«З дрэва, гліны і металу» — так называецца выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая адкрылася ўчора ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Вернісаж арганізаваны Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці пры падтрымцы Міністэрства культуры. На выставе прадстаўлены творы трох мастакоў — сяброў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці — Андрэя Мяцельскага, Генадзя Савоня, Аляксандра Паўлава.
Андрэй Мяцельскі — майстра мастацкай керамікі, натхняецца старадаўнім ганчарным мастацтвам Беларусі. Яго керамічныя формы заснаваны на традыцыйнай міфалогіі, а ўлюбёныя тэхнікі — дымленне і вашчэнне. Генадзь Савонь — каваль, работы якога заўсёды вылучаюцца майстэрствам і адметным пачуццём гумару. А вось асноўныя тэмы твораў Аляксандра Паўлава, майстра чаканкi, — ваенна-гiстарычныя і рэлiгiйныя сюжэты.
Усе работы выкананы з непадобных матэрыялаў і ў розных тэхніках — мастацкая кераміка, чаканка і ліццё, а таксама разьба па дрэве. І ўсё ж гэтыя мастацкія творы аб’ядноўвае выкарыстанне традыцыйных матэрыялаў. Яны спрадвеку ўжываліся на Беларусі, бытавалі ў вёсках.
Паглядзець на рукатворныя вырабы, надзеленыя чароўнай непасрэднасцю і самабытным хараством, можна да пятага снежня.
Таццяна УСКОВА, “БН”