Станіслаў Стома пікам кар'еры лічыць пасаду галоўурача райбальніцы

Народжаны лячыць, лятаць не вольны

Станіслаў Стома можа ісці ўверх па службовай лесвіцы, але пікам кар'еры лічыць пасаду галоўурача працуючай як часы райбальніцы

Станіслаў Стома можа ісці ўверх па службовай лесвіцы, але пікам кар`еры лічыць пасаду галоўурача працуючай як часы райбальніцы


ПЭЎНА, вялікае шчасце — жыць і працаваць там, дзе зроблены першыя крокі, дзе  «з любой травінкай хочацца сябраваць». Выпускнік Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Станіслаў СТОМА ў студэнцкія гады цвёрда вырашыў пасля заканчэння вучобы вярнуцца на родную Шаркаўшчыну. Працаваў рэаніматолагам, загадваў аддзяленнем, быў начмедам цэнтральнай раённай бальніцы. Трынаццаты год узначальвае яе. Патрабавальны да сябе і падначаленых, Станіслаў Тадэвушавіч згуртаваў высокапрафесійны калектыў медыцынскіх работнікаў, які прызнаны лепшым у вобласці, а галоўны ўрач — Чалавекам года Віцебшчыны.


Станіслаў СТОМА

ПААБАПАЛ умытых цёплымі майскімі дажджамі заасфальтаваных дарожак тэрыторыі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы зелянеюць акуратныя газоны, красуюцца пярэстымі пялёсткамі нарцысаў і цюльпанаў дагледжаныя кветнікі. Новы тыповы трохпавярховы корпус прыгожа ўпісаўся ў ціхі куточак райцэнтра. Яшчэ тры гады таму бальніца месцілася ў старых пасляваенных бараках. Зацягвалася будаўніцтва новага корпуса. Вось тут і праявіў характар галоўны ўрач. І не толькі паскорыў завяршэнне доўгабуда, але і дабіўся аснашчэння ўстановы сучасным медыцынскім абсталяваннем і неабходным бытавым інвентаром.

— На пачатку лістапада 2012 года ў нас было ўрачыстае адкрыццё новага корпуса раённай бальніцы, — канстатуе Станіслаў Тадэвушавіч. — Сапраўднае свята! Пасля старых памяшканняў перабрацца ў такі палац, дзе створаны максімальныя ўмовы для прыёму і лячэння пацыентаў! Будоўля была замарожана з-за недахопу сродкаў. Пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, абласных улад, раённага выканаўчага камітэта фарсіравалі завяршэнне работ. Разам шукалі варыянты вырашэння фінансавых праблем. У аблвыканкаме выкраілі неабходныя сродкі. Да зімовых халадоў паспелі завяршыць унутраную аддзелку і паралельна добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Абсалютна ўсё — абсталяванне і мэблю — закупілі новае. Пасцельныя рэчы, бытавыя прыборы — халадзільнікі, тэлевізары, камп’ютары — новыя.

— Толькі калектыў медперсаналу застаўся той жа.

— Супрацоўнікі бальніцы ад урачоў да санітарак — наш залаты фонд, які фарміраваўся гадамі. Гэта дружны і працавіты калектыў. Ідзеш па бальніцы — і на тварах шчырасць і светласць. Мяккасць і інтэлігентнасць у адносінах паміж сабою і да пацыентаў. Правядуць куды неабходна, патлумачаць, дапамогуць. Гэта можа таму, што тут, у глыбінцы, адзін аднаго добра ведаем. Тут усё на віду.

Створаны максімальныя ўмовы для дыягностыкі і лячэння пацыентаў. Але пры гэтым варта адзначыць, што 70 працэнтаў поспеху ў лячэнні залежыць ад догляду хворага, ад працы сярэдняга медыцынскага персаналу. Калі не будзе добрасумленных працаўнікоў у гэтым звяне, то намаганняў урачоў мала. У нас няма падзелу паміж паліклінікай і стацыянарам. Такое не ўсюды існуе ў раённых бальніцах. Сярод палатнага корпуса размешчаны кабінеты дзіцячай кансультацыі і хірургіі. Нашы ўрачы, што працуюць у паліклініцы, займаюцца і лячэннем стацыянарных хворых. У калідорах паліклінікі ніколі няма чэргаў на прыём.

— Колькі ўрачоў працуе ў бальніцы?

— Разлічана яна на сто ложкаў. Працуе трыццаць шэсць урачоў. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Віцебшчыны, ды і Беларусі, забяспечанасць у нас меншая. Але абласныя спецыялісты пастаянна наладжваюць прыём пацыентаў. 

Штогод у калектыў уліваюцца кадры з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Загадчык хірургічнага аддзялення Іван Вацлававіч Лаўрыновіч нядаўна адзначыў трыццацігоддзе. Ён — Чалавек года Шаркаўшчынскага раёна. Хірургу Паўлу Генрыхавічу Качану толькі 27 гадоў. Пасля Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта вярнуўся ў родныя мясціны, дзе галоўным урачом райбальніцы працаваў яго бацька — Генрых Мікалаевіч Качан. А карэнная віцябчанка Аксана Уладзіміраўна Селіванава па размеркаванні прыехала з маленькай дачкой і засталася тут. 

У бальніцы створаны ўмовы і для стажыроўкі будучых урачоў і сярэдняга медперсаналу. Тром інтэрнам Віцебскага медуніверсітэта, якія праходзяць у нас спецыялізацыю па тэрапіі, выдзелілі жыллё. Яны выхадцы з нашага раёна. Мы зацікаўлены, каб яны засталіся. Райвыканкам забяспечвае жыллём і выпускнікоў медвучылішчаў.   

— Станіслаў Тадэвушавіч, знешняя чысціня і парадак і на бальнічнай тэрыторыі, і ў карпусах характарызуюць высокую культуру. Медыцынскія кабінеты аснашчаны сучаснымі апаратамі і прыборамі. Усё, як у самай прэстыжнай сталічнай клініцы.

— Па многіх параметрах бальніца абсталявана лепш, чым некаторыя сталічныя клінікі. Мы абслугоўваем людзей з захворваннямі, якія звычайна прынята лячыць амбулаторна. Вяскоўцам дабірацца да нас штодзённа дорага. Таму кладзём іх у стацыянар. Некалькі дзён абследуем, ставім дыягназ, прызначаем лячэнне і выпісваем. Вясковы чалавек за гэты час адаптуецца, асвоіць, як прымаць лекі, і пад амбулаторным наглядам работнікаў ФАПа праходзіць лячэнне на месцы. 

Усталявалі прыборы для калонаскапіі, відэаэндаскоп — зонд, ці так званы фібрагастраскоп, сучаснае аперацыйнае абсталяванне. Хірургі на месцы выконваюць планавыя аперацыі. 

— Асноўныя медпаслугі сфакусіраваны ў райцэнтры. Ці засталіся вясковыя ўстановы аховы здароўя?

— Акрамя кіраўніцтва раённай бальніцай, на мяне ўскладзена і каардынацыя дзейнасці трох амбулаторый у буйных вёсках і сямнаццаці ФАПаў.

Германавіцкая амбулаторыя летась заняла трэцяе месца ў рэспубліцы і першае — на Віцебшчыне. Шмат гадоў кіруе ёю сапраўдны земскі ўрач Аляксандр Маісеевіч Стасевіч. Амбулаторыя размешчана на скрыжаванні дарог. Пацыентам няма неабходнасці па дробных праблемах ехаць у раён. У аграгарадку Лужкі дзейнічае бальніца сястрынскага догляду на сорак ложкаў. Раней яна была разлічана на большую колькасць пацыентаў, але з уводам новага корпуса адпала неабходнасць моцна загружаць Лужкоўскую бальніцу. У райцэнтры сканцэнтравана больш вузкіх спецыялістаў і значна пашыраны спектр аказання медыцынскай дапамогі. У вёсках наладжана пярвічнае аказанне дапамогі. За гады маёй працы галоўным урачом мы ні адзін ФАП не скарацілі. Нават пакінулі там, дзе пражывае ўсяго каля сотні састарэлых сялян.

— Як вам гэта ўдалося?

— Аргументаваў сацыяльнай неабходнасцю. Сотня жыхароў маленькіх вёсачак і хутароў усё жыццё працавала на гэтай зямлі, ім вельмі цяпер патрэбен ФАП. У вобласці мяне падтрымалі, людзі засталіся задаволенымі.

ФАПы планава рамантуем. Урачы тут на выязных прыёмах рэгулярна аглядаюць  хворых і даюць кансультацыі. Мы працуем у адной счэпцы. Усе медыцынскія ўстановы раёна камп’ютарызаваны і карткі пацыентаў электронныя. 

— Станіслаў Тадэвушавіч, што вам больш па душы: быць адміністратарам ці ўрачом?

— Безумоўна, па стану душы я ўрач. Асэнсавана выбіраў прафесію, хаця ў дзяцінстве мроіў, як і іншыя равеснікі, стаць касманаўтам, лётчыкам. З чатырнаццаці гадоў рос без бацькі, якога ад цяжкай працы ў калгаснай кузні рана не стала. І дзед мой быў лепшы каваль у наваколлі. І я да бацькі забягаў, мяхі раздуваў, трымаў у руках цяжкі молат. 

У нашай сям’і падрасталі яшчэ дзве сястры. Пасля смерці бацькі ўсе мужчынскія клопаты ляглі на мае плечы. Па гаспадарцы спраўляўся і ў школе добра вучыўся. Настаўніца хіміі Іза Ісідораўна Хоміч прывіла любоў да прадмета, а фізіку нам даступна выкладаў дырэктар Германавіцкай сярэдняй школы Мікалай Мікалаевіч Жураў. Пасля атрымання атэстата дзядзька Станіслаў сагітаваў мяне і яшчэ дваіх сваякоў паступаць ва Уфімскае вышэйшае ваеннае вучылішча верталётчыкаў. Экзамены здалі паспяхова, але праз тры тыдні збеглі дамоў. Адчулі, што памыліліся ў выбары прафесіі. Пайшоў у армію. Служыў на Балтыйскім флоце. Вярнуўся дамоў у марской форме, і ў Германавіцкім сельскім клубе стройная дзяўчына запрасіла на танец. Прыглянулася. Пасля двух гадоў сяброўства з Людмілай пажаніліся. Пайшоў на падрыхтоўчыя курсы ў Віцебскі медінстытут. Выкладчыкі цудоўныя. Людміла вучылася ў Віцебскім педінстытуце імя Машэрава. Адным цягніком дамоў дабіраліся. Па гаспадарцы ўпраўляўся: араў соткі, калоў дровы. Дзень гаспадарыў, а на ноч назад у Віцебск вяртаўся. Адсыпаўся ў цягніку, а адпачываў на занятках.   

Пасля вучобы мы з Людмілай намерваліся вяртацца толькі дамоў. Тым больш што ў Шаркаўшчынскай райбальніцы патрэбен быў рэаніматолаг. У мяне ўпарты характар, калі што надумаў, ніхто не пераканае. Інтэрнатуру прайшоў у Наваполацку, дзе адначасова ўладкаваўся на станцыю хуткай дапамогі. Шэсць гадоў крочыў да сваёй мэты стаць урачом і вельмі даражу дыпломам. Да нас прыязджаюць маладыя спецыялісты, і некаторыя адразу просяць адмацаванне. Свой дыплом не цэняць. Такім у медыцыне няма чаго рабіць. Імкнуцца да вялікіх грошай у фірмах па рэалізацыі медпрэпаратаў. Губляюць прафесіяналізм, ляцяць у горад і там раствараюцца. Атрымліваецца, што выпускаюць тысячы спецыялістаў, а на месцы іх не стае. У медыцыне застаюцца тыя, для каго галоўнае — маральныя прынцыпы клятвы Гіпакрата, дзе ў прыватнасці сказана, «...у які б дом я не ўвайшоў, я ўвайду туды дзеля карысці хворага».

— Калі вас прызначалі галоўным урачом раённай бальніцы, не хваляваліся, што згубіце навыкі спецыялізацыі?

— Да гэтага я працаваў ужо начмедам і ўрачом заставаўся. У вялікай клініцы кіраўнік займаецца толькі адміністраваннем, а я маю магчымасць працягваць лячэбную справу. Асабіста курырую цяжкахворых у рэанімацыі. Імкнуся не адысці ад практычнай медыцыны. Інакш навошта было вучыцца... 

Нашы пацыенты ніяк не могуць прызвычаіцца да цудоўных умоў новай бальніцы. Раней і не чулі пра водалячэбніцу, не бачылі лячэбных ванн. Асвойваюць новыя віды працэдур. Дзейнічаюць у нас кабінеты масажу, прыстасаванне для выцягвання спіны і выроўнівання яе, ёсць парафінатэрапія для людзей сталага ўзросту.

— Абноўленая бальніца адрозніваецца ад суседніх?

— Бытавымі ўмовамі і разнастайнасцю метадаў лячэння. З пацыентамі пастаянна гутару пра здаровы лад жыцця. Арганізавалі школу здароўя. Развіваем валеалогію. Тыя, хто любіць зазірнуць у чарку, пабойваюцца мяне. Выцягваем іх з бутэлечнага дна, імкнёмся дапамагчы. Тэстатэрапію праводзіць урач-псіхатэрапеўт. Біч сённяшняй вёскі — алкаголь. Па тэстатэрапіі працуем трэці год. Едуць да нас за вопытам з суседніх раёнаў.

Рэгулярна праводзім комплексны агляд працаздольнага насельніцтва з удзелам розных спецыялістаў. Дыягностыка дазваляе на ранняй стадыі выяўляць захворванні. Найбольш складаныя пытанні па дыягностыцы вырашаем з удзелам вузкіх спецыялістаў абласнога дыягнастычнага цэнтра, куды пацыентаў адвозім сваім транспартам. Імкнёмся максімальна падтрымліваць здароўе хранічнаых хворых, каб не атрымалі інваліднасць, а мелі магчымасць працаваць. 

— Станіслаў Тадэвушавіч, пра што вы марыце?

— Кажуць, што кожны чалавек з пэўнага сузор’я. Я не рамантык, а прагматык. І пра планы лепш памаўчу, каб была большая верагоднасць іх здзяйснення.

— Што параілі б міністру аховы здароўя ў першую чаргу?

— Нічога не ламаць у сістэме аховы здароўя. Атрымліваецца, што пастаянна нешта перабудоўваем, перайначваем. 

— Вам і зараз паступаюць самыя розныя заманлівыя прапановы з медустаноў. Што вас трымае на Шаркаўшчыне?

— Мая любімая жонка Людміла і медыцына.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter