Наш чалавек з Амстэрдама

У Белдзяржфілармоніі завяршаецца Міжнародны форум маладых музыкантаў «Мінская вясна»

У Белдзяржфілармоніі завяршаецца Міжнародны форум маладых музыкантаў «Мінская вясна». Сёлета ён быў асабліва насычаным і маштабным. У афішы — 26 канцэртаў. На працягу месяца для аматараў класікі гучала музыка камерная, сімфанічная, вакальная, харавая, фальклорная, джазавая. 


Заўтра — заключны канцэрт, фар­тэпіянны. На сцэне за раялем будзе валадарыць наш суайчыннік лаўрэат міжнародных конкурсаў Віталь Стахіевіч. Музычная кар’ера гэтага таленавітага піяніста пачалася ў Мінску. Зараз ён жыве і працуе ў Амстэрдаме, гастралюе па ўсім свеце. З поспехам выступаў у большасці краін Еўропы, а таксама ў ЗША, Мексіцы, Японіі. Але амаль штогод не абмінае з канцэртамі і радзіму. Напярэдадні цяперашняга мы сустрэліся з вядомым музыкантам. 

— Віталь, як даўно вы ўжо ў Амcтэрдаме, чаму ў свой час вырашылі перабрацца менавіта туды?

— У Амстэрдаме я амаль з тузін гадоў. Спачатку пасля заканчэння нашай Акадэміі музыкі прыехаў у Галандыю павучыцца год-другі ў магістратуры, потым яшчэ затрымаўся ва ўніверсітэце на курсе гісторыі сучаснага мастацтва, а цяпер вось ужо і сам выкладаю ў кансерваторыі. Паступаў у Амстэрдам з шэрагу прычын: англійская мова навучання, значны цэнтр музычнага жыцця, цудоўныя педагогі-піяністы Хокан Аўстбё і Навум Груберт. 

— Ці спраўдзіліся надзеі? Дзе прасцей будаваць кар’еру?

— Мне вельмі падабаецца працаваць у кансерваторыі, гэта менавіта тое, да чаго я імкнуўся. Таксама люблю выступаць на сцэне, і для гэтага тут ёсць шырокія магчымасці. У чымсьці, як замежніку, бывае складана інтэгравацца ў музычную супольнасць. Можа, дома, дзе ты «нарадзіўся і ўскормлены быў», з гэтым было б лягчэй. Але мне вельмі дапамагае тое, што побач мая жонка Аксана. Яна таксама піяністка, мы пазнаёміліся на першым курсе Акадэміі музыкі ў Мінску і з таго часу разам. Заўсёды адчуваю яе падтрымку.

Наогул працаваць даводзіцца вельмі многа, практычна без выхадных і без вольнага часу. Па-першае, работа ў кансерваторыі, плюс канцэрты, як сольныя, так і ў разнастайных камерных ансамблях. Да канца сезона ў мяне запланавана многа цікавых праграм па Галандыі, а ўлетку чакаюцца выступленні ў Італіі. 

— Па родным Мінску сумуеце? Ці ёсць месцы ў горадзе, якія наведваеце ў час прыезду абавязкова? 

— Вядома, сумую. Таму імкнёмся бываць тут як мага часцей, і амаль заўсёды на калядныя і на летнія вакацыі. Таксама з нагоды кан­цэртаў. 

Абавязкова з Аксанай стараемся сустрэцца ў Мінску з нашым любімым педагогам — прафесарам Акадэміі музыкі Зояй Веніямінаўнай Качарскай. Памятаем і сваіх першых настаўнікаў. У маім выпадку гэта Алена Алегаўна Украінская —выкладчыца фартэпіяна 66-й мінскай школы. Бываючы ў горадзе, ніколі не абмінаю цэнтральныя кнігарні, некалькі храмаў, музычны каледж. 

— А ці ёсць намер вярнуцца?

— Я быў бы вельмі шчаслівы, калі б зноў давялося жыць на радзіме. Думаю, раней ці пазней гэта адбу­дзецца. Але пакуль я тут — праца, канцэрты, дамоўленасці, абавязкі. Хаця думкамі, душой заўсёды з Беларуссю, віртуальна існую ў яе прасторы.

— Звярнула ўвагу, на вашым персанальным сайце карыстальнікам пра­панаваны тры мовы — беларуская, нідэрландская і англійская, і свой блог вы ведзяце па-беларуску. Гэта своеасаблівая нітачка, каб быць бліжэй да радзімы?

— Для мяне, хоць і ўзгадаванага па-руску, якраз мова беларуская ўяўляецца вялікай каштоўнасцю, штодзённай патрэбай. Чаму для аднаго чалавека гэта так, а для іншага іначай, мне цяжка зразумець. 

— Чула, што вы пішаце вершы...

— Гэта пройдзены этап. Такія спробы робяць многія ў пэўныя перыяды жыцця. Але мае скончыліся. Цяпер я з задавальненнем чытаю вершы Алега Мінкіна, Валярыны Куставай, Алеся Дзітрыха, Наталлі Русецкай і іншых сапраўдных паэтаў. 

— Чым яшчэ займаецеся ў вольны ад музыкі час?

— Самае цудоўнае — гэта бавіць час з сям’ёй. Напрыклад, схадзіць з дачушкай на канцэрт ці ў музей або ўсім разам паехаць куды-небудзь на цэлы дзень. Люблю падарожнічаць, апошнім часам самае прыемнае — вяртацца ў пэўныя любімыя месцы: Вільнюс, Прага, Лісабон, Антверпен, Масква. Яшчэ  з задавальненнем магу схадзіць на футбольны ці хакейны матч. Паглядзець добрае кіно. Пачытаць. 

— Вы з жонкай піяністы, музычныя задаткі, відаць, ёсць і ў дачкі?

— Ёй пакуль толькі пяць гадоў, яшчэ рана нешта пэўнае казаць. Хаця яна з задавальненнем спявае ў хоры і ходзіць на заняткі балетам. Дарэчы, цяпер нас ужо чацвёра, у нас з Аксанай з’явіўся маленькі сын, яму споўнілася пяць месяцаў. 

— Заўтра на сцэне філармоніі вы бу­дзеце іграць Бетховена, Мендэльсона, Ліста. Чым абумоўлены гэты выбар?

— Кожны канцэрт — асобная гісторыя, але калі ён у родных мясцінах, дык гэта заўсёды і больш цікава, і больш хвалююча. Акрамя таго, выступаць тут мне вельмі прыемна і адказна. А наконт выбару: творы згаданых кампазітараў чамусьці даўно не ўключаў у свае сольныя праграмы. Вось і вырашыў выправіць гэты недахоп.

svirko@sb.by

Фота Ядвігі АДАМЧЫК
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...