Народныя жыццявінкі

Ці вінаваты хмары?

Селянін Мікола па дарозе з горада стаміўся, захацеў есці і вырашыў зайсці ў адну з хат, якая яму спадабалася па знешнім выглядзе: мо, дадуць вады напіцца, запросяць паабедаць. Зайшоў, чакае. Прайшла амаль гадзіна, а гаспадыня ўсё корміць яго аднымі размовамі. Але Мікола ад прыроды быў чалавекам упартым, вырашыў сядзець да пераможнага канца.

Гаспадыня бачыць, што госць нікуды не спяшаецца, выглянула ў акно дый кажа:

— Хмары вялізныя збіраюцца, будзе вялікі дождж, размые ўсе дарогі — і вы не зможаце дабрацца дадому, калі не пойдзеце зараз.

Мікола з усмешкай таксама паглядзеў на неба дый кажа:

— Веру вам... Размые ўсе дарогі. У такое надвор’е наогул нельга выходзіць з хаты. Давядзецца ў вашай хаце перачакаць непагадзь...

Гаспадыня стала злоснай, як хмара.

Дзіўнае малако

Неяк жабраку-вандроўніку Ігнату сквапная гаспадыня паставіла на стол малочны суп, які быў амаль што з адной вады. Гаспадыня спадзявалася, што госць на падпітку і нічога не заўважыць. А той, паспрабаваўшы, пытаецца:

— Дождж у вас калі быў?

— Нядаўна прайшоў, — адказала гаспадыня.

— Яно і бачна, такі быў моцны дождж, што нават у каровы спіна працякла і вада ў малако патрапіла...

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter