Игорь Лученок, Виктор Манаев и Владимир Прокопцов отметят юбилеи в начале августа

Народжаны пад знакам Льва

Адразу тры дзеячы беларускай культуры і мастацтва — Ігар Лучанок, Віктар Манаеў і Уладзімір Пракапцоў — адзначаць на будучым тыдні юбілеі. Тэлеканал «Беларусь 3» не застаўся ўбаку ад святаў.

6 жніўня да 80-годдзя кампазітара, народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка будзе прымеркавана праграма «Легенды беларускай эстрады. Ігар Лучанок», якая выйдзе ў эфір у 15.45. Ігар Міхайлавіч ужо шмат гадоў паспяхова працуе ў розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа — у песенным. «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Спадчына», «Майскі вальс» — усім песням народнага артыста ўласцівы яркая меладычнасць і нацыянальная самабытнасць.

Ігар ЛУЧАНОК

У 16.10 тэлегледачы змогуць атрымаць асалоду ад музычнага прысвячэння творчасці Ігара Лучанка — канцэрта «Мелодыя лёсу», які Белтэлерадыёкампанія запісала на адкрыцці XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018». Са спецыяльнай праграмай выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, цікава, што для яе ўсе тэксты песень Ігара Лучанка перакла­дзены і будуць выкананы на беларускай мове.

У 21.05 у эфір выйдзе юбілейны канцэрт Ігара Лучанка «И пока на земле существует любовь…», запісаны сёлета на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Музычныя віншаванні юбіляру са сцэны Летняга амфітэатра адрасуюць Ядвіга Паплаўская і Анастасія Ціхановіч, Уладзімір Правалінскі, Макс Лорэнс, Аляксей Хлястоў, Саша Нэма, Марына Васілеўская, ансамблі «Песняры», «Бяседа» і іншыя артысты.

У 22.45 на экране — новы дакументальны фільм «Я песень не лічу... Ігар Лучанок», які раскажа пра жыццё, лёс і творчасць знакамітага кампазітара-песенніка.

Да 60-годдзя народнага артыста Беларусі, акцёра Купалаўскага тэатра Віктара Манаева 7 жніўня ў 10.20 пакажуць імянны выпуск праекта «Выйсце ёсць». У 22.50 у эфір выйдзе праграма «Майстры і куміры», якая прадставіць нарэзку тэлевізійных перадач з удзелам акцёра. Сам жа артыст падзеліцца ўспамінамі, раскажа пра бацькоў, адкажа на пытанні, ці шкадаваў ён калі-небудзь, што абраў менавіта гэтую прафесію, і якія ўрокі выхавання ў сям’і ён пранёс праз усё жыццё. Увазе тэлегледачоў будуць прадстаўлены рэдкія архіўныя кадры, напрыклад, фрагменты спектакля «Радавыя», за які Манаеў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР, і ўрыўкі са спектакля «Тутэйшыя». Яркім элементам праграмы стане і паказ фрагментаў пастаноўкі «Пінская шляхта», за ролю ў якой у 2013 годзе Віктар Манаеў быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акрамя гэтага, 12 жніўня ў 22.25 гледачы «Беларусь 3» убачаць тэлеверсію спектакля па матывах камедыі Кандрата Крапівы «Мілы чалавек» (Белтэлерадыёкампанія, 1989 г.), у якім за­няты Віктар Манаеў.

Віктар МАНАЕЎ у спектаклі «Пінская шляхта».

8 жніўня, у 65-ы дзень нараджэння мас­така, кандыдата мастацтвазнаўства, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова пакажуць спецыяльную імянную праграму «Струны прасторы і часу». Эфір — у 22.40.

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ

Ірына ЮР’ЕВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter