Сёння спаўняецца 136 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы

Наш Янка Купала

«ЧАЛАВЕК — гэта цэлы свет», — пісаў Кузьма Чорны. Яго аўтарскае выслоўе асабліва трапнае, калі разглядаць асобу Янкі Купалы. Для нацыянальнай культуры Пясняр — сапраўдны слуп духоўнасці, эпоха, брэнд, як зараз кажуць. Сёння спаўняецца 136 гадоў з дня нараджэння нашага класіка.


Цікава, што ў Беларусі нават там, дзе ён ніколі не быў, з павагай і асаблівым пачуццём адносяцца да ўшанавання памяці паэта. Ён лічыцца нацыянальным сімвалам, эталонам (не ў крыўду астатнім творцам), яго кнігі можна знайсці ў любой, нават самай сціплай па велічыні фондаў сельскай бібліятэцы. Чаму? Адказ на гэтае пытанне ляжыць на паверхні. Купала сімвалізуе беларускую літаратуру, вылучае яе ў свеце. Калі, напрыклад, мы кажам пра рускую літаратуру, то яе мы атаясамліваем з Пушкіным і Дастаеўскім, французскую — з Дзюма і Бальзакам, калі пра англійскую — Шэкспірам і Конан-Дойлам…

Асобная тэма — купалаўскія мясціны. І першай на карце вылучаецца Вязынка, что ў Маладзечанскім раёне. Сціплая вёска — калыска паэта: тут, у адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны, нарадзіўся Іван Луцэвіч. З 1972 года кожнае лета ў пачатку ліпеня Вязынка збірае сяброў, каб адсвяткаваць дзень нараджэння Янкі Купалы. З усяго свету прыязджаюць госці на радзіму Песняра. Фэст аздабляюць выступленні народных ансамбляў музыкі і танца, калектываў аўтарскай песні, аматарскіх фальклорных гуртоў, кірмаш рамёстваў, а з вуснаў сучасных літаратараў гучаць неўміручыя Купалавы радкі. Прызнаюся, неаднаразова і сама станавілася ўдзельніцай такіх святаў. І адчувала: дзякуючы Песняру усе праяўленні шматграннай культуры злучаюцца ў адну. А гэта вялікая аб’яднаўчая сіла. Ці не з яе пачынаецца любоў да сваёй культуры і Бацькаўшчыны?

Купалаўская тэма — гэта яшчэ і спосаб бліжэй пазнаёміцца з уласнымі каранямі, з жыццём вёскі. У мінулым годзе, да прыкладу, мне давялося пабываць на лагойскім хутары Акопы. Гэтае месца не такое раскручанае сярод іншых, што адыгралі ролю ў біяграфіі класіка, але ж вельмі цікавае. Там непадалёк ад лагойскай вёскі Харужанцы літаратар нарадзіўся як драматург: напісаў знакамітыя п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», «Прымакі», «Тутэйшыя». Акопы для класіка, які прыязджаў туды летам да маці, сталі месцам у яго творчасці адметным. Да прыкладу, адны з лепшых паэм «Бандароўна», «Яна і я», «Магіла льва» былі створаны ў доме на хутары літаральна за месяц — з 24 чэрвеня па 24 ліпеня 1913 года.

Здавалася б, колькі гадоў мінула з тых вакацый… Але нават зараз, больш чым праз стагоддзе, засталіся тыя, хто не толькі з хрэстаматый, але і з вуснаў сучаснікаў ведаў пра Купалу. Напрыклад, жыхар Вялікіх Бесядаў Віктар Гінтаўт чуў пра класіка ад свайго дзядзькі Франца, які школьнікам браў удзел у літаратурных вечарынах. Аднойчы ў вёску Баршчэўнік на школьны канцэрт прыехаў Янка Купала з жонкай. Потым, калі Франц паступіў у Мінск. Пясняр, ведаючы, што лагойскі хлопец памятае яго з дзяцінства, гасцінна прымаў студэнта ў сябе дома.

Цікава было даведацца і пра рысы характару Купалы: аказваецца, ён быў чалавекам вельмі непрыстасаваным да самастойнага быту. Вельмі не любіў кампаній і гутарак, быў вялікім маўчуном. Няўжо гэта не ўнікальныя звесткі пра класіка?

Зразумела, гэтыя і іншыя факты буду распавядаць сваім дзецям пры вывучэнні беларускай літаратуры. Раскажу, таму што лічу сваім абавязкам перадаць нашчадкам уласныя веды пра паэта, як дарагую нацыянальную спадчыну. У гэтым і заключаецца сутнасць сувязі пакаленняў, дзе духоўным падмуркам з’яўляецца веданне культурных брэндаў краіны.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter