Наш храм, імя якому — Полацк.

Вельмі хочацца верыць, што мы самі, атрымаўшы ў падарунак усе выгоды турыстычнага сэрвісу, будзем прыязджаць у самы старажытны горад краіны не толькі як турысты.

Вельмі хочацца верыць, што мы самі, атрымаўшы ў падарунак усе выгоды турыстычнага сэрвісу, будзем прыязджаць у самы старажытны горад краіны не толькі як турысты.

Калісьці даўно, падчас першага знаёмства з Полацкам, пашчасціла пачуць ад аднаго палачаніна дзіўныя словы: “Да Полацкай зямлі трэба ставіцца як да царквы. У кожным яе кавалачку, у кожным сантыметры — наша гісторыя”...

Ён меў рацыю, гэты апантаны краязнаўца. Па Полацку сапраўды трэба хадзіць як па храму. Без рэзкіх рухаў, без гучных словаў. Прыслухоўваючыся да самога сябе, таму што менавіта тут вельмі лёгка злавіць і затрымаць сапраўднае пачуццё Радзімы, сваёй далучанасці да яе гісторыі, адчуць сябе яе неад’емнай часткай, моцна знітаванай і з мінулым, і з сучаснасцю, і з будучыняй...

І справа тут не толькі ў сапраўды шыкоўнай спадчыне, што ў гэтым горадзе захавалася праз стагоддзі, не ў згадках пра тое, што па гэтых вуліцах хадзіў калісьці Скарына, а ў гэтым храме малілася тысячу гадоў назад святая Ефрасіння, і нават не ў веданні, што Полацк — самы старэйшы наш горад. У яго ёсць нешта большае. Нашы агульныя Душа і Памяць — яны тут, ім і належыць тут быць. Тут пачалася наша дзяржаўнасць, тут нарадзілася наша духоўнасць і асвета — тут пачаліся ўсе мы.

Калі б Полацка не было на гэтай зямлі, яго варта было б прыдумаць. Павінна ж у кожнага народа быць свая калыска, дзе зямля і паветра тояць у сабе тое, што пафасна завецца спрадвечнымі каранямі. Але Полацк у нас, дзякуй Богу, ёсць. Жывы, сапраўдны, непадроблены. Гэта мала ведаць. Гэта абавязкова трэба адчуць. Самому, непасрэдна ў горадзе, ступаючы па яго вуліцах асцярожна, бы па плітах старажытнага храма.

Полацк прыгажэе на вачах, робіцца ўсё больш прывабным для пры-езджых. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ, губернатар Аляксандр Косінец асабіста клапоціцца аб добраўпарадкаванні, развіцці інфраструктуры горада, у які з’язджаюцца тысячы турыстаў. Гэта выдатна, так прынята ва ўсім цывілізаваным свеце. Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што паказаць блізкім і далёкім гасцям, стварыўшы ім выдатныя ўмовы для азнаямлення і адпачынку.

Толькі вельмі хочацца верыць, што мы самі, атрымаўшы ў падарунак усе выгоды турыстычнага сэрвісу, усё ж будзем прыязджаць у свой Полацк не як турысты. Калі хочаце: не толькі як турысты. І найперш будзем гадзінамі сядзець не ва ўтульнай кавярні з прысмакамі нацыянальнай кухні ці на маляўнічым беразе сажалкі, а на высокай кручы ля Барысава камня, спрабуючы разгадаць, што праз стагоддзі хацеў нам сказаць невядомы князь, ці ў паўзмроку Спасаўскай царквы, чакаючы, што вось-вось сонечны прамень трапіць праз вузенькае акенца на старажытныя фрэскі, і ўсё заззяе залацістым цёплым бляскам, і вочы святых на іх засвецяцца раптам разуменнем і спагадай...

Заўтра Полацк афіцыйна адзначыць сваё 1150-годдзе. Мы дакладна не ведаем,  у які менавіта дзень і нават у якім годзе з той ссівелай за стагоддзі даўніны пачалася гісторыя слаўнага горада. Але мы дакладна ведаем, што ў нас ёсць 1150 год уласнай, нашай гісторыі. З узлётамі, падзеннямі, выпрабаваннямі, пераадоленнем. З адчуваннем гонару і годнасці. З заўсёдным — што б там ні было — шанаваннем духоўнасці і чалавечнасці. З вечнай неспатольнай прагай да ведаў, да новага, нязведанага. З разуменнем, якое закладзена ў падсвядомасці, што гэта — наша зямля, якую мы ні ў кога не заваёўвалі, але нікому і не аддадзім... Яна, гісторыя народа, гісторыя нацыі, закладвалася больш за тысячу гадоў менавіта тут, у Полацку, і горад не знік у віхуры войнаў і ператрусаў, стаў не міфам, але жывой легендай. Ён сапраўды для нас як храм, які варта шанаваць, якім варта ганарыцца, у які трэба прыводзіць дзяцей і ўнукаў. Не толькі падчас нейкіх урачыстасцяў — ён ёсць заўсёды, і прыйсці ў яго можна ў любы дзень.

...У Полацку я аднойчы спытала ў мясцовай паэткі, ці не цісне горад сваёй тысячагадовай гісторыяй. Адказ быў варты сапраўднай палачанкі: “Што вы, Полацк не цісне, Полацк — ляціць”. І менавіта тады, ужо вяртаючыся ў Мінск, пабачыла дзіва, якое не бачыла ніколі ні дагэтуль, ні пасля: над Полацкам, пад промнямі сонца, якое раптам выглянула з-за хмар, з’явіліся адразу дзве вясёлкі. Прычым не адна над адной, як гэта бывае звычайна, а побач, на адным узроўні. Бы расправіў раптам горад вялізныя — на паўнеба — крылы. Падумала тады: во якая метафара прыгожая, абавязкова выкарыстаю ў якім матэрыяле...

А можа, ніякая гэта не метафара. Усё проста: тысячу і яшчэ як мінімум сто пяцьдзясят гадоў ляціць у Сусвет горад на вясёлкавых крылах. І пакуль ён ёсць на гэтай зямлі, ёсць каму прасіць Бога за Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter