Нас чакаюць у Камаях

Галасістымі спевамі сустракаюць пеўні на камайскіх падворках Марыну КАРАВАЦКУЮ. Другі год яна працуе паштальёнам. Марына Вітольдаўна шчыра прызнаецца, што ў кожны дом крочыць з любоўю. Усіх жыхароў аграгарадка Камаі Пастаўскага раёна яна добра ведае. Тут скончыла сярэднюю школу. Прафесію швачкі атрымала ў полацкім прафтэхвучылішчы. Вярнулася дамоў і працавала ў швейным цэху камбіната бытавога абслугоўвання. Выйшла замуж. Нарадзіліся сын, а потым дачка. Пасля адкрыцця ў камайскай гаспадарцы буйнога свінакомплексу памяняла прафесію. За чвэрць стагоддзя стараннай працы аператарам у цэху абнаўлення пагалоўя неаднойчы адзначалася кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства.


Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Марына Вітольдаўна не засталася без справы. Другі год дастаўляе жыхарам аграгарадка паштовую карэспандэнцыю, пенсіі, іншыя выплаты, а таксама прадукты харчавання і некаторыя тавары першай неабходнасці. Паспявае ўпраўляцца і на сваім падворку. З мужам Генадзем Вячаслававічам, які працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, трымаюць карову, хатнюю птушку, абрабляюць агарод. Калі падрасталі дзеці, было дзве каровы, конь, свінні. Сын і дачка маюць свае сем’і. Павел жыве і працуе міліцыянерам у Віцебску. Кацярына пасля заканчэння Віцебскага дзяржпедуніверсітэта імя П.М. Машэрава атрымала размеркаванне ў родныя Камаі. Падрастаюць унукі Аляксандр і Раман. Дзеля іх дзядуля і бабуля трымаюць на падворку рагулю.

У аддзяленні паштовай сувязі, якім дзясяты год кіруе Іна Навумчык, два паштальёны. Жыхароў суседняй вёскі Гваздавічы абслугоўвае Зоя Гасперская. Дзякуючы старанню паштовых работнікаў тут значна пабольшала падпісчыкаў «Сельской газеты». Толькі ў аграгарадку сёлета паўтара дзясятка сямей атрымліваюць яе. Пастаянныя падпісчыкі нашага выдання Лілія Конан, Іван Шарак, Іван Траццяк і іншыя. Спадзяемся, колькасць сяброў газеты ў Камаях і надалей будзе павялічвацца.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter