“Народныя” нам не патрэбны?

Ці варта рэаніміраваць ганаровыя званні
Дваццаць гадоў таму, у 1995-м, Іван Навуменка стаў народным пісьменнікам Беларусі. З таго часу гэта пачэснае званне не прысуджалася нікому. Спачатку “ігнараванне” выклікала ў пісьменніцкіх колах крыўду. Але пазней звыкліся. Калі ўявіць, што заўтра СМІ перададуць навіну пра творцу, уганараванага такім званнем, яна выкліча, хутчэй, здзіўленне, чым засмучэнне або радасць.

Першым народным паэтам Беларусі стаў Янка Купала —
гэтага ганаровага звання ён быў удастоены ў 1925 годзе, а ў наступным годзе
ў такі ж ранг быў узведзены Якуб Колас.

Не сакрэт, што ганаровыя званні “народны” і “заслужаны” — класічны савецкі атавізм. Ён будаваў унутрымастацкую іерархію і набліжаў творцаў да матэрыяльных даброт. Але адначасова “прывязваў” мастакоў да дзяржавы (бо толькі яна магла прысуджаць такія званні). Нядзіўна, што статус народных мелі як жывыя класікі (Мележ і Быкаў), так і пісьменнікі, чые творы засталіся ў сваім часе (Броўка і Лынькоў). А вось заходні свет быў да такіх традыцый абыякавы. Крытэрыямі для прызнання там з’яўляліся водгукі мастацтвазнаўцаў і адначасова камерцыйны поспех. Таму Марк Шагал не стаў народным мастаком Францыі, а Мадонна — народнай артысткай ЗША.

Пасля распаду Савецкага Саюза ўзнікла праблема: што рабіць з ганаровымі званнямі? Большасць творцаў выказваліся за тое, каб іх пакінуць. Прычыны былі дзве: матэрыяльныя прывілеі (хто ведаў, што ў постсавецкую эпоху званне не будзе прыносіць такіх дывідэнтаў, як раней?) і пачуццё “зайздрасці” (маўляў, калі Іваноў стаў народным, чым я горшы?). Але вось парадокс: з пачатку 1990-х мастакі і акцёры досыць рэгулярна атрымліваюць ганаровыя званні, пісьменнікі — не. І такі стан рэчаў успрымаецца як цалкам нармальны.

Спачатку колькі слоў пра мастакоў. У параўнанні з пісьменнікамі і акцёрамі яны найбольш прыстасаваліся да рыначных адносін. Згадзіцеся, ганаровае званне наўрад ці паўплывае на продаж твораў калекцыянерам або на ўдзел у замежным пленэры. Магу памыляцца, але званне народнага мастака ўжо даўно не адыгрывае ранейшай ролі. Магчыма, з часам яно знікне само сабой.

Зусім іншая сітуацыя з акцёрамі. На жаль, за апошнія гады айчынны тэатр замкнуўся ўнутры Беларусі (што асабліва бачна ў параўнанні з іншымі відамі мастацтва). Хіба толькі лялечныя калектывы рэгулярна выступаюць на міжнародных фестывалях. Адпаведна, калі ў нашым тэатральным свеце існуе іерархія, дык яна выключна ўнутрыбеларуская. Не будзем забывацца, што пэўны спектакль, а таксама артыста ў ім можна ўбачыць толькі тут і цяпер (тады як карціну можна ўбачыць, а кнігу — прачытаць праз гады пасля іх стварэння). У якасці маральнай сатысфакцыі ганаровыя званні ідэальна падыходзяць для акцёраў. Праўда, было б нядрэнна, каб увага звярталася на ўсе калектывы! Асабіста я ганаруся ўсімі зоркамі Опернага, якія сталі заслужанымі або народнымі артыстамі. Але ёсць жа Лялечны, ТЮГ, Музычны, дзе ўзнагарод не бачылі гадамі (або прыклады ўручэння адзінкавыя).

А вось літаратарам адсутнасць званняў пайшла толькі на карысць. Перш за ўсё, катэгорыі “народны пісьменнік” або “народны паэт” засталіся ў савецкай эпосе. Бо нават пік творчасці пісьменнікаў, уганараваных пасля 1991 года, усё роўна прыйшоўся на савецкія часы (Рыгор Барадулін — выключэнне з правілаў). Зразумела, у сучаснай беларускай літаратуры хапае асоб, вартых падобнага звання. Але вы ўяўляеце словазлучэнне “народны пісьменнік Андрэй Федарэнка”? Я — не. Нават улічваючы, што месца ў пантэоне гэтаму творцу ўжо гарантавана. Бо эпоха цяпер зусім іншая.

Яшчэ адзін важкі аргумент — у грамадскім прызнанні творцаў. Савецкі пісьменнік атрымліваў статус народнага ў якасці прызнання за ўсё зробленае. Ён пераходзіў у статус алімпійца, крытыка якога не віталася. Куды больш гнуткай і дзейснай з’яўляецца сістэма літаратурных прэмій, якая (зразумела, у ідэале) ацэньвае пэўны твор або кнігу. Нездарма за апошнія дзесяцігоддзі з’явілася каля двух дзясяткаў прэмій (як дзяржаўных, так і прыватных). Так, іх матэрыяльны эквівалент непазбежна саступае дабротам, якія мелі народныя пісьменнікі за савецкім часам. Магчыма, з часам сітуацыю выправяць мецэнаты. Але тое, што беларуская літаратура адышла ад савецкіх звычаяў, сведчыць: курс для развіцця выбраны правільны.

Дзяніс Марціновіч

denis.martsinovich@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter