Наш кінарынак прываблівае замежжа?

У Міністэрстве культуры адбылася сустрэча з вядучымі расійскімі кінапрадзюсарамі.

На ёй прысутнічалі і прадстаўнікі айчыннай прадзюсарскай супольнасці і кінастудыі “Беларусьфільм”. Вядучыя расійскія прадзюсары мастацкага кіно Сяргей Сяльянаў (фільмы “Брат”, “Брат-2”), Ігар Талстуноў (“Піцер FM”, “Вадзіцель для Веры””), Уладзіслаў Рашын (“Смерць шпіёнам”, “Рэквіем для сведкі”), Аляксандр Стрыжэнаў (“Стацкі саветнік”, “Любоў-морква”), а таксама саветнік праўлення Асацыяцыі тэле- і кінапрадзюсараў Расіі Ганна Крутава зацікаўлены ў больш актыўным супрацоўніцтве з  кінастудыяй “Беларусьфільм”,   у  шэрагу сумесных праектаў.

Удзельнікі сустрэчы гаварылі аб тым, паведаміла прэс-служба Міністэрства культуры, што пасля сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў верасні мінулага года з кінематаграфістамі ў рэфармаванні нацыянальнага кінематографа адбыліся значныя зрухі, падрыхтаваны шэраг новых праектаў, нарматыўных прававых актаў, якія дазволяць больш эфектыўна развівацца  кінагаліне краіны і значна павялічыць прывабнасць беларускага рынку  для замежных прадзюсарскіх кампаній.

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Дарэчы

Цяпер кінастудыя “Беларусьфільм” здымае фільм з партнёрамі з Латвіі і Эстоніі. На стадыі разгляду знаходзяцца праекты з партнёрамі з Сербіі (Эмір Кустурыца), Польшчы (Кшыштаф Занусі). У сферы дакументалістыкі плануецца праца з Германіяй і Ізраілем. Аднак галоўным партнёрам застаецца Расія. На “Беларусьфільме” на розных стадыях вытворчасці знаходзяцца два беларуска-расійскія тэлевізійныя праекты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter