Абраз, якому сёння ­пакланяюцца хрысціяне ўсёй Беларусі і не толькі, з’явіўся ў мястэчку ў 1613 годзе. Вядома, што ён быў падараваны яшчэ ў 1598 годзе рымскім папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода так цаніў падарунак, што заўсёды браў абраз у паходы. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613 го­дзе, якраз перад Вялікаднем, Салакай быў у Будславе і, узрушаны набажэнствам, ахвяраваў касцёлу і айцам-бернардзінцам цудоўны абраз.

Са з’яўленнем абраза ў Будславе пачалося адбывацца неверагоднае. З кожным годам сюды стала прыязджаць усё больш і больш людзей. Памаліцца, папрасіць аб патрэбных ласках, падзякаваць за здзейсненыя цуды. А іх было нямала. Яшчэ ў XVII стагоддзі айцец Элеўтэрый Зеляевіч напісаў пра іх кнігу «Задыяк на зямлі», дзе расказаў пра 42 цуда­дзейныя выздараўленні, сведкам якіх ён стаў асабіста. Першы цуд датуецца 1617 годам.

Для годнага размяшчэння цудатворнага абраза яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя быў пабудаваны ўні­кальны чорны разны алтар з пазалочанымі фігурамі святых Старога Запавету. Ён захаваўся да нашага часу — у частцы храма, якую называюць «старым касцёлам». Незвычайная кампазіцыя, ілюзорная перспектыва, багатая аздоба... У свой час алтар у Будславе стаў наватарствам у сакральнай архітэктуры не толькі Беларусі, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. ­Мяркуецца, што яго праект належыць каралеўскаму архітэктару Джавані Гіслені. Тады ж была выканана сярэбраная аздоба абраза: сукенка і ажурная рама.


Пасля таго, як у Будславе пабудавалі новы касцёл, змяніў месца прапіскі і цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Яго перанеслі ў самае сэрца новага храма — галоўны алтар. Тут ён знаходзіцца і сёння. Абраз намаляваны алеем на палатне, нацягнутым на дошку досыць вялікага памеру — 72х65 см. На ім Маці Божая трымае Дзіцятка Езуса з працягнутымі рукамі: правай рукой ён бласлаўляе, а левай нібы падае Маці плод граната — сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, вернікаў якога ўвасабляюць яго зярняткі. На абразе захаваліся дасканалая сярэбраная шата, арнаментаваная пазалочанымі кветкамі, і кароны з каштоўнымі камянямі — ікона была каранавана ў 1998 годзе. Сам абраз змешчаны ў сярэбранай раме з арабескавым арнаментам у стылі позняга рэнесансу. Гэта аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі. 

Бясспрэчна, абраз Маці Божай Будслаў­скай з’яўляецца выдатным шэдэўрам сакральнага мастацтва. Але для хрысціян гэта ў першую чаргу вялікая святыня. У Будслаў прыязджаюць усе — і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. 

— Шукаюць тут штосьці духоўнае, спрабуюць знайсці адказы на пытанні, атрымаць дапамогу ў нейкіх жыццёвых сітуацыях, просяць аб пакаянні, — расказвае будслаўскі пробашч ксёндз Дзмітрый Дубовік. — Вядома, калі Маці Божая аб’яўлялася ў Будславе ў XVI стагоддзі, ёю было сказана: «Гэта месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям». Тыя, хто прагне навяртання, знаходзяцца ў асаблівай міласці Марыі. Таму стала ўжо добрай традыцыяй у пілігрымаў, якія прыязджаюць на свята ў Будслаў, спачатку памаліцца перад абразом Маці Божай, а пасля абавязкова прыступіць да сакраманту споведзі.

Сёння ў Будслаў наведваюцца з рознымі праблемамі і просьбамі. Хтосьці не мае дзяцей, хтосьці цяжка хварэе… І многім Маці Божая Будслаўская дапамагае.

— Вось толькі ў гэтым годзе прыязджала жанчына з Глыбокага — 4-я стадыя рака. Моцна прасіла аб дапамозе, і чарговае абследаванне паказала, што і рак, і метастазы зніклі. Але ўсе мы павінны разумець, што проста прасіць вельмі мала, трэба быць гатовым змяніць сваё жыццё да лепшага.

НОВАЕ ЖЫЦЦЁ

Ксёндз Дзмітрый Дубовік служыць у Будславе менш за год. Але за гэты час дзякуючы яго ініцыятыве зроблена вельмі шмат. Заменена шкло на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай на высакаякаснае, музейнае. Яно больш тонкае, празрыстае, да таго ж не блікуе, што дазваляе без перашкод бачыць Маці Божую з Дзіцяткам Езусам з розных пунктаў і пры розным асвятленні. Адрэстаўраваны старажытная манстранцыя 1739 года і ўнікальны крыж-пацыфікал з рэліквіямі святых, датаваны XVII стагоддзем. Работы прафесійна выканаў мастак-рэстаўратар Аляксандр Петракоў.

— Зараз на рэстаўрацыі знаходзяцца абразы з касцёла. Пачынаем зай­мац­ца бакавымі алтарамі, пазней прыступім да роспісаў, — дзеліцца планамі ксёндз Дзмітрый Дубовік. — Разумеем, што ўсё трэба рабіць вельмі паступова. Пачыталі розныя архіўныя дакументы і знайшлі, што ў касцёле ёсць шмат замаляваных роспісаў, іх трэба адкрываць. У другой палове ліпеня ў Будславе будуць працаваць археолагі. Плануем запрашаць іх і далей — адкрываць падмуркі кляштара. І ў бліжэйшыя некалькі сезонаў будзем праводзіць унутраныя работы. Адзіная праблема — пакуль не можам знайсці майстроў, якія зоймуцца рэстаўрацыяй аргана. Такіх спецыялістаў амаль няма.

НА ЗАМЕТКУ

• Сёлетні Будслаўскі фэст пройдзе 5—6 ліпеня. Упершыню — у новым статусе. Восенню ўрачыстасць трапіла ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Дэвіз сёлетняга свята — «Каралева сем’яў, маліся за нас». Урачыстая святая імша і эўхарыстычная працэсія з заключным блаславеннем запланавана на нядзелю 6 ліпеня ў 10.00. 

• Першыя пілігрымкі ў Будслаў стартавалі ўжо 27 чэрвеня. Самыя працяглыя сёлета — з Баранавіч і Ліды. Акрамя звычайных пешых, запланаваны велапілігрымкі, пілігрымка сем’яў, «пакутніцкая» (на хлебе і вадзе). 

mila@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter