Народны

Васілю Быкаву сёння споўнілася б 85 год... Яшчэ шэсць год таму ён быў з намі, на тутэйшай зямлі, а цяпер — у лепшым свеце. Тут засталіся толькі ягоныя творы і памяць пра Васіля Уладзіміравіча — тых тысяч людзей, якія мелі шчасце з ім бачыцца, гаварыць, і тых мільёнаў, якія знаёміліся з пісьменнікам праз кнігі.

Пісьменнік не глядзеў на народ згары, як прарок (хаця такім яго многія называлі і пры жыцці і пасля смерці), ён не клікаў ні ў светлую будучыню, ні ў “залатыя вякі” мінулага. Васіль Уладзіміравіч агучваў тое, што баліць кожнаму беларусу. Гаварыў пра самую галоўную трагедыю ХХ стагоддзя — страшнае ліхалецце 1941—1945 гадоў. Пісаў пра народную вайну — народную праўду: не тое, што было прыдумана пасля партыйнымі гісторыкамі і ідэолагамі, а тое, што бачыў і перажываў сам, што пачуў ад людзей. І народным пісьменнікам быў не толькі паводле звання, заслужана нададзенага ў 1980 годзе, а такім быў прызнаны людзьмі, чытачамі.


Жывы класік


Праз год ці два пасля таго, як не стала Васіля Уладзіміравіча, неяк давялося трапіць у незвычайную вандроўку ва Ушацкі раён — у родныя мясціны класіка. Аўтобус вёз з Мінска ў Бычкі — вёску, дзе нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч. Глухая гэта мясціна — сорак кіламетраў ад райцэнтра. І людзей тут усё менш становіцца. Я тады яшчэ падумаў: з якой жа глыбінкі выйшаў чалавек, па якім увесь культурны свет сёння пазнае Беларусь!
Стоячы ў задуменні, раптам пачуў побач замежную гаворку, а потым тыя, што размаўлялі, нешта сказалі па-руску. Я абярнуўся: стаяла маладая пара з падлеткамі, усе выглядалі на заходні манер. Я пацікавіўся, адкуль яны: мо турысты — тады была б выдатная журналісцкая знаходка. Спадар прадставіўся: Стэфан Эрыксан, консул каралеўства Швецыя ў Мінску. Цяпер пан Эрыксан — паўнамоцны пасол скандынаўскай краіны ў нашай дзяржаве. І гаворыць свабодна па-беларуску. А ў Бычкі ён прыехаў тады невыпадкова: адсюль пачынаў знаёміцца з Беларуссю, на творах Быкава вучыўся мове...
Помню, і ў мяне адной з першых кніг, прачытаных на роднай мове, быў быкаўскі “Абеліск”, з серыі “Школьная бібліятэка”. З той пары калі дзе каля дарогі ўбачу помнік з зоркай — адразу згадваю Быкава. Бо слова “абеліск” трывала ўвайшло ў свядомасць як сінонім імя пісьменніка.
Пасля прачытання “Знака бяды”, у класе дзесятым ці адзінаццатым, мяне наведала ідэя запрасіць самога аўтара ў школу. Не памятаю ўжо, дзе дастаў хатні тэлефон Васіля Уладзіміравіча, але пазваніць і спытацца, ці гэта сапраўды са мной гаворыць Ён, я доўга не адважваўся. Здавалася, што на тым канцы провада адкажа хтосьці з Алімпа. А падняў трубку звычайны чалавек. Ён адразу папрасіў выбачэння, што хутчэй за ўсё не зможа прыйсці на сустрэчу з чытачамі, бо не надта добра пачуваецца. Але я насмеліўся і перапытаў: “Мо калі я праз тыдзень пазваню, вы будзеце не супраць да нас завітаць — натуральна, калі дасць Бог здароўя?” На шчасце, пасля некалькіх такіх спроб угаварыць пісьменніка я здолеў зладзіць спатканне з ім у школе.
На жаль, Быкаў быў сапраўды сур’ёзна хворы — праз пяць гадоў пасля той сустрэчы яго не стала. А неўзабаве пасля школьнага знаёмства Васіль Уладзіміравіч з’едзе на лячэнне за мяжу...
Калі 22 чэрвеня 2003 года, у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прыйдзе вестка пра смерць пісьменніка, я не пашкадую, што тады, у школе, не паспеў узяць у яго аўтограф. Не гэта істотна. Істотная сама сустрэча, жывая размова.


Генерал літаратуры


Пафас быў яму чужы. Ён не “прапагандаваў” патрыятызм. Ну як жа можна не любіць Радзіму? Такога пытання ў творах Быкава і паўстаць не магло. Любіць бацькаўшчыну — гэта значыць абараняць яе, як рабілі салдаты ў класічных творах Васіля Уладзіміравіча, араць сваю зямлю, сеяць, жаць, як рабілі героі “Знака бяды”.
У Быкава не паўставала карціна ідэальнай вайны, дзе вораг — фрыц, а “наш” — рускі, і рускі перамагае. У пісьменніка ўсё закручвалася ў складаную спіраль міжчалавечых дачыненняў, дзе перамагае неабавязкова станоўчы герой. Адзін з цэнзараў галоўліта так адгукнуўся пра аповесць “Круглянскі мост”: “Пададзеная аўтарам сітуацыя прыводзіць чытача да высновы: зло так і застаецца беспакараным, церпіць невінаваты чалавек — гэткае жыццё, і нічога ў ім не зменіш”.
Але ж так часта і бывае... Між тым Эрых Марыя Рэмарк казаў: “Розум дадзены чалавеку, каб ён зразумеў: жыць адным розумам нельга. Людзі жывуць пачуццямі, а для пачуццяў няма розніцы, чыя рацыя”. Быкава нярэдка параўноўвалі з Рэмаркам: яны абодва давалі волю эмоцыям там, дзе трэба было кіравацца толькі здаровым сэнсам. Таму героі пісьменнікаў паводзяць сябе нестандартна, не так, “як трэба”, а так, як атрымліваецца ў рэальным жыцці: па закону выпадку і ўдачы.
Нічога дзіўнага: Быкаў не быў матэматыкам, ён перад вайной паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча і да канца дзён не кідаў захаплення графікай. А ў тое, што яго прызванне — быць пісьменнікам, доўга не верыў. Сумняваўся.
“Сумняваецца той, хто мысліць”, — сцвярджаў антычны філосаф. Мо таму Быкаў кінуў вайсковую справу на карысць пісьменніцкай. Салдат не думае. Дакладней, не павінен думаць. Але Васіль Уладзіміравіч усё ж стаў генералам — у літаратуры. Ён адзіны з нашых класікаў, каго чытаюць тысячы людзей не толькі на радзіме і не толькі па школьнай праграме, хай сабе найчасцей у перакладах на рускую мову.


“Если буду живой, буду писать”


Усе, мабыць, ведаюць, што самога 19-гадовага Быкава пахавалі жывым, даслаўшы бацькам паведамленне з Украінскага фронту: маўляў, сын загінуў смерцю храбрых пад Кіраваградам. А пасля Васіль напісаў у родныя Бычкі: “Не знаю, живы ли Вы и как Вы живете. Я пока жив. Воюю. Сейчас направляюсь на фронт из госпиталя. От родных мест дал...” Ліст абрываецца. Захавалася толькі прыпіска: “Освобождаю Украину. Больше ничего не сообщаю, но, если буду живой, буду писать”.
Выжыў — і напісаў! Але спадчына пісьменніка дагэтуль цалкам не сабрана і не выдадзена. Кажуць, незадоўга да смерці Быкаў нават спецыяльна знішчыў многія свае лісты, дакументы. Маўляў, каму яно трэба, гэта было маё, асабістае, а нашчадкі хай чытаюць кнігі, а не пісьмы. Васіль Уладзіміравіч разумеў, што публіцы толькі і хочацца даведацца, чаго ж не сказаў ён пры жыцці і што нарэшце раскажуць лісты... А пісьменнік быў шчыры з сабой і народам: усё, што думаў, прагаварыў у свой час, і нічога “асаблівага” ў пісьмах дагэтуль не знойдзена...
Той жа ліст з фронту знайшоў адзін з будаўнікоў, што рамантавалі дом Быкава ў Бычках. К першай гадавіне з дня смерці класіка хату мясцовыя ўлады паднавілі і адкрылі тут дзяржаўны музей. Пісьмо рабочы перадаў захавальніцы музея, братавай пісьменніка Антаніне Быкавай, толькі праз год — столькі вазіў у машыне, пакуль не ўспомніў пра каштоўную паперу.
Родную хату Васіля Уладзіміравіча, праўда, амаль цалкам давялося складваць нанова. Валянціна Быкава, яшчэ жывая сястра класіка, расказвала, што хату пабудаваў іх бацька ў 1933 годзе, у вайну дом ацалеў, але апошнія трыццаць год стаяў пусты. Пасля правалілася столь... Давялося аднаўляць святое для беларусаў месца з нуля: з арыгінальных рэчаў захаваліся толькі засланка печы, дзвярныя металічныя ручкі, дзве лавы, абраз. Старой хаты, што не датрывала да музеефікацыі, спадарыні Валянціне шкада, але ж: “Новая гэткая красівая. Я, як пабачыла першы раз, дык не пазнала — як царкоўка стаіць, беленькая, гладзенькая!”
Новую хату прызналі і ластаўкі. Звілі сабе гняздо на вільчыку. Кажуць, дзе ластаўкі — там і шчасце. Шчасце — жыць на зямлі, якая дала свету вялікага Васіля і чытаць яго творы на мове арыгіналу — на роднай мове.

К 85-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама:

— Сёння ў раёне праходзіць свята паэзіі, прымеркаванае к 85-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава і 65-годдзю вызвалення Беларусі. Апрача галоўнага мерапрыемства ва Ушачах, госці свята наведаюць родныя мясціны літаратараў, якія паходзяць з нашага краю: музей Петруся Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічы, вёску Старына, дзе 80 год таму з’явілася на свет Еўдакія Лось. І, вядома, галоўны пункт праграмы — Бычкі. Тут хату Васіля Быкава глядзіць Антаніна Быкава, адна з васьмі жыхароў Бычкоў. Ёй ужо 72 гады, але спадкаемца пісьменніка адчыняе музей кожнаму, хто пастукае ў яе дзверы. Дом спадарыні Антаніны стаіць побач з хатай Васіля Уладзіміравіча і пазнаць яго лёгка — па буслянцы.
— Як праехаць у Бычкі з Ушачаў?
— З райцэнтра ходзіць аўтобус да вёскі Кублічы, але адтуль трэба прайсці яшчэ два кіламетры. Праўда, сёння пятніца, і аўтобус ідзе прама на радзіму Быкава, простым рэйсам сюды можна дабрацца таксама ў ня-дзелю. Але зручней за ўсё заказаць экскурсію — ва Ушачах або ў Полацку.

 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter