Наш Купала

Традыцыйна ў пачатку ліпеня Вязынка пад Мінскам на адзін дзень ператвараецца ў паэтычную Мекку. Прыгадаць знаёмыя са школьнай парты радкі Янкі Купалы і ўдосталь наталіцца нацыянальным каларытам у гэтым райскім кутку прыязджае не толькі наша літаратурная суполка, але і проста аматары фальклору і рыфм на свежым паветры. Так адзначаюць дзень нараджэння песняра.

Ліпеньскі літаратурны пікнік — гэта пісьменніцкая традыцыя. Ёй не здраджваюць ужо 38 гадоў. Спачатку адзначалі камерна: ускладалі вянкі, чыталі адзін аднаму вершы. Цяпер у Вязынку з’язджаюцца тысячы людзей, прычым не толькі са сталіцы і Мінскай вобласці. Падзея сапраўды стала ўсенароднай. І справа тут не толькі ў любові да вялікай паэзіі. Маленькая вёсачка прапануе ўсё хараство сельскага адпачынку. Пейзаж — як з карцінкі: дыхтоўныя хаты, векавыя дубы...
...На цэнтральнай алеі музейнага комплексу прылаўкі з саламянымі вырабамі і льнянымі цудамі. Цэны невысокія, а асартымент намнога багацейшы за сталічны — амаль усе сувеніры выраблены мясцовымі рамеснікамі. Адразу на дзвюх пляцоўках выступалі народныя калектывы. Бабулі ў нацыянальных строях і зусім маленькія дзяўчынкі заўзята спявалі пра наступаючую купальскую ноч, папараць-кветку і ўдалых жаніхоў. З літаратурнымі чытаннямі нават давялося крыху пачакаць — “ціхага слова” Янкі Купалы проста ніхто б не пачуў.
“Лёс такі ў паэтаў, — па-філасофску заўважыла траюрадная пляменніца Купалы Валянціна Луцэвіч-Скарынкіна, — іх заўсёды заглушаюць”. Сваячка класіка не была знаёма са сваім геніяльным дзядзькам. Валянціна Пятроўна нарадзілася за тры гады да смерці паэта. Любоў да роднай мовы і літаратуры ёй прывілі з дзяцінства. Вершы Янкі Купалы яна можа цытаваць бясконца. “Тата нам заўсёды казаў: не мы ў Купале, а Купала ў нас. Трэба быць годным свайго роду. А вось хваліцца і карыстацца прозвішчам грэшна. Памятаю, у вучылішчы мяне папрасілі прывітаць нейкі студэнцкі злёт вершамі Купалы. Я так старалася, рэпеціравала, але чытаць, як сапраўдная артыстка, так і не навучылася!” — смяецца Валянціна Пятроўна.
Чытаць Купалу і сапраўды трэба ўмець. Спяваць — прасцей. Незвычайная музычнасць яго радкоў з лёгкасцю дазваляе перакладаць тэкст на ноты. Адну з песень паэт і бард Дзмітрый Пятровіч напісаў па дарозе ў Вязынку. “Роля кампазітара мінімальная. Вершы Купалы і так напоўнены мелодыяй. У іх столькі любові, лірыкі, рамантыкі”, — сціпла заўважае Дзмітрый. З днём нараджэння Івана Дамінікавіча віншавалі песнямі на ягоныя ж вершы. “Малітвай” — стоячы і хорам. “Гусляром” — са слязамі на вачах.
Скульптар і паэт Хізры Асадулаеў перакладае Купалу на карацінскую мову. На свяце ён чытаў “Невясёлую старонку Беларусь”. “У майго народа і народа Беларусі шмат агульнага. Па-першае, гэта нялёгкі лёс: пастаянныя войны, цяжкае паўсядзённае жыццё. Па-другое, гэта рысы характару. Беларусы такія ж гасцінныя, як горцы, і такія ж дружныя. Я перакладаў выбарачна, тое, што можа быць знаёмым і блізкім майму народу. Калі чытаў, людзі плакалі”.
Кацярына ГАБЫШАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter